Шчодры дар – каляндар,
і прысвячаецца 80-годдзю Мёрскага раёна
Бацькаўшчына – алтарная – наша любоў.
Промнікі слоў – на зямлі сяброў.
Іх на крыжах дарог народ збярог.
«Дзісеншчына (цэнтр Мёры)… – стык розных культур, які пульсуе тут ад пары неаліту. Відаць, толькі на Дзісеншчыне – і нідзе больш – ляжыць ключ-адгадка да таямніц беларускага этнасу».
Промнікамі слоў ад пісьменніка, навукоўца Юрыя Пацюпы пачынаю свой аповед. 6–5 тысяч гадоў да н.э., у эпоху неаліту пачаліся важныя змены ў жыцці нашых далёкіх продкаў. Сведчанне гэтаму і навуковая ацэнка ручніка-абярэга Параскі Белавус, народжанай у 1896 г. у сям’і Івана Пірага з вёскі Забалотцы каля Дзісны: «Выявы Берагіні і Вясны-Лады – памяць русалляў з ХІ–ХІІ стагоддзяў. Ідыяграма вады – знак з эпохі неаліту».
Мёрскія прасторы на латвійскай карце 1920-х гг.
Рака не мяжа… Баравую карону агучылі сэрцы і продкаў званы.
Хто з мёрскай зямлі? Уплятайцеся ў крону. Абапёрся камель на падкову Дзвіны.
Карта Браслаўскага павета
545
З 1475 года згадваецца Язна. Да яе юбілейнай даты ў 545 гадоў далучае сваё 70-годдзе мастак Ляўковіч Міхаіл Васільевіч, народжаны ў Язне 9.03. 1950 года. Маці мастака Віктара Жаўняровіча (27.08.1918 – 27.02.2005) – з Дзісны, бацька з Друі. А сам Віктар з Парыжа прамаўляў так: «…Але беларуская Язна, дзе мне давялося падрастаць, зрабіла на мяне асаблівае ўражане». Нездарма ў Мёрах у гонар суайчынніка была зладжана выстава «Тут засталася сэрца часцінка». А няўрымслівы краязнавец Вітольд Антонавіч Ермалёнак правёў тады пошукавую экспедыцыю па мясцінах, якія ўзгадваў славуты мастак.
Са старажытнай язненскай зямлёй спалучаны лёс Сіняўскага Пятра Іванавіча (10.07.1946 – 8.02.2008) – празаіка, драматурга, журналіста. Будучы казачнік вучыўся ў Язненскай школе. Потым была Дзісна, Мёры…
Да 1973 г. на тэрыторыі Язненскага сельсавета знаходзілася в. Загасцінне, дзе нарадзіўся Ян Гушча (24.12.1917–26.06.1986). Польскаму паэту, перакладчыку і я ўдзячны за ўвагу да маіх вершаў. А ў в. Новае Сяло (у Язненкім с/с) – нарадзіўся 2 жніўня 1952 г. творца Касаты Людвіг Канстанцінавіч.
340
340 гадоў Памяці пра Сімяона Полацкага – Самуіла Гаўрылавіча Пятроўскага-Сітняновіча (12.12.1629–25.08.1680) – паэта, драматурга, перакладчыка, публіцыста, педагога, рэлігійнага і грамадскага дзеяча, які ахвяраваннямі сваімі дапамагаў з Масквы манастырам у Дзісне, у Мёрах.
270
Белы палац у Лявонпалі ўзнік у 1750 г. Пісар ВКЛ граф Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, народжаны 20.05.1715 г., заснаваў там сваю рэзідэнцыю. Вёска Лількі ў 1506 г. стала вядомае як Чурылавічы, а назва Лявонпаль узнікла ў 1798 г. Лапацінскіх гербу «Любіч» было многа. Ян Нікадэм загадаў вымураваць «слуп вялікі над Дзвіной»–помнік Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. Эўзэбіюш Мар'ян Ян Станіслаў, народжаны 1.03 1882 г., быў бібліяфілам, калекцыянерам. Вучыўся ў Кракаўскім, Дэрптскім універсітэтах. Гісторык мастацтва працаваў у Варшаве, жыў у Вільні.З 1906 г. – у Лявонпалі.
