Суразмоўнік Платона, або Ад якой спадчыны мы адмаўляемся

hu_logo-small.jpg

Хораша, калі звесткі пра якога-небудзь нашага дзеяча можна знайсці ў даведніку, хай і недрукаваным, хоць бы і ў Вікіпедыі, разам з выкладзеным там спісам яго прац. Але нядобра, што часцей, як хацелася б, знаёмства з працамі чытаннем таго спісу і абмяжоўваецца.


01-Piatrouski-01-420x647.jpg

Ян Пятроўскі


Ёсць у абедзвюх беларускіх Вікіпедыях артыкул пра Яна Пятроўскага — з аднолькавымі, дарэчы, памылкамі: не перакладаў ён “Роздумы” Марка Аўрэлія (1978; ён толькі выдаў іх, напісаўшы уводнае слова, а перакладчыкам пазначаны Міхась Кавыль). Ёсць і спіс зробленага: сем кніг дыялогаў Платона, тры тамы “Лепшых думак чалавека”, грэцка-беларускі слоўнік і ангельска-беларускі, тры тамы “Мэмуараў”, “Унівэрсальная Дэклярацыя правоў чалавека”, іншае, якога, зрэшты, другому хапіла б на свой поўны спіс. Толькі пералік той нагадвае хутчэй музейны вопіс: на артэфакты глядзяць, дзівуюцца, шэптам абмяркоўваць, але не кранаюць, адно задаюць пытанні.

Мо і прадбачыў тыя незададзеныя пытанні перакладчык, калі ў 1968 г. у адным з лістоў пісаў: “І калі-б мы паставілі перад сабою задачу параўнаньня дзьвюх эпохаў, з аднае стараны, нашую, а з другой — эпоху, на долю ў якой выпала жыць Сакратасу зь ягоным пакаленьнем, дык мы прыйшлі-б да выснаву, што старажытныя грэкі былі болей шчасьлівымі за нас — прынамся ў тым сэнсе, што яны мелі Піфыю, да якое маглі зьвярнуцца з усімі сваімі сумліўнымі пытаньнямі і атрымаць — добры ці дрэнны — але заўсёды аўтарытатыўны адказ. Усё паказвае на тое, што Піфыі мы мець ня будзем. Аднак я веру, з часам, пры супольных натугах і ў трапна выбраным напрамку, мы можам асягнуць тое, да чаго імкнемся. Тры выбраныя дыялёгі Плятона ў беларускім перакладзе зьяўляюцца часткаю ўспомненых натугаў”. (Тут і далей цытуюцца лісты з архіву БІНіМа.)

Пытанняў – і шэптам, і голасна, і наўпрост, і за вочы — Яну Пятроўскаму ў ягоную эпоху задавалася нямала, і далёка не ўсе яны тычыліся абстрактнай філасофіі, а былі абсалютна зямнымі і даволі колкімі. Ну, напрыклад, што да навукі: дзе абараняліся, доктар Пятроўскі? Сакрэтам Палішынеля было прысуджэнне ступені Інстытутам беларусаведы Св. Ефрасінні Полацкай (Беларусікумам) ці Інстытутам Льва Сапегі: розніцы паміж імі не было вялікай, бо і той, і другі заснаваў і ўвасабляў сабой Уладзіслаў Рыжы-Рыскі, і, натуральна, дадзеныя ім званні не прызнаваліся нідзе.


02-PiatrouskiJan-420x575.jpg

Ян Пятроўскі ў сваёй хаце ў Гейнсвіле. 1990-я гг. Здымак Л. Юрэвіча


Але акурат на такія пытанні Пятроўскі рэагаваў спакойна, дакладней ніяк, ігнараваў іх, што той Сакрат сафістаў. Затое калі агучваліся сумневы ў мове перакладаў, калі закідалася неадпаведнасць арыгіналам і самой беларускай прыродзе ўжытых асабовых і геаграфічных назваў — о, тут случак-пратэстант адказваў, быццам у яго ўсяляліся адначасна Дэмасфен і Лукіян з Самасаты:

“Сягоньня я атрымаў кастрычніцкі нумар “Беларуса”, у якім меў прыемнасьць прачытаць Ваш успамін пра выхад чарговае кнігі дыялёгаў Плятона. Чытаючы Вашую зацемку, мне чамусьці прыпомніўся той чалавек, які, каб не заблудзіцца ў дарозе, прывязаў сябе да тэлеграфічнага слупа. З другой стараны — Здарэньне хацела, што тады, калі на апошняй бачыне ўспамінаецца пра беларускага Плятона, на першай падаецца Вамі падпісаны артыкул “Струвэ” [Маецца на ўвазе публікацыя: Запруднік, Я. Манархісты П.Струвэ й моўная палітыка ў БССР // Беларус. №162. Кастрычнік 1970, с. 1.] Кантраст выступае годны нашае ўвагі, калі мы супрацьставім думкі, выражаныя Вамі ў двух выпадках.

