Кіраўнік Беларускай Рады культуры і стваральнік музычнага парталу TuzinFM Сяргей Будкін на просьбу відэапраекту па вывучэнні беларускай мовы «Гоман» склаў топ-5 лепшых, на яго думку, беларускіх песень усіх часоў.
«Зразумела, што кожны раз топ улюбёных песень будзе розны, бо гэта залежыць ад настрою ў момант, а выбар настолькі багаты, што ўкласці гэта ані ў топ-5, ані ў топ-12, ані ў топ-100 у прынцыпе задача складаная, — напісаў Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, — Тым не менш узяўся стварыць такі спіс, кіруючыся крытэрам, што гэтыя песні прайшлі праверку часам і знаходзяцца ў маім плэй-лісце ды не дакучаюць 15 і болей год. Пачытайце, паслухайце каму цікава. Пішыце, якія песні адгукаюцца вам».
№ 5. Мясцовы час — Ноч (1991)
Магчыма, самая прыгожая песня гурта, які з’яўляецца безумоўным гонарам беларускага року. Моцны вакал Алеся Кузьміна, выдатная музыка, аранжыроўка і запіс, які быў зроблены 30 год таму і слухаецца свежа і актуальна дагэтуль. Ідэальны рок-хіт, які, на вялікі жаль, ведаюць сёння няшмат людзей. Рэкамендуецца слухаць у складзе альбома «Ускраіна», дзе кожная песня на падбор.
№ 4. Новае Неба — Мая краіна (1996)
Песня, якая можа абудзіць нацыянальныя пачуцці нават у дрэва. У ёй усё суквецце эмоцыяў — гонар і боль, нескаронасць і міралюбства. А яшчэ гэты верш Міхала Анемпадыстава — узор рок-паэзіі, простай і яснай.
№ 3. КРАМА — Бяжы хлопец (1993)
Самая драйвовая песня з пяцёркі, якая асабіста мяне зараджае энергіяй ужо амаль чвэрць стагоддзя. Важны момант — калі ў 2020-м мы падыйшлі да разумення, што трэба разбурыць турмы муры, то ў гэтым тэксце — муры ўжо разбураныя, герой тут ужо імкнецца далей, разбурыўшы гэтыя ўяўныя муры, бо ён — унутрана свабодны.
№ 4. Мроя-N.R.M.- Lavon Volski — Халодны блюз (1999)
Даволі простая і з тэксту, і з музыкі песня, упершыню пачутая мною на «Акустычных канцэртах канца XX ст.» N.R.M. 21 год таму, палюбілася назаўжды менавіта ў гэтым, жывым выкананні. Можа быць таму, што так хочацца часам блюзу — вось такога чыстага, празрыстага, душэўнага блюзу па-беларуску і гэтая песня акурат ёсць для мяне яго ўвасабленнем.
№ 5. Уліс — Краіна доўгай белай хмары (1990)
У гэтым гурце, асабліва ў іх трох першых цалкам бездакорных альбомах, для мяне схаванае Беларускае Неба — тое самае, якое можна ўбачыць на вокладцы альбому «Краіна доўгай белай хмары». Таму і вылучаю на першае месца загалоўны твор з гэтага дыску, хаця для мяне сярод іх твораў з дыскаў «Чужаніца», «Краіна...» і «Танцы на даху» няма аніводнага прахаднаго. І «Уліс» варта асэнсоваўць менавіта так — альбомамі.
Слухайце сваё!