«За Дзвіной іншая дзяржава. Мемарыяльная калона», 2005 г. А.Анісковіч
Герб «Любіч» графскага роду Лапацінскіх
Лапацінскі на санях. А. Анісковіч
245
Дзякуючы Лапацінскім у 1775 г. было закончана ўзвядзенне ўніяцкай Свята-Траецкай царквы. Лявонпальскую бажніцу называлі ўніяцкай царквой Спаса, царквой Святой Жыццепачатнай Троіцы, Троіцкім праваслаўным храмам… І я там прымаў хрост у 1942 г. ад святара Пятра Хрышчановіча, прычасце даводзілася прымаць ад айца Мікалая Меляха.
Я перад вамі ў поўным зборы. Што Бог паслаў – усё са мной.
У памяці Лявонпаль, Мёры і зоры над маёй Дзвіной.
210
І скульптарам, і рэвалюцыянерам абвяшчалі Генрыка, сына Міхала Дмахоўскага (26.10.1810–26.05.1863), народжанага ў маёнтку Забалацце Дзіненскага павета (на сёння – у Перабродскім с/с Мёрскага р-на). Генры Д. Сондэрс – пад такім псеўданімам працаваў наш зямляк у Амерыцы. Там ім створаны для будынка Кангрэса ЗША бюсты Франкліна, Вашынгтона, Касцюшкі, Пуласкага, Джэферсана. Яго творчае дыханне адчувалі Вільня, Познань, Лондан, Львоў, Люблін, мясціны Францыі, Аўстрыі… Камісара Дзісненскага павета карнікі пакаралі ў маёнтку Парэчча (сучасны Докшыцкі р-н). Быў данос на змагара за ўсіхнюю вольнасць.
180
У 1840-м годзе пачаўся бунт лявонпальскіх, узьмёнскіх вернікаў супраць пераводу з уніятаў у праваслаўе. Стогадовая бабка Сцепаніда, мама Альжбеты Фролаўны Панізьнік з в.Бабышкі, якая захавала першапачатковую рэлігійнасць, калісьці тлумачыла прычыны сваёй вернасці: «А прымаць новую веру – грэшна!»
Падковамі пазначыць хачу мяжу зімы.
Нас нельга перайначыць: калі ўжо мы,то мы!
170
Сярод асобаў мёрскага Пантэона значыцца і Вайніслаў Казімір Суліма-Савіч-Заблоцкі (15.03.1850–пасля 1893 г.) з маёнтка Панчаны Дзісненскага павета. Ён жа і Гаўрыла з Полацка, Грамадзянін Беларусі, Павел Завішша…Беларускі і польскі пісьменнік служыў адраджэнню беларускай мовы і культуры, нацыянальнаму станаўленню беларускага народа.
І папросіць у Бога ратай:
– Зерне памяці ў долю мне дай!
130
У в. Дзедзіна (Перабродскі с/с) нарадзіўся Ідэльфонс Бобіч – Пётра Просты (22.01.1880–28.04.1944)–празаік, публіцыст, драматург, перакладчык, выдавец, доктар філасофіі, педагог, рыма-каталіцкі святар у суполцы ксяндзоў-беларусаў. Служыў душпастырам на Дзісеншчыне (1917–1920). Быў арыштаваны нямецкімі акупантамі і пасаджаны ў турму. Памёр у Іўі.
Некалькі слоў пра Вінцука Адважнага – Германовіча Язэпа Станіслававіча (4.03.1890–26.11.1978). Служыў ксяндзом на Дзісеншчыне. Вядомы як паэт, празаік, перакладчык.
