Многія кнігі пісьменнікі пішуць у першую чаргу для сябе. А потым ужо вырашаюць, ці варта іх друкаваць. Менавіта так лічыць беларускі кнігавыдавец, паэт, празаік і мастак Зміцер Вішнёў. Так ён разважаў і працуючы над сваёй новай кнігай. Антыраман «Калі прыгледзецца - Марс сіні», які выйшаў летась у выдавецтве «Янушкевіч», выклікаў цікаўнасць у чытачоў і нават увайшоў у топ-5 прэміі «Кніга году 2018». Безумоўна, творчасць немагчымая без натхнення. Менавіта ў месцах яго натхнення мы і пабывалі з літаратарам.
Зміцер Вішнёў: «Сюды завітваюць вядомыя літаратары і графаманы, кнігі тут размаўляюць і спрачаюцца паміж сабой, а яшчэ жыве маленькая свінка-партызанка, якая грызе няздарныя кнігі...»
ВАЛГАГРАДСКАЯ: «БАРАЦЬБА ЗА КНІГАРНЮ ПАДШТУРХНУЛА ДА НАПІСАННЯ АНТЫРАМАНА»
- Больш за дванаццаць гадоў таму былыя «бум-бам-літаўцы» - я і паэт Міхась Башура - заснавалі выдавецтва «Галіяфы». Такая зкзатычная назва ўзнікла не на пустым месцы. Літаратурны рух «Бум-Бам-Літ» распрацоўваў розныя літаратурныя кірункі, адным з якіх быў «афрыканізм», а галіяфы - гэта самыя буйныя жукі, якія жывуць у Афрыцы. Вось так і ўзнікла гэтая экстравагантная назва. Нас увесь час звязваюць то з біблейскім Галіяфам, то з жабай-галіяфам (смяецца). Даводзіцца тлумачыць.
Праз некалькі гадоў пасля заснавання «Галіяфаў» мы адкрылі і першую аднайменную кнігарню, якая знаходзілася на вуліцы Валгаградскай. Спадзяваліся, што ў гэтым месцы мы будзем папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру. Але ўсяго праз два з паловай месяцы нас закрылі (з-за пэўных парушэнняў пазбавілі гандлёвага статусу ўвесь будынак, дзе мы месціліся). Я б сказаў, што знікла крама вельмі гучна і з грукатам. Пра тыя падзеі шмат пісалі ў СМІ. Магчыма, нас зачынілі праз прэзентацыю кнігі «Вяртанне нацыяналіста» дырэкатара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
Пасля закрыцця кнігарні былі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. У кнігарню былі ўкладзеныя вялікія грошы - мы спадзяваліся, што будзем на Валагаградскай доўга, бо мелі дамову арэнды на тры гады. Пэўны час нас яшчэ і не пускалі на беларускія кніжныя кірмашы.
Але гэта ўжо ў мінулым. Потым кнігарня «Галіяфы» была ў Траецкім прадмесці на вуліцы Старавіленскай. Там працавалі даволі доўга, праводзілі шмат літаратурных імпрэзаў і нават ладзілі мастацкія выставы і канцэрты. Але занадта высокі кошт арэнды прымусіў нас зноў шукаць новае месца. Такім чынам, пераехалі ў гандлёвы цэнтр на Нямізе, 3. Цяпер тут дзейнічае маленькая кнігарня. Утульная кніжная атмасфера захоўваецца, але, на жаль, для «тусовачнасці» тут замала месца.
І менавіта ўся гэтая мітусня вакол кнігарняў і стала падмуркам для антырамана «Калі прыгледзецца - Марс сіні». Асноўнае дзеянне кнігі адбываецца ў кнігарні, якая месціцца на абшарах былога вайсковага завода. Нашая кнігарня на Валгаградскай знаходзілася менавіта на такім заводзе, карпусы якога нагадвалі вялікага мёртвага робата. У антырамане кнігарня называецца «Марс». Для нас Марс у пэўным сэнсе, - нешта недасяжнае, далёкае, касмічнае. Кнігарня «Галіяфы» спецыялізуецца на беларускамоўнай літаратуры, дык вось для многіх, як мне здаецца, гэта таксама нібыта нешта касмічнае і незразумелае, сапраўды марсіанскае, для некаторых нават мёртвае. І мы спрабуем ажыўляць літаратурны працэс.
Адзін з галоўных герояў майго антырамана - дырэктар кнігарні. Вельмі спадзяюся, што я на яго не падобны (смяецца). Ён былы электрык, якога трынаццаць разоў ледзь не забіла токам. Паэтам аніколі не быў, а вось паэзію любіў і таму вырашыў пайсці ў кнігагандлёвую сферу. Кнігарня «Марс» у антырамане - гэта свайго кшталту Бермудскі трохкутнік, дзе адбываюцца неверагодныя падзеі, куды завітваюць вядомыя літаратары і графаманы, кнігі тут размаўляюць і спрачаюцца паміж сабой, а яшчэ жыве маленькая свінка-партызанка, якая грызе няздарныя кнігі... У кнізе шмат гумару і самаіроніі, хуліганства. У «Галіяфах» таксама ёсць пэўная таямніца…
МОСТ ЛЯ ІНСТЫТУТА КУЛЬТУРЫ: «ТУТ У СПЁКУ ЗАЎСЁДЫ ПІСАЛІСЯ ВЕРШЫ»
- Што датычыцца любімых месцаў у Мінску, то раней іх ў мяне было болей. Горад імкліва змяняецца, і часам не ў лепшы бок. На жаль, шмат культавых месцаў знікае. Згадваюцца крама «Рыба» насупраць філфаку на вуліцы Карла Маркса, кінатэатр «Змена», цяпер вось кнігарня «Логвінаў» на плошчы Перамогі. Традыцыя захавання лепшага ў нас нейкая няўстойлівая. Кавярні і рэстарацыі вырастаюць як грыбы і гэтак жа імкліва знікаюць.
