У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася фотавыстава Льва Дашкевіча (1882 — 1957). Яна прысвечана 135-годдзю яго і Янкі Купалы.
Вялікую частку экспазіцыі складаюць этнаграфічныя здымкі Льва Дашкевіча, зробленыя ў 1923 годзе ў ваколіцах Ігумена (цяпер Чэрвень) і Лагойска падчас экспедыцыі, арганізаванай Наркамасветы Беларусі “для навуковага даследавання Беларусі з боку яе побыту, этнаграфіі, геаграфіі і археалогіі”. Удзельнікі павінны былі “рабіць этнаграфічныя даследаванні у вёсках, саўгасах, мястэчках і на хутарах БССР, набываць прадметы хатняга побыту для экспанавання на Усерасійскай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве і для этнаграфічнага музея, а таксама рабіць апісанні побытавых прадметаў, замалёўкі і фотаздымкі прыроды, жытла, побыту, тыпаў пасялення і інш.”
На адным са здымкаў выяўленыя спадарожнікі Льва Дашкевіча, этнографы Міхал Мялешка (аўтар кнігі “Камень у вераннях і паданнях беларуса”) і Аляксандр Шлюбскі (найбольш вядомы твор — “Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны”). Як распавяла навуковая куратарка выставы Надзея Саўчанка, гэта адзін з нешматлікіх вядомых фотаздымкаў Аляксандра Шлюбскага.
Льва Дашкевіча можна з поўным правам назваць не толькі фатографам, але і сапраўдным этнографам. Цікава ўглядацца ў замалёўкі вясковага жыцця з-пад Чэрвеня. Гэта мясцовасць вабіла і вабіць іншых даследчыкаў: Каруся Каганца, Адама Багдановіча (бацька паэта Максіма). Кнігу краязнаўчых нарысаў “Сцежкамі Ігуменшчыны” мае цяперашні міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.
Сялянка на фоне азярода. Тыя азяроды (пабудова з жэрдак, прызначаная для дасушвання на ветры збажыны, сена, бульбоўніку) цяпер пабачыш хіба ў Музеі народнай архітэктуры і побыту. Ну і на старых фотаздымках.
Прыгожа ўбраныя дзяўчаты з вёскі Цытва вызіраюць у вакенца. Якія дарослыя ў іх твары! Як па-мастацку аздобленыя кашулі!
"Жанчыны ў нядзелю. Хатляны, Шацкая воласць, Ігуменскі павет".
Краявіды з вясковымі вуліцамі. Жанчыны ў белых фартухах і хустках адпачываюць каля хаты ў нядзелю. Так і ўяўляецца: падняліся, убраліся, наведалі царкву, селі пагаманіць. Побач маленькая дзяўчынка: яшчэ без фартушка, але ў хустцы. У гэтай мясцовасці, відаць, малым фартухі не павязвалі. Сустракаюцца згадкі, што моладзь абодвух полаў ледзь не да шлюбу магла хадзіць у доўгай сарочцы, і хлопец толькі калі збіраўся жаніцца надзяваў штаны, а засватаная дзяўчына — панёву. Але было па-рознаму ў залежнасці ад мясцовасці і часу.
“Вечарам на дарозе з Астрашыцкага гарадка ў Лагойск”.
Краявід “Вечарам на дарозе з Астрашыцкага гарадка ў Лагойск”. Як жа памянялася за 100 год гэтая дарога! Ну і этнографы, што ездзяць канём, канечне, таксама ўражваюць сучаснага даследчыка.
На выставе можна пабачыць пейзажы, помнікі архітэктуры і сцэны штодзённага жыцця з Мінска, ваколіцаў Чэрвеня і Лагойска, з Каўказу. Экспануюцца таксама партрэты, зробленыя Львом Дашкевічам. Яшчэ можна пабачыць кнігі, што выходзілі з яго ілюстрацыямі, фотаапарат, якім ён здымаў (перададзены ў дар музею ўнукам фатографа Львом Дашкевічам малодшым, што прысутнічаў на адкрыцці выставы), асабістыя рэчы сям’і.
Леў Дашкевіч рабіў таксама фотарэпрадукцыі, навуковыя здымкі для кафедры анатоміі БДУ, супрацоўнічаў з газетай “Звязда”… З 1937 года займаўся навуковымі даследаваннямі ў вобласці рэнтгенаграфіі, вывучаў уплыў біялагічнага ўльтрафіялету на трофіку і рэгенерацыю тканін, у выніку распрацаваў унікальную методыку паскоранага гаення ран. Надзея Саўчанка выказала думку, што веды па фізіцы Леў Дашкевіч атрымаў, працуючы са святлом у галіне фотамастацтва.
Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны сяброўству і супольнай працы Льва Дашкевіча і Янкі Купалы. Аб’яднаў іх і трагічны лёс: у 1930-м абодва праходзілі па справе Саюза вызвалення Беларусі. На выставе можна пабачыць арыгінальны здымак Янкі Купалы, зроблены Львом Дашкевічам. Як распавяла дырэктарка музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, гэта адно з нешматлікіх фота паэта, дзе той усміхаецца.
Леў Дашкевіч нарадзіўся і памёр у Мінску, пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Жыў таксама ў Францыі, Польшчы, Расіі, Арменіі, Азербайджане. Фатаграфіі навучаўся ў парыжскай Вышэйшай школе графічных мастацтваў (1908 — 1909). У 1915 і 1916 гадах здымаў у якасці ўдзельніка Камісіі па апісанні мясцовасці і плямёнаў Каўказу. У 1918-м працаваў фатографам пры ўрадзе Азербайджана. У 1920-м вярнуўся ў Мінск, выкладаў літаратуру, фатаграфію, французскую мову. Разам з Янкам Купалам удзельнічаў у працы Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР (філалагічную адукацыю атрымаў у 1906 — 1911 гадах у Дзіжоне, Францыя).
Выстава ўлучана ў праграму Месяца фатаграфіі ў Мінску. Неўзабаве адбудзецца прэзентацыя каталога здымкаў Дашкевіча.
Алена Ляшкевіч, “Новы Час”,
фота Паўла Аксіновіча