Сяржук Доўгушаў: “Фолктэрапія – адпачынак душой і целам”

На платформе Talaka ўжо больш за тыдзень ідзе збор сродкаў на рэалізацыю праекта “Традыцыя”, накіраванага на папулярызацыю беларускай традыцыйнай музыкі. Адна з задачаў праекта — выдаць калекцыю дыскаў найлепшай беларускай фальклорнай спадчыны, запісанай беларускімі этнографамі і фалькларыстамі.

Спачатку выйдзе дыск з серыі “Традыцыя”, прысвечаны беларускім мужчынскім спевам. Пасля будуць выдадзеныя яшчэ чатыры тэматычныя плыты. Акрамя гэтага рыхтуецца серыя канцэртаў, майстар-класаў, і ўсё гэта — пад адным слоганам “Традыцыя”.

Сяржук Доўгушаў, оперны спявак, лідар гурта Vuraj, стваральнік “Спеўнага сходу” і аўтар праекта, распавёў пра “Традыцыю”, мужчынскія спевы і фолктэрапію.

— Мы вяртаем традыцыю. Хочам, каб кожны рэгіён меў сваю плыту ў межах гэтага праекта: з мужчынскімі спевамі, беларускай інструментальнай музыкай, дзіцячым фальклорам і інш. Хочацца падарыць гэтыя плыты ў дамы культуры, кіраўнікам раёнаў, усім, хто цікавіцца, каб кожны меў скарб з музыкай сваёй мясцовасці. Пачаць вырашылі з дыска мужчынскіх спеваў. Акрамя плытаў музыка будзе распаўсюджвацца ў інтэрнэце, на розных міжнародных сайтах і г.д. Таксама плануем майстар-класы праводзіць, спеўныя сходы. На сённяшні дзень запісаць фальклор лёгка: збольшага ўсё запісана этнографамі. Але гэта трэба выдаць, зрабіць дасяжным.

Цяпер вось на Палескі спеўны сход 7 верасня запрасілі гурт “Церабяначка” з вёскі Церабень Пінскага раёна. Будзе ўсе: знаёмства, канцэрт, майстар-клас, разам развучым палескія песні.

Далей на “Камяніцы” выступіць гурт “Чабатухі”, гэта Драгічынскі раён Піншчыны. Там трошкі іншая традыцыя спеваў, таксама будзе знаёмства, канцэрт і спеўны сход разам.

На майстар-класы запрашаю розных этнографаў, выкладчыкаў спеваў. Ёсць выдатная выкладчыца Вольга Емяльянчык з Полацка, гурт “Варган” — яна даследуе гэту тэму, выкладае мужчынскія спевы і жаночыя. Ірына Мазюк, якая ўжо больш за 20 гадоў займаецца экспедыцыямі, фальклорам. Збіраецца цэлая каманда людзей, якія ў тэме. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства дапамагае. Гэтыя этнаграфічныя запісы, якія мы збіраем, — іх багата, цяпер робім сапраўдную калекцыю беларускіх скарбаў.

— Распавядзі, калі ласка, падрабязней пра плытку, прысвечаную мужчынскім спевам.

— Самая цікавая інфармацыя, з якой мы стартуем, — мужчынскія спевы. Гэта вяртанне традыцыі, якая амаль знікла. Збольшага жанчыны фальклор спяваюць, шмат маладых гуртоў: “Мярэжа”, “Варган” і г.д., але вось мужчыны чамусьці не. На тых жа спеўных сходах, калі запытваюся, зусім мала мужчын. Часта можна пачуць: “А, ну каб выпіў, можа, яшчэ паспяваў бы, а так не”. Але ж гэта традыцыя — яна была вельмі адметная! Ірына Мазюк будзе пра гэта распавядаць, будуць лекцыі: вельмі мужчынская традыцыя спеваў адрозніваецца ад жаночай — самі песні, строй, пасыл, усё амаль. Гэта будзе такім адкрыццём для Беларусі — беларусы спявалі не горш за грузінаў. Мужчыны, калі збіраліся па пяць-шэсць чалавек — гэта такая была моц! Мне ўвогуле цяпер даводзіцца пачуць аднаго-двух чалавек максімум, бо ўсё, няма ўжо гэтых мужчынаў. Бабулечкі засталіся, а мужчын амаль не. А запісы ёсць, 70—80х гг., якія можна вывучаць, ставіць як прыклад. Каб кожны бізнесовец, працаўнік трактарнага завода ў машыне мог паслухаць і адкрыць для сябе: у нас не спявалі толькі п’яныя песні пад гармонік, а сапраўдныя нашыя мужыкі збіраліся, у поле ішлі, на працу, на вайну — заўсёды спявалі.