Тыя ж немцы беражліва ставяцца да памятных месцаў. Напрыклад, мастацкі дом Tacheles, які месціўся ў цэнтры Берліна, узнік спантанна пасля аб’яднання Нямеччыны - мастакі захапілі будынак былога універсама. І толькі некалькі гадоў таму іх адтуль выселілі. Дык цяпер ідуць размовы, каб Tacheles адрадзіць, толькі ў новым статусе. Бо важна культурная пераемнасць.
Нягледзячы на імклівыя перамены, часам да непазнавальнасці, Мінск застаецца горадам шырокіх прыгожых праспектаў. І гэтая ягоная асаблівасць бачная ў мастах, таксама шырокіх і вялікіх. Часам мы нават не звяртаем на іх увагі. Адзін з такіх мастоў узвышаецца ад Інстытута культуры ў бок вуліцы Брылеўскай, дзе я жыў больш за дзесяць гадоў. Я любіў шпацыраваць праз гэты мост. У страшэнную спёку тут пісаліся вершы. Мост мне заўсёды падабаўся. Таму невыпадкова ў рамане «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў», які выйшаў у 2002г. у выдавецтве «Логвінаў», я пачынаю аповед з гэтага месца.
Андрэй Хадановіч неяк ахарактарызаваў гэты твор як паэму. І ён меў рацыю. На той момант мне былі цікавыя такія паэтычныя эксперыменты. Я адразу згадваю Андрэя Белага, які рыфмаваў канчаткі радкоў у прозе. І мне тады была важна менавіта такая літаратурная гульня. Я рыфмаваў цэлыя фрагменты, сказы.
Дарэчы, што тычыцца назвы «Трап для сусліка»… Так, я ўвогуле люблю правакаваць чытача. І гэта не правакацыя дзеля правакацыі, а правакацыя як элемент у кантэксце важнага. Суслікі ў гэтым творы - розныя злодзеі, чынавенства і няздарныя асобы.
Дзеянне рамана завязваецца з маста, і потым гэты мост не адпускае, ён цягнецца за чытачом накшталт ланцуга. Здаецца, што ты ўжо недзе ў іншым месцы… а пах, вецер, скрыгат машын застаецца. Такі міраж. Я не пішу аўтабіягрфічных кніг. Тым не менш упэўнены, што мастацкая проза без жыццёвага досведу будзе бляклай і нуднай.
На вокладцы рамана «Трап для сусліка» змешчаная мая карціна. Жывапіс заўсёды ідзе побач з прыгожым пісьменствам. Цяпер я актыўна працую над новай серыяй «Мілітарысцкія вусякі». Мой улюбёны фармат для жывапі-су - 163х163см. На маіх палотнах вусякі выступаюць у якасці іерогліфаў. Спадзяюся, што ўвосені буду гатовы да персанальнай выставы. Магчыма, выстава будзе не ў Мінску, а ў Гродна. Такая прапанова ёсць.
На самой справе ўжо ў другім класе я дакладна ведаў, што буду літаратарам і мастаком. Захапляўся чытаннем кніг і вельмі любіў разглядваць карціны мастакоў на паштовых марках. Ужо тады я запісваў нейкія неверагодныя гісторыі і маляваў бясконцыя атрады вайскоўцаў. Былі такія дзіўныя захапленні. Памятаю адзін са сваіх першых літаратурных твораў, які меў гучную назву «Ограбление». У гэтым апавяданні я тады апісаў знешнасць выпадковых мужчын, якія круціліся побач з нашым домам, а потым высветлілася, што гэтыя людзі абрабавалі суседзяў. Маё апавяданне тады дапамагло на судзе - не пашанцавала злодзеям, нарваліся на будучага пісьменніка. У трэцім класе прасіў бацькоў аддаць мяне ў мастацкую школу, але неяк не атрымалася - мы былі ў пастаянных раз’ездах. Потым, ужо ў свядомым узросце, я браў урокі жывапісу ў мастака Уладзіміра Акулава. І я дагэтуль яму ўдзячны за творчую падтрымку. Першая мая кніга з фантастычнымі апавяданнямі выйшла па-руску, калі мне было 16 гадоў. Другая - раман накладам 10 тыс. асобні-
каў - у 18 гадоў, і я тады атрымаў першы сапраўдны ганарар. Як цяпер памятаю, набыў сабе гарнітур, кашулю і абутак. Тады для мяне гэта было сапраўдным святам. Цяпер мне за гэтыя кніжкі трошкі няёмка, хочацца іх перарабіць. Першая сур’ёзная публікацыя па-беларуску адбылася ў 1993г. - у часопісе «Першацвет» надрукавалі маё фэнтэзі. Здаецца, што да мяне аніхто ў беларускай літаратуры фэнтэзі не друкаваў.
Цяпер пішу новую кнігу. Якой яна будзе, я пакуль не ведаю. Спадзяюся, што яна будзе нечым для мяне новым. Ведаю дакладна, што там застанецца адзін з герояў майго антырамана «Калі прыгледзецца - Марс сіні» - капітан Барада.
Юлія Гунашвілі, "Белгазета",
фота Аляксандры Зотавай