«Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца маім чацвераюрадным шэсць разоў прадзедам»

Ці ўзгадаеце вы імя сваёй прабабулі? А ці ведаеце, чым яна займалася, як склаўся яе лёс, якіх поглядаў яна прытрымлівалася? Не дзіўна, калі не. Складаныя сацыяльна-палітычныя абставіны напрацягу апошніх стагоддзяў на беларускіх землях прымусілі многіх саромецца сваіх продкаў, альбо ганарыцца імі моўчкі, каб не наклікаць небяспеку ў свой дом. Але гісторыя нашага героя, які займаецца даследаваннем радавода ўжо больш за дваццаць гадоў і ведае каля 11000 сваякоў, паказвае, што нават пры наяўнасці пэўных цяжкасцей можна даведацца пра сваіх продкаў, а разам з тым і пра сябе, вельмі шмат. Павал Хадзінскі распавёў нам пра тое, што падштурхнула яго да працы над радаводам яшчэ ў падлеткавым узросце і што ўтрымлівае яго цікавасць цяпер, а яшчэ пра тое, як пачаць працу над сямейным дрэвам амаль з нуля.


01-01_paval_hadzinski.jpg

Павал Хадзінскі


Пачну з пачатку. Зараз даволі складана дакладна аднавіць падзеі, але памятаю, як нам у школе далі заданне параспытваць у бабулі і дзядулі пра продкаў, якія бралі ўдзел у Другой Сусветнай вайне. Дзед тады распавёў пра свайго стрыечнага брата, майго поўнага цёзку — Паўла Хадзінскага. А пазней, пасля адной з сямейных вечарын у вёсцы Новы Двор (там жылі мае продкі па наўпроставай лініі), мы з дзедам пайшлі на мясцовыя могілкі. Там я і ўбачыў магілу Паўла Хадзінскага, які памёр у 1944 годзе падчас таго, як кідаў гранату ў нямецкі танк, ва ўзросце шаснаццаці гадоў. Мне самому было трынаццаць. Тады на мяне, маленькага хлопчыка, уласнае імя на магільнай пліце зрабіла моцнае ўражанне. Пажадалася даведацца пра гэтага чалавека, Паўла Іванавіча Хадзінскага, больш. Потым мне стала вядома, што яго бацька — Іван Гаўрылавіч Хадзінскі — брат бацькі майго дзеда. На слых такія сувязі ўспрымаюцца цяжкавата, таму мне пажадалася неяк гэта адлюстраваць на схеме. Так і пачалося фармаванне майго родавага дрэва. А яшчэ з дзяцінства мяне вельмі займалі гісторыі пра ангельскіх каралёў, пра іх дынастыі. Я шукаў любую дасяжную літаратуру пра гэта, было сапраўды вельмі цікава. Магчыма мае спробы разабрацца ў сваіх дынастыях, няхай і не каралеўскіх, у падлеткавай галаве неяк рыфмаваліся з перапляценнямі лёсаў манаршых асобаў.


02-02_hadzinski_paval_ivanavicz.jpg

Павел Іванавіч Хадзінскі


Першым маім крокам у працэсе даследавання радавода стала падрабязнае апытанне бабулі і дзядулі. Хутка стала зразумела, што вядомых ім сваякоў не так і шмат. Яны ведалі толькі два пакаленні пасля сябе (то-бок імёны іх бабуль і дзядуль). Дарэчы, аднойчы падчас чарговай размовы з бабуляй я даведаўся пра тое, як яны пазнаёміліся з дзедам. У 1963 годзе памірае стрыечны брат майго дзеда ад запалення, які раней запрашаў маю бабулю на танцы ў суседнюю вёску. І вось на пахаванні, калі звычайна збіраліся ледзьве не ўсе жыхары, яны прыглянуліся адно аднаму, і панеслася.


