Таццяны Севярынец забралі 16 асобнікаў кнігі «Люблю Беларусь»

1 ліпеня ў Віцебску прайшла ператрусы ў віцебскіх актывістак Таццяны Севярынец, Людмілы Камінскай і Тамары Ільіной. Яны былі фігуранткамі так званай справы «лясных фей». Ператрусы праводзілі супрацоўнікі аддзялення па наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Чыгуначнага РАУС. У маці палітвязня Паўла Севярынца Таццяны забралі кнігі, бел-чырвона-белы парасон і некалькі нацыянальных сцяжкоў.

Як паведаміла Таццяна Севярынец, падставай для правядзення ператрусу была крымінальная справа, распачатая яшчэ летась  паводле «антынаркатычнага» арт. 328 супраць віцебскага актывіста Аляксандра Мацеюка. Галоўным у «ператрусавай» брыгадзе быў міліцыянт Ілья Іваноў.

«Прынеслі пастанову, што ў сувязі са справай Мацеюка трэба правесці ператрус у мяне, бо мы знаёмыя», – расказала Таццяна.

«Дзе што паказвала, дзе што казала, дзе сароміла, дзе здзекавалася над імі. Я кажу, вы спачатку пакажыце мне вашыя кішэні. Што вы прынеслі? А яны раз – і палезлі ў кішэні. Але спахапіліся, кажуць: не, мы вам не будзем паказваць. Я кажу, маўляў, ага, вы мне не будзеце паказваць, а я вам мушу паказаць усю хату па вось гэтай справе ганебнай?» – падзялілася дэталямі актывістка.

Падчас вобшуку, які рабілі тры міліцыянты, прысутнічалі двое панятых. Супрацоўнікі забралі з кватэры 16 кніжак «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца, а таксама кнігі іншых аўтараў, некалькі невялікіх бел-чырвона-белых сцяжкоў і парасон у бела-чырвоных колерах.

«Зайшлі ў пакой Пашы. Убачылі кніжкі. Я кажу, гэта кнігі майго сына, пакладзіце на месца. Супрацоўнік пайшоў тэлефанаваць. Потым прыйшоў і сказаў: забіраем. Яны забралі ўсе, бо кнігі – з бел-чырвона-белай вокладкай: чырвонымі літарамі «Люблю Беларусь» – на белым фоне», – распавяла Таццяна.

Ўсе канфіскаваныя рэчы супрацоўнікі МУС паклалі ў скрынку ад пасылкі, якую таксама знайшлі ў кватэры. Тую пасылку з харчамі даслалі для палітвязня неабыякавыя беларусы.

«Пытаюцца, ці чытала я гэтыя кнігі? Слухайце, кажу, калі б вы былі пісьменнікам, дык вашая мама чытала б вашыя кнігі ці не? Што вы мне такія пытанні задаяце?» – абураецца актывістка.

Цалкам магчыма, што супрацоўнікі сілавых структур прыходзілі, каб падкінуць наркотыкі, мяркуе Таццяна.

«Пяць чалавек па кватэры ходзяць. Дзе яны двума пальцамі ў якую шчыліну маглі засунуць, я не ведаю. Калі яшчэ раз прыйдуць і знойдуць – значыць пайду я па 328», – падсумавала Таццяна Севярынец.


Уладзімір Бяляўскі, „Віцебская Вясна“