Балады, якія нарадзіліся на бязмежжы жанраў, лучыць асоба аўтара — паэта і гісторыка, вандроўніка і археолага ўласнай душы. Так напісана ў анатацыі да кнігі «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» зборніка балад Уладзіміра Арлова («Кнігазбор», 2018).
Паэзія, гісторыя, вандроўкі — вось кароткая характарыстыка, якая вычарпальна раскрывае змест кнігі. Але пры гэтым застаецца яшчэ адзін пласт, які складана аднесці да зместу, але абсалютна немагчыма проста адкінуць. Можа, яго варта было б лічыць «душой аўтара». Апісаць яго гэтак жа складана, як і ў поўнай меры растлумачыць, што значыць «душа». Наколькі дазваляюць словы, апісаць гэта можна так: уся кніга — гэта бясконцае спляценне мінулага і сучаснасці, сапраўднага і магічнага, лучнасць аўтара з кожным, каго ён апісвае. Балады быццам будуюцца па законах магічнага рэалізму, свет у іх цалкам падуладны фантазіі аўтара, яго асабліваму погляду. Паэт быццам апранае свой погляд на вочы чытачу і выпраўляе яго ў дарогу.
Кожны з тэкстаў сапраўды ўяўляе сабой вандроўку. У пэўны горад, або ва ўласнае мінулае, або ў мінулае таго горада, у які прыязджае лірычны герой. Блуканні па вуліцах, у роздумах, у часе, блуканні погляду — аповед пераскоквае паміж прадметамі свайго апісання вольна і неўпарадкавана. Адсутнасць асноўных знакаў прыпынку — засталіся толькі эмацыянальныя — стварае ўражанне сапраўднай плыні свядомасці. Але пакуль лірычны герой паспявае заўважыць водбліскі на рыбнай лусцэ, згадаць жанчыну, з якой абдымаўся ў далёкім мінулым, выпіць пару келіхаў — разняволенае апавяданне магічным чынам складаецца ў сюжэт. Гэта магло б быць эмацыянальным і вобразным дарожным дзённікам, але заўважыць месца, у якім адбываецца дзеянне, у поўнай меры азнаёміцца з ім, нягледзячы на ўвагу аўтара да дэталяў, не атрымліваецца.
ты хацеў бы вучыцца
у Падуанскім універсітэце
тут яго называюць проста Бо
Бо тут вучыліся Везалій і тарквата таса
Бо тут праціралі штаны Капернік і Казанова
Бо ля паўднёвых сходаў
цябе сустракае Лукрэцыя Карнара
няхай бы засталася гераіняй
тваіх сноў і галюцынацый
Бо такі цёплы мармур
Бо такія жывыя блакітныя жылкі
Бо аголеныя плечы Лукрэцыі
хочацца пацалаваць ізноў
(яе доктарская ступень таксама натхняе)
Бо адной вельмі істотнай часткаю тваёй істоты
ты ўжо разумееш Пігмаліёна
Бо Тваё валадарства і сіла і слава
Вакол аўтара заўсёды шмат людзей. Ён апісвае іх падрабязна, называе іх па імёнах, у некаторых выпадках адзін чалавек мае некалькі імёнаў і няпроста разабраць, якое з іх сапраўднае, а якія асацыятыўныя. Часам і самі персанажы не зусім сапраўдныя: яны могуць быць прывідамі, фантазіямі, асацыяцыямі або ўнутранымі суразмоўнікамі героя.
Твор, які вылучаецца сярод усіх, — самы першы ў кнізе. Гэта полацкая балада «Кат Бальтазар» — адзіны тэкст, у якім аўтар прысутнічае як назіральнік, проста апісвае падзеі. І, адпаведна, сюжэт развіваецца стройна, не разгаліноўваецца, амаль не адступае ад асноўнай лініі. Усе астатнія балады вядуць аповед ад другой асобы, але апісваецца ўсё — ад першай. Уся кніга быццам пра тое, як аўтар бачыць свет. І чытач, як у камп’ютарнай гульні або артхаўсным фільме, ідзе не за персанажам, а разам з ім, глядзіць на ўсё яго вачыма. Вочы ў героя Арлова адмысловыя, ледзь не магічныя.
У іх змешваюцца плыні часу, сапраўднае і несапраўднае, быццам падсвядомасць падключае свой фільтр, і ў тое, што чалавек бачыць, дадаецца ўвесь спектр яго ведаў, асацыяцый і ўяўленняў. Тут паўстае Арлоў-гісторык, які дадае ў свой аповед гістарычных персанажаў, гістарычныя падзеі, звязаныя з пэўным месцам, згадвае імёны, звязвае лёсы сваіх герояў з гістарычнымі героямі. І гэта ўсё — на фоне ўжо згаданага змяшання часаў. Сучаснасць раптоўна выскоквае з-за вугла, калі чытачу здавалася, што ён чытае пра сярэднявечча, аўтар і Францыск Скарына адначасова ядуць абрыкосы на снеданне. Веданне гісторыі пашырае магчымасці фантазіі і...
Гвірабі вяртае ў іншы час
тады свой час ствараў ты сам
выдзьмуваў час
вясёлкавымі мыльнымі пухірамі
мелодыяй трысняговай дудачкі
трапяткой куляй на экскурсіі ў гуце
чамусьці ты думаў:
твой час нараджаецца ад твайго дыхання
для полацкага мальца зусім няблага
Каханне і палавыя адносіны займаюць нечакана значнае месца ў аповедах, быццам яны — неад’емная частка нават метафарычнага жыцця. Вакол іх часам будуецца сюжэт, часам яны прысутнічаюць ледзь заўважнымі намёкамі, але ва ўсім зборніку няма ніводнай балады, у якой не было б хоць бы адной жанчыны. Жаночая і мужчынская цялеснасць раскрываецца ў творах метафарычна, але канкрэтна, без двухсэнсоўнасці. Жаночая — значна больш падрабязна. Нават творчы працэс — авалоданне музай — падаецца праз метафару сексу. Духоўнае і цялеснае — яшчэ адна пара паняццяў, пераплеценых у баладах Арлова.
Паэзія займае асаблівае месца ў кнізе, прычым не толькі як замацаванне, афармленне думак у пэўны ўстойлівы стан. Яна прысутнічае як элемент сюжэту, як самаідэнтыфікацыя героя (яшчэ адно пытанне, наколькі ён лірычны). У тэкст час ад часу ўплятаюцца чужыя радкі, згадкі пра тэксты. Паэты таксама часта суправаджаюць героя — або як персанажы, або як успаміны.
У балканскай баладзе «Алека» паэзія прысутнічае своеасабліва. Аўтар апісвае стан творчага крызісу і наступнай сустрэчы з натхненнем.
чацвёрты дзень sine linea
затое са снегам
выходзіш з млына
пішаш на снезе дрэннае слова
табе падабаецца
яшчэ два дрэнныя словы
вось і першы радок
Людзі з прыгожымі імёнамі, цікавыя, часам стрэсавыя гісторыі, добрае або дрэннае віно, ежа, вандроўкі, паэзія і моманты, калі ўвесь свет раптам складваецца, як пазл, у правільную карціну. Нядрэнны фон і добрыя сродкі для «археалогіі ўласнай душы». У спалучэнні з паэтычным, метафарычным поглядам на свет і поўнай уключанасцю ў жыццё на ўсіх узроўнях, вынікамі такіх раскопак атрымліваюцца, прынамсі, цікавыя балады.