Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе з 7 па 11 верасня

III Фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе з 7 па 11 верасня, паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай працы – начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталля Задзяркоўская.

У мерапрыемствах фестывалю, якія пройдуць у Мінску і аграгарадках Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, прымуць удзел прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў беларускіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, з 19 краін: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі , Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Усяго больш за 200 беларусаў замежжа прыбудуць у Мінск.

Як падкрэсліла Наталля Задзяркоўская, цікавасць да фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які праходзіць раз на 3 гады, пастаянна расце. У першым фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі з 11 краін, у другім - 18.

Праграма фестывалю сфармавана з улікам юбілейных дат: 950-годдзя з дня заснавання беларускай сталіцы, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ужо сёння ўвечары госці Беларусі прымуць удзел у прэзентацыі ў Нацыянальным гістарычным музеі праскага выдання Бібліі Францыска Скарыны 1517 года. Гэтая кніга захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Яе прывезлі ў Мінск спецыяльна для выставы "Беларусь: адраджэнне духоўнасці".

Праграма дня 8 верасня пачнецца з адкрыцця раніцай знака "Беларусам замежжа" на Траецкай набярэжнай у сталіцы.

Творчая сустрэча пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з членамі грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" пройдзе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі падрыхтавана выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа. Экспазіцыю склалі творы мастакоў з 9 краін.

Фестываль адкрыецца ўвечары 8 верасня канцэртнай праграмай "З любоўю да роднай зямлі" ў Белдзяржфілармоніі. У суботу, у свята горада-юбіляра, 9 верасня, анансаваны канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці "Беларусы замежжа віншуюць сталіцу" на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы.

Канцэрты беларусаў свету ў рэгіёнах рэспублікі "Ты ў сэрцы маім, Беларусь" пройдуць 10 верасня.

Удзельнікі фестывалю таксама змогуць пазнаёміцца з беларускай сталіцай, падрыхтавана экскурсійная праграма, запланавана наведванне музеяў. Правядзенне фестывалю з'яўляецца чарговым крокам дзяржавы па падтрымцы беларускіх суайчыннікаў замежжа і развіццю ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння з грамадскімі аб'яднаннямі беларусаў свету, адзначыла Наталля Задзяркоўская.

Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, аблвыканкамы і Мінскі гарадскі выканкам, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў.

БелТА