Напрыклад, мой “Сакратас” — гэта ня ёсьць выражэньне гордасьці ці адсебяціны перакладчыка. Перад тым, як Сакратас стаўся ў нас Сакратасам — былі праведзены доўгія гадзіны дыскусыі на гэтую тэму і напісана многа лістоў. Я не прамінуў аніводнага чалавека, які толькі жадаў сабе забраць голас у гэтай важнай справе, каб ня выслухаць яго і чаго-небудзь не навучыцца пры гэтым. І толькі пасьля ўсебаковага разважаньня, з пачуцьцём глыбокае адказнасьці было пастаноўлена — пры наяўнасьці цэлага раду “навуковых” доказаў — перакласьці грэцкае імя Σωκράτης беларускім Сакратас.

Мусіць лёс гэтак хацеў, што ў тым часе, калі вялася ўспомненая дыскусыя, я ня меў магчымасьці навязаць кантакту з Вамі і гэтым прамінуў добрую нагоду паглыбіць свае веды. Пішу я гэта з тым у сувязку, што Вы нашага Сакратаса назвалі Сакратам. І я пэўны, што называючы Сакратаса Сакратам, Вы мелі не малое абаснаваньне. І ў імя ўспомненых вышэй доказаў я зьвяртаюся да Вас з просьбаю, калі меціме час на гэта і жаданьне, падзяліцца са мною, каб і я мог займець тое, што да гэтае пары астаецца сукрытым перада мною, і калі я ў чым-небудзь памыляюся — маім маральным абавязкам ёсьць паправіць памылку, пакуль Нябёсы  праяўляюць сваю ласку адносна мяне.


03-List1-420x558.jpg

04-List2-420x561.jpg

Ліст Яна Пятроўскага да Кастуся Акулы. З архіву БІНіМа



Многія дыскутанты ў закранутай справе выразілі думку, што Сакратас у нас мае быць Сакратасам названы. Калі я кажу “выразілі думку”, я маю на ўвазе іхнае выражэньне ў іхных лістох да мяне. Пры гэтым я мушу зазначыць, што з самага пачатку і да сягоньняшняга дня адзін гаспадар Віцьбіч быў у апазыцыі да нашага перакладу ўласнага імені філёзафа Сакратаса. Будучы, аднак, у апазыцыі, ён ніколі не падаў ніякага доваду, чаму ён думае так, як ён думае. І толькі пад канец, калі ўжо ў бойцы перасталі ўчасьнікі махаць рукамі, гаспадар Віцьбіч выкрыў “праўдзівы довад”.

У гутарцы з гаспадаром Віцьбічам у ягонай кватэры я даведаўся ад яго, што Вы бываеце там час ад часу госьцем. І я прашу Вас, калі Вы будзеце пры першай нагодзе бачыцца з гаспадаром Віцьбічам, парайце яму, каб ён перастаў займацца тым, чым могуць займацца толькі няпісьменныя сялянскія дзеці. Гэткаю “культурнаю” дзейнасьцю ён можа зьнішчыць цэлы свой культурны даробак, ён панізіць бязумоўна беларускую інтэлігэнцыю на эміграцыі і тыя культурныя беларускія арганізацыі, да якіх ён належыць. Адзін тут адвакат, зь якім я меў нагоду гаварыць, сказаў мне, што падобная акцыя клясыфікуецца ў ЗША як “фэдэрал крайм”.

Кажная культурная ці сацыяльная акцыя, у часе якой ужываўся скальпэль, выкліквала хвалю абурэньня, як і апляуз многіх. Гэтак было, калі Анаксагорас уцякаў з Атэнаў, а Сакратас паміраў у вязьніцы, або калі Саванароля дамагаўся рэалізацыі прынцыпаў эвангельскіх, а Галілей у прысутнасьці найвышэйшых аўтарытэтаў сьвету апушчаўся на калені і старэчым голасам каяўся са сваіх “памылак”. Рэфармацыя была тою духова-культурнаю рэвалюцыяю, якая кранула з амярцьвелага пункту пагружаны ў страшную цемру сьвет да новых гарызонтаў, лепшае будучыні… Дый нашто далёка шукаць, вазьмеце нашых ворагаў — расейцаў, як яны адважна пацягнулі скальпэлям і куды яны крочаць. А мы?

Думка, якую выказвае Струвэ, гэта якраз тая думка, якою я кіраваўся, разважаючы з нашага — беларускага пункту гледжаньня. Расейцы ня хутка дадуць згоду перакладаць Плятона на беларускую мову дый думаюць пры гэтым самастойна. Але з другой стараны, яны ахвотна ўспамагаюць беларусаў у выдаваньні й перавыдаваньні абсалютна шкоднага для нас “нашага” твору “Тарас на Парнасе”. Гэтым яны, як той казаў, двух зайцаў на адзін раз забіваюць: па-першае, яны даюць беларусам “грэцкую клясыку”; па-другое, зьместам гэтага твору яны маральна раскладаюць душу беларуса. Вось гэтагa Струвэ, і иже с ним, баіцца, што можа прыйсьці гэткая пара, калі беларусы пачнуць думаць самастойна і абыходзіцца без расейскае культуры. І ў грунце рэчы, мой пераклад — гэта першая гэткага роду спроба ў нас абыйсьціся без расейцаў. Выклікала гэта хвалю незадавальненьня сярод недалёкадумаючых нашых людзей. З другой стараны, гэта лёгка зразумець.