03-03_hadzinski_a.m._i_hadzinskaja_r.s..jpg

Хадзінскія Анатоль Мікалаевіч і Раіса Сямёнаўна


А яшчэ памятаю, што бабуля расказвала цікавую легенду пра свайго дзеда — Савелія Какашынскага, які нібыта прыехаў з Варшавы і працаваў скрыпачом у пана Есьмана ў вёсцы Залеская Слабада. Ужо праз гадоў дзесяць-патнаццаць я разабраўся ў лёсе Савелія, чыё сапраўднае імя было Ксаверы, калі знайшоў метрыку аб яго нараджэнні і аб шлюбе. А потым знайшоў яшчэ чатыры пакаленні яго продкаў. Частка легенды пра пана праўдзівая, Есьманы ў тых месцах сапраўды былі. Але палякам Ксаверы не быў, нарадзіўся ў гомельскай вобласці, як і яго бацька. Сямейныя легенды, вядома, вельмі дамапагаюць у працы з радаводам, але патрабуюць пільнай праверкі, таму што з цягам часу ў іх застаецца толькі зерне праўды, а ўсё астатняе выдумкі. Асабліва ўважлівымі варта быць якраз з «польскімі каранямі». Людзі, якія жылі на захад ад Мінска з 1918 па 1939 год, у дакументах запісваліся як палякі. Але, вядома, не па нацыянальнай прыкмеце, а па рэлігійнай (каталікоў запісвалі як палякаў). Таму часам людзі знаходзяць запіс у дакументах аб тым, што, напрыклад, іх бабуля была полькай, але на самай справе яна проста вызнавала каталіцкую веру і ўсе яе продкі стагоддзямі жылі, скажам, у Радашковічах. Але калі ўсё ж недзе яна запісаная як полька, то яе ўнук мае права падаць дакументы на карту паляка. Адсюль такое імкненне ў многіх беларусаў знайсці польскія карані.


04-04_kakaszynski_ksavery_juzefavicz_1867_paslja_1925._narodziny.jpg

Метрыка з Журавіцкага касцёла аб нараджэнні Ксаверыя Какашынскага ў 1867 годзе


Пасля апытання бліжэйшых сваякоў я намяляваў табліцу чалавек на 50-60. Зараз у маім радаводзе 11000 сваякоў і часам 50 чалавек дадаюцца за адзін дзень, калі адкрываецца новая галіна.

Потым, калі веды асяроддзя наконт радаводу ўжо былі вычарпаныя, я хадзіў па могілках у вёсцы, дзе жылі мае продкі, і запісваў надпісы на помніках з вядомымі мне прозвішчамі. Такім чынам у мяне склаўся вялізны спіс з людзей, якія відавочна мелі непасрэднае дачыненне да майго роду, але ўстанавіць канкрэтную ступень сваяцтва было немагчыма. Я быў маленькі, доступу ў архівы яшчэ не было. Ужо пазней, з дапамогай метрычных кніг я далучыў да сямейнага дрэва ўсіх тых людзей з загадкавага спісу. Дарэчы, часта людзі бачаць на помніках ці ў метрычных кнігах прозвішчы, якія адрозніваюцца ад іх прозвішчаў адной-дзвюма літарамі, і адразу кажуць «не, гэта дакладна не мае сваякі». Часцей за ўсё гэта памылкова. Прозвішча магло быць змененае па шэрагу прычын, пачынаючы з сацыяльна-палітычных абставін (напрыклад, беларускія імёны і прозвішчы былі моцна змененымі ў працэсе русіфікацыі, калі Тэадор стаў Фёдарам, а Казімір Кузьмой), сканчваючы простай памылкай у напісанні. Ці не дзіўна, што ў вёсцы на трыста жыхароў сустракаюцца людзі амаль з аднолькавым прозвішчам?


05-05_hadzinski_mikalaj_haurylavicz.jpg

Хадзінскі Мікалай Гаўрылавіч, прадзед Паўла Хадзінскага


Апошнім дасяжным мне сродкам даследавання ў падлеткавым узросце сталі лісты 1950-60-х гадоў, якія я знайшоў у нашым вясковым доме. Сыходзячы з таго, хто каму і што пісаў, атрымалася даведацца пра яшчэ некалькіх сваякоў, але выйсці за межы 50-60 вядомых мне чалавек без архіўных дакументаў было ўжо немагчыма.