У вёсцы Летнікі Дзісенскага павета (цяпер Залескі с/с Глыбоцкага р-на) нарадзіўся Янка Пачопка (26.10.1890–29.05.1977) – паэт, празаік, фалькларыст.
Нарадзіўся 18.05.1945 г. у вёсцы Дзедзіна Ян Рышард Курыльчык – інжынер-будаўнік, польскі пісьменнік. Анатоль Бутэвіч пераклаў на беларускую мову яго кнігі «Нязломны з Назарэта», «Славянскі світанак».
Аўтографы Рышарда Курыльчыка, атрыманыя на спадканні ў Доме Дружбы, Мінск, 2007 г.
125
У 1895 годзе ў Кракаве была выдадзена кніга «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні». Яе аўтар – Адальф Чэрны (19.08.1864–27.12.1952)–чэшскі вучоны-славіст.
Супыняюцца імгненні нашым позіркам прыўкрасным…
З Дзісной спалучаны лёс Будзькі Эдварда Адамавіча (22.03.1882–14.08.1958)–паэта, публіцыста, выдаўца, грамадска-палітычнага дзеяча. Вучыўся ў Дзісненскай гімназіі (у 1920-х г.г.)
У Дзісненскім касцёле (1917) ужываў беларускую мову ў богаслужэнні Станкевіч Адам (6.01.1892–21.11.1949), «Сваім родным мястэчкам» называў Дзісну Вацлаў Усцінавіч Ластоўскі (8.11.1883–23.01.1938), народжаны ў засценку Калеснікаў. У 1859 г. наведаў Дзісну Павел Міхайлавіч Шпілеўскі –этнограф, кандыдат багаслоўя, перакладчык.
Згадаем і літаратара Пятра Яленскага – Пётру Беларуса з хутара Міршчына Дзісенскага павета. Некаторы час ён адтуль адсылаў у «Нашу Ніву» вершы, апавяданні, жарты… У 1914 г. у Вільні была выдадзена кніжачкай яго апавяданне «Якім Бяздольны».
У 1824 г. Адам Міцкевіч (24.12.1798–26.11.1855) наведаў фальварак Дарошкавічы каля Дзісны, гасцяваў у Людвікі Кастравіцкай. Там у сядзібнай капліцы напісаў верш «Матрос». А вось і выказванне польскага паэта беларускага паходжання, прафесара «Калеж дэ Франс»: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана».
Узгадаем і мастака, краязнаўца Арцімовіча Станіслава Юсіфавіча (13.03.1897 – 14.01.1974). Нарадзіўся ён у в. Орцы Дзісненскага павета. На Мёршчыне запісваў легенды, паданні, склаў нарыс па гісторыі Мёршчыны. У 1944 г. пераехаў у Польшчу.
З Дзісненскага павета і шукальнік спадчынных скарбаў Шылуковіч Фадзей Лаўрэнцевіч, народжаны ў в. Баркоўчына 27.02. 1935 г. Краязнаўцам з»яўляецца і яго сын Сяргей, кандыдат гістарычных навук, народжаны 28.05.1974 г.
Дзісенскі мацярык вялізны. 23.01.1930 г. у в. Балбекі нарадзіўся будучы краязнавец Кожан Кліменцій Арсеньевіч. Даследаваў развіццё адукацыі на Дзісненшчыне. Помняцца незвычайныя сустрэчы на чароўных «Дзісненскіх чытаннях», дзе і К. А. Кожан быў прысутным.
… У вялікім даўгу я перад мовазнаўцам, лексіколагам, народжаным у Дзісне Мікалаем Нілавічам Крыўко (16.07.1949–7.12.2012). Гэта ён апрацаваў і дапамог надрукаваць сабраныя мной лексічныя скарбы Мёршчыны.