— А якія калектывы будуць аднаўляць мужчынскія спевы? Можа, Vuraj?

— Самае галоўнае у праекце “Традыцыя” — знаёміць з традыцыйнай музыкай, не постфальклорам. Vuraj, “Троіца” — гэта ўжо такі неафолк, яны добра робяць справу па гэтай тэме. Але мэта праекта — знаёмства менавіта з традыцыйнымі калектывамі і тымі, хто гэтую традыцыю працягвае. Таму запісы будуць з арыгінальным выкананнем. Наконт гуртоў — ёсць моладзь, якая працягвае традыцыі, але яе вельмі складана знайсці.

Мне падабаецца гурт “Вытокі” з Дзятлавічаў (Лунінецкі раён). Вось іх паслухаць — як іх дзяды спявалі, так і яны спяваюць. Там у асноўным жанчыны, але ёсць і адзін мужчына. Каб мужчыны спявалі… гурт “Рада” спрабуе спяваць у гэтай традыцыі.

Але, магчыма, праект “Традыцыя” і стане стартам для стварэння мужчынскіх калектываў і мужчынскіх гуртоў традыцыйных спеваў. Увогуле, наша задача — навучыць. Зараз будзем збіраць канкрэтна мужчынскі спеўны сход, несці гэтую традыцыю у масы, вучыць, у чым асаблівасць мужчынскіх спеваў.

Цікавы архіў і ў Таццяны Песнякевіч. Ёсць запісы, якія мы таксама будзем уключаць у плытку: спевы з розных куткоў Беларусі. Ёсць запіс, дзе адзін мужчына спявае, і яшчэ адзін на дудачцы грае.

— Доўга збіраліся запісы па рэгіёнах?

— Па-першае, усё запісы ўжо ёсць. Тое, што мы цяпер робім, экспедыцыі, якія я арганізоўваю, — гэта ўсё постпраца. Мы знаходзім тых людзей, старыя фотаздымкі, увогуле, любую інфармацыю, якая захавалася і пойдзе потым на сайты, гэтыя самыя плыткі, запісваем тых, хто застаўся. На жаль, мала ўжо іх. Хто застаўся — запрашаем у Мінск з канцэртамі, з выступамі. Зараз ужо задача такая: з тых, хто застаўся, запрасіць, пазнаёміць з імі гарадскіх жыхароў, працягнуць традыцыі.

111-800x517.jpg
З архіва гурта “Чабатухі”

Напрыклад, гурт “Чабатухі” — ёсць іх запісы 90-х гг. На дыктафон запісваць ужо няма сэнсу, але важна зрабіць відэа. Просім часам паказаць старыя фотаздымкі, яны спачатку адмаўляюцца ці выносяць нейкія клубныя 2000-х, а пасля глядзіш у альбомах — вось вяселле гулялі, сядзіць цяперашняя бабулечка, вяночак на галаве, так класна, усе такія прыгожыя.

Рабілі запісы на Палессі, на Лепельшчыне актыўна, выйшаў дыск “Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў”. А ў цэнтры ўжо нічога не знойдзеш. Можна праехаць па тых раёнах, дзе запісваліся раней: архівы буду вывучаць, на Случчыну з’езджу. Увогуле, кожная вобласць — там нешта запісана ў 80—90-х. Можна паехаць, пазбіраць матэрыял, запісаць успаміны людзей, якія засталіся, паздымаць.

— А ўдзельніц гурта “Церабяначка” ты даўно ведаеш?

