Талерантнасць у БНР: яўрэі, палякі і рускія за адным сталом

Згодна з Першай устаўной граматай БНР, прынятай 21 лютага 1918 года, калі немцы акурат увайшлі ў Мінск, нацыянальныя меншасці ў краіне мусілі атрымаць максімум свабодаў: мова, школа, веравызнанне – усё максімальна дэмакратычна. Найперш, зразумела, гэта тычылася яўрэяў, палякаў ды расійцаў, у другую чаргу – літоўцаў, украінцаў, татараў і інш. Пра тэрытарыяльную аўтаномію гаворкі не ішло, але ў межах краіны – будзь кім хочаш, размаўляй на мове, якая табе блізкая.

Адным з народных сакратароў БНР нават стаў рускі Павел Злобін, адказны “за вялікарускія справы”. Што за справы меліся на ўвазе? Дакладна сказаць цяжка: ці гэта міжнародныя кантакты, ці справы рускіх унутры краіны, архівы маўчаць. Пазней эсэр Злобін выйшаў з Рады “на знак пратэсту” (сыходзіць модна было менавіта пад такім соусам), але экзатычны прэцэдэнт з “вялікарускімі справамі” застаўся ў гісторыі.

 

Сакратар беларус, намеснік – рускі…

Рада БНР і ў далейшым трымалася курсу на талерантнасць. Чаму? Бо прадстаўнічыя органы фармаваліся з асобаў, дэлегаваных арганізацыямі, партыямі, слаямі грамадства, якія на той час зазвычай былі “замацаваныя” за пэўнымі нацыянальнымі меншасцямі. Гараджане – яўрэі, землеўладальнікі ды інтэлігенцыя – палякі, вайскоўцы і купцы – рускія і г.д.

Была зацверджаная нават адпаведная структура кіраўніцтва Рады. Старшыня прэзідыума – беларус, але яго намеснікі – беларус, паляк і яўрэй. Сакратар прэзідыума – беларус, ягоны намеснік – рускі і г.д. То бок шматнацыянальнасць дзяржавы ад пачатку ўлічвалася яе “айцамі-заснавальнікамі”, а талерантнасць ставілася за аснову супрацы і паразумення ў краіне.

Калі ў красавіку 1918-га склад Рады БНР быў пашыраны да 80 чалавек, туды таксама трапіла вялікая колькасць “небеларусаў”. Калі вельмі груба і агульна, то можна казаць пра 10 яўрэяў, 15 палякаў, 5-7 рускіх – гэта паводле мінімальных падлікаў. У рэальнасці лічбы маглі быць іншымі, бо раднік мог ісці як прадстаўнік чыгуначнікаў або пошты, але па нацыянальнасці быць кім заўгодна.

 

Балаховіч і яўрэйскія пагромы

У звязцы з гісторыяй БНР тых гадоў звычайна згадваюць і гісторыю “пагромаў Балаховіча” падчас Палескага паходу. Ці былі тыя пагромы? Так, былі, польская выведка іх фіксуе. Іншая рэч, што…

  • “Бацька Балаховіч” караў абвінавачаных у забойствах і марадзёрстве ды спрабаваў падтрымліваць парадак. Тая ж польская выведка фіксуе і гэта.
  • Няма аніводнай арміі часоў Грамадзянскай вайны, якая б не займалася яўрэйскімі пагромамі (хіба толькі тыя, хто ваяваў на абшарах, не заселеных яўрэямі): галодныя салдаты рабавалі тых, у каго было што рабаваць, усё проста. Чырвоная армія, дарэчы, гэтым таксама “грашыла” – асабліва часткі Цімашэнкі і Будзённага.
  • Пры войску Балаховіча быў знакаміты “юдэн швадрон” – яўрэйскі эскадрон. І хай гэта была больш дэкларацыя намераў, чым рэальная вайсковая сіла, але факт застаецца фактам: армія “бацькі” не была збудаваная на антысемітызме.

Таму пагромы тут – фактар хутчэй побытава-сацыяльны, чым нацыянальна-рэлігійны.

 

Час талерантнасці і час “маналітных нацыяў”

Што маем у выніку? Ці сталася б БНР нацыянальна-талерантнай дзяржавай, калі б выстаяла ў 1918–1920-м і дажыла да ўмоўнага 1939–1940-га? Досвед іншых дзяржаваў, якія паўсталі на абломках Расійскай імперыі, паказвае дзве фазы іх развіцця ў нацыянальным плане:

1920-я – час агульнай талерантнасці і свабоды;

1930-я – час папулярнасці ідэяў “маналітнай нацыі” і ціск на нацменшасці.

Характэрны прыклад Латвіі, урад якой цалкам талераваў беларусаў, што пражывалі ў тым жа Дзвінску ў 1920-я, пасля пачаўшы ціск, рэпрэсіі ды арышты ў 1930-я. Менавіта ў Латвіі, да прыкладу, прайшоў працэс супраць беларусаў за дэманстрацыю мапы БНР, дзе мелі месца “тэрытарыяльныя прэтэнзіі” да латвійскай дзяржавы…

 

Адзіная дзяржава з узаконеным ідышам

Цікавы таксама кейс нацыянальнай талерантнасці ў БССР 1920–30-х, дзе мелі месца адразу чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, польская і ідыш. Так БССР стала адзінай у свеце краінай за ўсю гісторыю (!), дзе дзяржаўнай мовай быў прызнаны ідыш. Ні раней, ні пазней нічога падобнага нідзе не было.

Канечне, моўныя і нацыянальныя працэсы ў БССР – асобная тэма. Руская мова там непазбежна пашыралася, ідыш заставаўся стабільным ажно да Другой сусветнай, сфера ўжытку польскай скарачалася, а беларуская спачатку трыумфальна выбухнула, а пасля зноўку была выціснутая з ужытку.

Ці варта ў гэтым кантэксце казаць пра пераемнасць у плане нацыянальнай талерантнасці паміж БНР і БССР? І так, і не. З аднаго боку, такая палітыка была прадказальнай і адпавядала раннім тэзам савецкай улады – пры чым тут БНР? З іншага боку, праваднікамі гэтага курсу і ў БНР, і ў БССР былі людзі з той самай тусоўкі – дарэвалюцыйнай БСГ (“Грамады”). Ігнатоўскі, Чарвякоў, Жылуновіч у выпадку БССР, браты Луцкевічы, Іваноўскі ды іншыя ў выпадку БНР. Прынамсі, у гэтым пытанні, “айцы” абедзвюх рэспублік-пабрацімаў былі салідарнымі.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”