Не знікаюць з памяці сустрэчы і з цудоўнай Алай Пятроўнай Майсяёнак – педагогам, краязнаўцам. Гэта ў створаны ёй музей пры Дзісненскай школе-інтэрнаце перадаў дакументы, уручаныя мне ўраджэнкай Дзісны Вольгай Грыцук-Дуброўскай (29.10.1923–24.04.2019), аўтаркай кнігі «І жыве Беларусь на чужыне» (2007).
Вольга Грыцук-Дуброўская
P.S.
Захацелася ўзгадаць і пра Юзафа Клеменса Пілсудскага (5.12.1867–12.05.1935)–польскага ваеннага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча. Нарадзіўся ён на Віленшчыне, ведаў і карыстаўся беларускай мовай, меў кантакты з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння.
Мая 85-гадовая сястра Ніна, у замужжы Янсанэ, згадвала, што ў Лявонпалі ў 1930-х гадах Пілсудскаму быў пастаўлены помнік – у скверыку наўпроць царквы. У гады гітлераўскага нашэсця там адбыліся змены. А пасля вайны на пастаменце замест раструшчанай выявы пачало праглядвацца аблічча Сталіна. У наш час сціплы парк служыць ушанаванню памяці загінуўшых савецкіх воінаў у баях за Перамогу над фашысцкімі акупантамі.
110
І яшчэ адна славутасць Мёрскіх абшараў – Цітовіч Генадзь Іванавіч (7.08.1910–20.06.1986) – харавы дырыжор, этнамузыкант, народны артыст (1968). На яго радзіме, у Новым Пагосце каля Мёраў, у 1982 г. пачаў дзейнічаць школьны музей імя Генадзя Цітовіча.
105
Сто пяць гадоў ад нараджэння Марцінята Паўла Аляксандравіча, былога байца Расонскай партызанскай брыгады, заслужанага настаўніка Беларусі, дырэктара Лявонпальскай школы Пра інтэлігента прыдзвінскага я , яго вучань, пісаў у газету «Чырвоная змена»: «…Акрыляў жа ён нас, падлеткаў, нягучным словам, сціплай паставай, праніклівым позіркам». Яго вучаніцай была і сёлетняя юбілярка (нарадзілася ў Лявонпалі 5.01.1945 г.) Галіна Пятроўна Загурская. Дачка Місніка заўсёды пры нагодзе запрашала былога дырэктара на сустрэчы выпускнікоў школы.
Пасля таго былі сустрэчы-святы: здзіўляліся ў журботную пару – не патушыў юнацкую іскру – у сівізне – настаўнік Марцінята
60
У 1960–70-х гадах я збіраў фальклорныя скарбы на Прыдзвінні. Запісы песняў ад пявунь з Бабышак, Латышоў, Даўгінава, Ільмовічаў, Лявонпаля знаходзяцца ў зборніку «Беларускі фальклор. Вып.2», 2015 г. , пад загалоўкам «Песні, далучаныя да вечнасці: са збораў Сяргея Панізьніка». Там змешчана і песня «У суботу Янка», запісаная мною ў 1960 г. ад Сялюн Ядзвігі, 1922 г. н. ў в. Латышы. Пазней стала вядома пра песню Мікалая Макаравіча Пятрэнкі «Ручнікі» – на словы Веры Вярбы: «Над ракой туманы // Ходзяць па зямлі. //А па хвалях цёплых // Ручнікі плылі». (Нашы! Па хвалях рэчкі Волта.)
«Пад ясну зарыцу»: запрашэнне на прэзентацыю дыска з песнямі, запісанымі мною на Мёршчыне
20
Вясной 2000 года ў Мёрах каля будынка школы №1 адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар паэта Сушко Пятра Паўлавіча (1.01.1937–11.19.1996). Падахвоціў раённае начальства на ўвекавечанне імя пісьменніка-земляка Франц Сіўко, тагачасны старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Для суайчыннікаў быць родным –
Больш, чым і талент, і прызванне.