— Неяк выпадкова апынуўся на абрадзе “Ваджэнне куста” на Піншчыне, і вось з імі пазнаёміўся. Жанчыны даўно спяваюць. Апошнім часам спявалі ў царкве, там і пазнаёміліся. Іх кіраўніца Еўдакія Ігнацьеўна сабрала ўсіх разам і назвала гурт “Церабяначка”, ад вёскі Церабень, і яны пачалі спяваць, як кажуць, “колішнія песні”. А гэта самыя старажытныя песні, абрадавыя, якія спявалі яшчэ да хрысціянства. Увогуле, трэба карыстацца момантам, бо праз гадоў дзесяць-дваццаць, калі не захаваем гэтую традыцыю, няма каго бузе слухаць і запісваць.

Насамрэч знаёмствы так і адбываюцца: едзем у адзін раён, заязджаем у вёску, запісваем адных, пытаемся заадно, хто ў вось той суседняй вёсцы спявае. Нам кажуць, што ёсць файныя людзі, перадаюць інфармацыю. Мы прыязджаем, працягваем гэтыя запісы і знаёмствы, заходзім у мясцовы клуб. І тут таксама трэба адразу вызначаць — гэта традыцыі ці псеўдафальклорнасць. І знайсці менавіта традыцыю і данесці да сённяшняга слухача, беларуса, каб ён гэта працягваў і разбіраўся ў гэтым, імкнуўся зрабіць яшчэ лепш.

Сустрэча з гэтымі людзьмі — сапраўдная фолктэрапія, калі адпачываеш душой і целам. Мы адчуваем дабрыню, светапогляд, усё. Можна ў іх вучыцца. Апошнім часам еду ў вёскі не па песні — проста пабыць. Пабыў — і ўсё, гарманізаваўся. Увогуле, я раней не цікавіўся фальклорам, пакуль у рукі не трапіла народная песня, якую перарабілі, а потым быў “Вурай” і “Fratrez”. А як пазнаёміўся з Мазюк — яна сказала: “Паедзьце ў экспедыцыю, і там усё пачуеце.” І з першай экспедыцыяй панеслася. Цяпер я бяру ў экспедыцыі людзей, якія часта нават не цікавяцца музыкай, спевамі, але вяртаюцца — і нешта ў іх адбываецца ў галаве і сэрцы, не могуць супакоіцца: такіх чыстых і шчырых людзей, якіх падчас экспедыцый сустракаем і якія ўсю душу табе раскрываюць, ужо амаль не знойдзеш, а ў горадзе дакладна.

— А як увогуле са спеўным сходам? Ці карыстаецца ён папулярнасцю? Ці прыходзяць новыя людзі?

— Мне вельмі прыемна, што “Спеўны сход” робіцца прыступачкай, з якой людзі ідуць вучыцца далей, займацца сваімі праектамі, утвараюць гурты. Пасля прыходзяць новыя, з’яўляецца новы рух і ідэі. Калі раней гэта былі сумесныя спевы, імпрэзы, цяпер ідзе больш адукацыя. Я вырашыў раз на месяц прывозіць носьбітаў традыцый, каб вучыцца спевам. Але і раз на месяц, на два рабіць такі сход з рознымі героямі — выканаўцамі. Вось вельмі папулярная была сустрэча з Лявонам Вольскім, усе просяць паўтарэння.

Да таго ж мяне цікавіць стварэнне атмасферы на імпрэзе. Калі выступоўцы проста стаяць на вялікай сцэне — зусім не тое. Людзі не ўспрымаюць так музыку, таму хачу рабіць камерна. Наступны этап — у межах праекта “Традыцыя” хачу зрабіць фестываль у якой-небудзь пуні, каб закрытая пляцоўка, дзе будзем адно аднаго слухаць. Бо з мікрафонамі ўсё губляецца. Хочацца, каб было натуральна — як, прыкладам, бабулі робяць у сваёй хаце: сядзяць, спяваюць, размаўляюць. Не толькі спеў цікавы, але проста пабыць з імі, паслухаць іх унікальную мікрамову.

Аляксандра Дварэцкая, “Будзьма беларусамі!”