Пасля школы я паступіў на гістарычны факультэт, таму мне было зразумела, як арганізаваная праца з архівамі. Але адразу жадаю адзначыць, што для гэтага мець спецыяльную адукацыю зусім не абавязкова. Архівы дасяжныя кожнаму грамадзяніну, супрацоўнікі ўсё падкажуць. Напачатку можа быць крыху цяжкавата, але гэта як з любой новай справай, якую засвойваеш паступова. Потым ужо праца будзе даведзеная да аўтаматызму. Напрыклад, я памятаю, як першы раз узяў у архіве рэвізскую казку, што мяне цікавіла. Гэта была рэвізская казка Новага Двара за 1834 год. Я гартаў яе і перапісваў літаральна кожнае слова, каб потым паступова разбірацца з тэкстам дома, гэта адняло вельмі шмат часу. Ужо цяпер я ведаю, што ўсе запісы ў гэтых дакументах пабудаваныя па пэўных формулах, ведаючы якія, можна адразу вылучаць патрэбныя часткі тэксту. Таксама складанасць можа выклікаць тое, што некаторыя тэксты запісаныя польскай ці лацінскай мовай. Але тут зноў жа не патрэбна вучыць мову, каб з дапамогай формул вылучыць з тэксту патрэбныя імёны, прозвішчы, даты.

Крыху пра дакументы, якія могуць зацікавіць у архівах тых, хто вырашыць пакапацца ў гісторыі свайго рода. Асноўных дакументаў не так і шмат — гэта метрычныя кнігі і рэвізскія казкі.

Метрычныя кнігі — гэта дакументы з касцёлаў, цэркваў, а таксама сінагог, у якіх вяліся запісы пра нараджэнне, шлюб і смерць кожнага чалавека. Пасля прыходу да ўлады камуністы зрабілі абавязковай афіцыйную рэгістрацыю ў ЗАГСах, а рэлігійныя ўстановы сталі аб’ектамі рэпрэсій. Так метрычныя кнігі ў большасці рэгіёнаў часова перасталі весціся, а падчас Другой Сусветнай вайны многія метрычныя кнігі былі ўвогуле знішчаныя (напрыклад, іх выкарыстоўвалі проста для распалу пячэй). У наш час такія дакументы вядуцца касцёламі і цэрквамі зноў. Метрычныя кнігі — найбольш дакладны дакумент. З іх мы можам даведацца пра ўзрост сваякоў (у рэвізскіх казках, напрыклад, пра ўзрост нярэдка хлусілі ў самых розных мэтах ці проста пісалі колькасць гадоў «на вока»), дату і часам нават абставіны смерці, імёны бацькоў, жонкі, дзяцей нашых сваякоў, словам, усю неабходную інфармацыю.


06-06_metryka_zamastockaja_vunijackaja_carkva_1726.jpg

Запіс у метрычнай кніге Замастоцкай вуніяцкай царквы, 1726 г.


Рэвізскія казкі — гэта падатковы дакумент Расійскай імперыі. На беларускіх землях яны пачалі весціся з моманту акупацыі Рэчы Паспалітай. Першыя рэвізскія казкі датуюцца 1795 годам. Адтуль мы можам даведацца пра кожны дом у пэўным населеным пункце, пра колькасць жыхароў у ім, іх імёны і род заняткаў. Нібы тагачасны перапіс насельніцтва.


07-07_rk._novy_dvor_1795.jpg

Рэвізская казка вёскі Новы Двор за 1795 г.


Часам даведацца пра асаблівасці характараў нашых продкаў дапамагаюць судовыя справы, дзе мы ўвогуле можам стаць сведкамі рэальных канфліктаў, спрэчак рэальных людзей. Падставы для іх бываюць вельмі смешныя, напрыкла, адзін шляхціч скардзіцца на іншага за тое, што ён п’яным уваліўся ў яго дом і нешта паламаў там. Такія запісы істотна памяншаюць ступень рамантызацыі тагачасных падзей. Часам здаецца, што тады ўсе былі альбо рыцарамі, альбо страшэннымі ворагамі, але гэта былі простыя людзі, як мы цяпер.

Таксама вельмі цікава чытаць тэстаменты. Там, калі мужчына, напрыклад, вырашаў пакінуць усю сваю маёмасць жонцы, то перад гэтым яшчэ некалькі абзацаў пісаў пра тое, якая яна цудоўная і як моцна ён яе паважае. Гэтыя дакументы бываюць ажно на некалькі дзясяткаў старонак.


08-08_sudovaja_sprava_1664___samuel_hadzinski_suprac_maceja_elca.jpg

Судовая справа за 1664 г.