Пятро Сушко
20
Святкуюць землякі Тысячагоддзе
Хрыстовага крыжа ля іх дарог
Не забудзем, што лявонпальскі Палацава-паркавы комплекс у 1960 г. атрымаў статус Рэспубліканскага помніка гісторыі і культуры.
Шыльда Музея Радзімазнаўства.
Шыльда для музея «Хата бабкі Параскі» у Верхнядзвінскім р-не
Шыльда для філіяла Музея Радзімазнаўства ў Лявонпалі «Хата бабы Ядзвінні»
Шыльда для філіяла Музея Радзімазнаўства ў Лявонпалі «Хата бабы Ядзвінні»: на здымку М. Півавара А. Аніськовіч прысеў крайні справа; у будынку адзначалі мёрскія госці 10-годдзе музея 27.09.2009 г.
Мною ў былым, але не пагаслым мястэчку Лявонпаль пры Цэнтры культуры і адпачынку 26.11.1999 г. быў заснаваны Музей Радзімазнаўства. Спрычыніўся я і да такой падзеі: 12.07.2000 г. у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла стараннямі ўсяго Мёрскага раёна было адзначана Тысячагоддзе Лявонпаля. У гонар 2000-годдзя Хрысціянства быў устаноўлены Еўфрасінеўскі крыж, асвечаны праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі.
А пленэр мастакоў «У пошуках Атлантыды. Лявонпаль» праходзіў 30.07.–6.08.2005 года. Арганізатарам была Кацярына Мясьнікова, але вялікія высілкі ахвяравалі дзеля поспеху не толькі лявонпальцы. У філіяле Музея Радзімазнаўства «Хата бабкі Ядзвінні» знайшлі прытулак мастакі – шукальнікі творчай Атлантыды. На мёрскай зямлі, дзе пульсуе натхненне ад пары неаліту, заіскрылася міфічная дзяржава атлантаў, радавод якой пачынаўся 9500 гадоў да н.э. Але як жа пералічыць сапраўдных атлантаў на мёрскім мацерыку?
«Лявонпальскі палац Лапацінскіх», 2004 г.
Буклет «Лявонпаль і маладыя мастакі» у знак падзякі радзіме яго продкаў стварыў Аніськовіч Аляксандр Уладзіміравіч, 5.04.1972 г.н. Ён шчыра, ўзнёсла і сёння даследуе гісторыю і культуру Мёршчыны.
З крыжом прыўкраснай Еўфрасінні
і з божай ласкаю жывём!
Яшчэ будзем ушаноўваць юбілярку Галіну Казіміраўну Тычка, народжаную ў в. Сташулі 11.11. 1955 года, – пісьменніцу, філолага, прафесара. Высока ацэньваюць творчасць дачок і сыноў Мёршчыны: а гэта Алена Масла, Наталля Бучынская, Алена Басікірская, Франц Сіўко… У газеце «Сцяг працы» быў надрукаваны і мой першы верш і верш Святаслава Крупенькі. Абдымачамі-атлантамі варта назваць Уладзіміра Пучынскага, Ігара Кандратовіча… Усіх і не ўзгадаць!
Продкі зналі з неаліта: скарбамі зямля наліта і любоўю апавіта. Сёння мы – Радзімы вецце: адно з другім цясней, бліжэй… За Бацькаўшчыну што на свеце радней, шчымлівей, даражэй?
А юбілеі не стамляюць, бо
Запалены кадзільні над спадчынай жытла.
Была малой радзіма, а з намі – узрасла.
І стала абнадзейнай, зямлёй не на пастой,–
Айчынай непадзельнай… Вялікаю… Святой!
Сяргей, сын Сцяпана Панізьніка з Бабышак. Студзень 2020
Застаўка: Валеры Шчасны. Панарама Дзісны
Ілюстрацыі і фота: з асабістага архіву Сяргея Панізьніка