Я заўсёды імкнуся знайсці пра сваякоў, нават вельмі далёкіх, нешта большае, чым проста імёны і даты. Часам трапляюцца звесткі пра вайсковыя ўзнагароды, пра рэпрэсіі… Усё гэта — шанец дакрануцца да лёсу людзей, без якіх мяне б не было. Што тычыцца інфармацыі пра рэпрэсаваных сваякоў, атрымаць яе ў архівах сёння вельмі складана. Але за той час, пакуль такія архівы былі адкрытыя, сфарміраваліся базы, якія сёння можна знайсці ў інтэрнэце. З іх дапамогай можна даведацца, калі і за што быў рэпрэсаваны ваш сваяк. Сярод маіх сваякоў рэпрэсаванымі савецкай уладай з 1930 па 1950 год былі 38 чалавек, часцей за ўсё — «за антысавецкую дзейнасць». 20 з іх былі расстраляныя, у тым ліку 6 чалавек расстралялі ў 1940 годзе ў Катыні (усе былі польскімі афіцэрамі).


09-09_lukasz_rudzinski.jpg

Рудзінскі Лукаш Емяльянавіч, арыштаваны савецкай уладай у 1944 г., асуджаны на дзесяць гадоў «за антысавецкую агітацыю»


Цудоўна, калі з шэрагу абрывістых фактаў пра сваякоў атрымліваецца скласці лагічную лінію, прасачыць за тым, як развівалася іх жыццё. Вось, напрыклад, гісторыя Пятра Барэйшу. На жаль, Беларусі як незалежнай краіны ў 1912 годзе яшчэ не было, інакш менавіта яе прадстаўніком на алімпійскіх гульнях у футбольным турніры быў бы Пётр Ісідаравіч Барэйша (1885-1953), мой адзінаццаціюрадны прадзед. Яму давялося прадстаўляць імперыю, гуляў у якасці брамніка. Падчас Першай Сусветнай вайны Пётр ваяваў у званні капітана. Пасля 1917 ваяваў за белых у грамадзянскай вайне, а пасля паехаў у Парыж. Убачыў — і памёр там жа, праўда не адразу, а праз прыблізна 30 гадоў. Паспеў папрацаваць там карэктарам і таксістам. Будзе нагода наступным разам у Парыжы наведаць могілкі Сэн-Жэнеўеў-дэ-Буа. Драэчы, гэта не адзіны футбаліст у маім родзе. Бернд Гюнтэр Зэльке, які гуляў за клуб «Гамбург», а таксама за зборную Нямеччыны ў 1970-х, з’яўляецца маім дзесяціюрадцным дзедам.


10-10_barejsza_pjotr_isidaravicz.jpg

Пётр Ісідаравіч Барэйша


11-11_zelke.jpg

Бернд Гюнтэр Зэльке гуляе за клуб «Гамбург» у 1972 годзе


З непрыемных гісторыяў можна ўзгадаць пра выпадак у вёсцы Дынаравічы, напрыканцы 1930-х. Там жылі мае сваякі па прозвішчах Калантай і Брэк. У адзін дзень некаторыя з адной з сем’яў Калантай накаталі данос на сям’ю Брэк, у выніку апошніх выслалі, канфіскавалі дом і перадалі тым, хто напісаў данос. Што цікава, не так даўно ўнук рэпрэсіраваных Валер Брэк набыў сваю былую хату назад. Можна толькі ўяўляць, ці ведалі тыя людзі ў 30-х аб тым, што яны між сабою таксама сваякі? Мой вялікі разгалінаваны род Калантаяў там, ля Заслаўя, вядомы прынамсі з 1700-х гадоў.

Часам мне даводзіцца звяртацца да зусім не знаёмых дагэтуль людзей, якія таксама з’яўляюцца маімі сваякамі, пра гэта сведчаць дакументы. Тады вельмі дапамагаюць сацсеткі. Напрыклад, у мяне ёсць сваякі з Новай Зеландыі, Кеніі, Джыбуці, тады я проста пішу ім у фэйсбуку і моцна здзіўляю ведамі пра іх радавод, кажу «Прывітанне! Вы мая дванаццаціюрадная сястра». Часцей за ўсё камунікацыя выбудоўваецца цудоўна, але часам людзі неяк палохаюцца, нават блакуюць мяне ў сацсетках. Для мяне гэта вельмі дзіўна, але напэўна іх можна зразумець. Не часта незнаёмыя людзі ім пішуць штосьці кшталту «я ведаю імя вашай прапрабабулі».

Аднойчы мне вельмі пашчасціла пазнаёміцца са сваякамі, дванаццаціюраднымі братамі, якія таксама цікавіліся радаводам і былі рады абмяняцца інфармацыяй. Наш агульны продак жыў напрыканцы сямнаццатага стагоддзя. Мы не аднаразова рабілі вечарыны, на якіх пад смачную ежу і напоі ўяўлялі, як нашыя продкі весяліліся разам, якім быў іх побыт, што іх устрывожвала. Гэта вельмі кранальныя сустрэчы, падчас якіх становіцца зразумела, што я не проста калекцыяную людзей на сямейным дрэве, а сапраўды пашыраю склад маёй сям’і.


12-12_dvanaccacijuradnyja_braty.jpg

Павал Хадзінскі з дванаццаціюраднымі братамі ля вёскі Новыя Зімодры, Вілейскі раён


Працэс працы над радаводам — вельмі азартны занятак. Уявіце маё здзіўленне, калі я знайшоў дакументы, што робяць маім сваяком Тадэвуша Касцюшку. Сачыце за рукамі: у маёй бабулі Раісы Сямёнаўны Хадзінскай (Галіноўскай) быў прапрапрапрапрапрадзед Антоні Жардзецкі, чыёй жонкай была Канстанцыя Касцюшка. Яе пляменнік Людвік — бацька Тадэвуша Касцюшкі. Такім чынам, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца маім чацвераюрадным шэсць разоў прадзедам.


13-13_kascjuszka.jpg

Тадэвуш Касцюшка (1746-1817)


14-14_vytrymka_z_metryki.jpg

Вытрымка з метрыкі хросту Тадэвуша Касцюшкі з Косаўскага касцёла, 1822 г. Зробленая пасля смерці Тадэвушка Касцюшкі


Напрыканцы пакідаем вам інструкцыю ад Паўла Хадзінскага пра тое, як пачаць працу над сямейным дрэвам, калі вы зацікавіліся гэтым толькі зараз:

1. Параспытвайце сваякоў пра ўсё, што датычыцца вашага радаводу. Запішыце вашы размовы на дыктафон, а потым пазначце ўсе даты, імёны і цікавыя факты, пра якія вы даведаліся ад суразмоўцаў. Паспрабуйце адлюстраваць вашыя сувязі на схеме, так будзе прасцей. А яшчэ зрабіце спіс прозвішчаў, якія сустракаліся ў вашых сваякоў (дзявочыя прозвішчы маці, бабулі, усё што магчыма).

2. Пасля таго, як ўсе жывыя сваякі будуць апытаныя, звярніцеся да мёртвых. Схадзіце на могілкі, паразглядайце помнікі, звяртаючы ўвагу на прозвішчы з вашага спісу, альбо на падобныя прозвішчы. Сфатаграфуйце помнікі, а потом зафіксуйце інфармацыю з іх на паперы.

3. Пасля двух гэтых пунктаў мы можам вызначыць апошняе вядомае нам пакаленне. Далей ідзем у гістарычны архіў ці робім туды запыт, ведаючы прыблізна месца пражывання продкаў і пажадана канфесію (каб зразумець, у якіх дакументах якіх канфесій шукаць інфармацыю — у касцёлах, цэрквах ці ў сінагогах), а таксама прыблізныя даты, сыходзячы з даных пра апошняга вядомага продка. У архіве даведаецеся пра тое, як захаваліся дакументы за час, які вас цікавіць.

4. Папрацуйце з метрычнымі кнігамі, рэвізскімі казкамі, усімі дакументамі пра пэўныя мясціны за пэўны час, якія будуць вам дасяжныя ў архіве. Напрыклад, у вас ёсць вядомы сваяк Францішак Янавіч. І вось мы бачым у метрычнай кнізе запіс пра Яна, у якога нарадзіўся сын Францішак, а там убачым і імя жонкі Яна, і, хутчэй за ўсё, нават яе дзявочае прозвішча. А ад дзявочага прозвішча далучаем да сямейнага дрэва цэлы новы род. Вось так і ідзе праца.

5. Працягніце працу дома. Спрабуйце супаставіць інфармацыю з архіўных запісаў і тое, што вам вядома ад жывых сваякоў.

6. Фіксуйце ўсе веды на паперы, альбо ў спецыяльных праграмах на кампутары. Часам інфармацыя можа спратрэбіцца толькі праз некалькі гадоў, калі будуць знойдзеныя файлы, якіх не хапала. Спрабуйце нічога не выдаляць, назапашвайце інфармацыю. Поспехаў!

Ганна Ермаковіч, novychas.by