Фактычна бадай што (за малым выняткам) уся нашая інтэлігэнцыя актыўная сяньня стаіць на базе расейскае культуры, на расейскай мове. Калі-б здарылася, што гэтую культуру і мову што-небудзь выбіла ёй з-пад ног, яна-б апынулася ў поўным амярцьвеньні, і ўсякая акцыя спынілася-б. Нічога затым дзіўнага, што, будучы адмалку ўзгадованай ў расейшчыне, беларуская інтэлігэнцыя ня можа лёгка ўспрыняць слова, філялягічна зусім абаснаванага: Сакратас.

Або: нядаўна “Беларус” прынёс фантастычную з пункту гледжаньня беларускае псыхалёгіі і проста непраўдападобную вестку, выдрукаваную асобным шрыфтам, аб тым, што.. беларускі сьвятар у незалежнай беларускай царкве пачаў маліцца па-беларуску!!!! Нядаўна адзін з нашых суродзічаў звоніць да мяне па тэлефоне і запрашае мяне, каб прыехаў у Нью Брансвік паглядзеў і паслухаў, як а. др. Васілеўскі адпраўляе божую службу па-беларуску.

Якое страшнае духовае паняволеньне сярод нас! Нікому з гэтых нявольнікаў і ў цям ня прыйдзе, каб агалошваць сэнсацыйную вестку, што расейцы моляцца па-расейску ці немцы — па-нямецку і г. д. Разумна Вы кажаце, што “разважаў Струвэ на ўзор і некаторых нашых сучасьнікаў”. Адзін з гэткіх сучасьнікаў, пайменна гаспадар Віцьбіч, у гутарцы зы мною у ягоным доме ў прысутнасьці гаспадара Мядзейкі сказаў мне, каб я ляпей ня ехаў у Бэлер-Менск, бо там мяне можа спаткаць прыкрасьць да фізычнага пабіцьця мяне ўключна.

Гэта было ў часе апошняга майго спатканьня з сьв. п. прафэсарам Яўхімам Кіпелям у Бэлер-Менску. Падчас паніхіды пад голым небам мы стаялі разам побач як беларускія вэтэраны. І калі дзіякан данёслым гласам чытаў малітву зa паўшых нашых жаўнераў, я, зьвяртаючыся да прафэсара, сказаў ціха: Гэта-ж ён моліцца па-расейску!

— Не, адказаў мне праф. Кіпель, — гэта па-славянску.

Гэтае гутаркі я не магу забыць. Кароткая яна была, але зьмястоўнаю й трагічнаю адначасна.

Трагізм тут выяўляўся ў тым, што абодвое мы мелі па-своему рацыю. Трагізм у тым, што фактычна мова дыякана была й расейскаю, і славянскаю. Славянскаю яна была ў тым сэнсе, што яна была сучаснаю царкоўна-славянскаю, г. зн. тою моваю, якою фактычна насычана праўдзівая расейская мова, і ўжо напэўна была тою самаю моваю, якою моляцца расейцы. І факт наяўнасьці гэткага парадоксу духовага заключаецца ў тым, што гэткага роду славянская мова зьяўляецца тым магутным ланцугом, які трымае нас (і беларусаў, і расейцаў) разам, на карысьць для расейцаў. Вось дзе праўдзівая сіла расейцаў. Якія павінны мы прадпрыняць натугі, каб вызваліцца з тае сілы, якая мацнейшаю зьяўляецца ад сілы атаму? (ліст да Янкі Запрудніка ад 18 кастрычніка 1970 г.).


05-PasztoukaSkarynaPiatrouskaha-420x617.jpg

Паштоўка, выдадзеная Янам Пятроўскім у Лінцы (Аўстрыя), 1949 г.


Ян Пятроўскі быў далёка не адзіным моўным пурыстам у беларускай эміграцыйнай грамадзе і не адзіным, чыя мова — слушна ці не, цяпер размова не пра тое — жорстка крытыкавалася і высмейвалася ў сваім жа асяроддзі. Але вось парадокс: калі творы — і мовазнаўчыя, і гістарычныя — Янкі Станкевіча колькі гадоў як сабраныя і перавыдадзеныя, а “Бібля” замест “Бібліі” дараваная і наогул забытая, калі перакладзены а. Пётрам Татарыновічам раман Генрыка Сянкевіча “Quo Vadis” таксама перадрукаваны ў Беларусі, калі ўспаміны Барыса Данілюка “Азіраючыся расой выетымі вачыма” чытаюцца і карыстаюцца попытам, пра спадчыну доктара айца Пятроўскага можна пачуць толькі енк: “Што сталася з агромністым Архівам Беларускага Харытатыўна-Адукацыйнага Фонду — Нашым Нацыянальным Літоўскім Скарбам?!”

Тут, як любіў паўтараць Юрка Віцьбіч, крыху асабістага.

Адзін з аўтараў гэтых радкоў напрыканцы 1990-х гадоў мінулага стагоддзя адведаў спадара Пятроўскага ў ягоным фларыдскім Гейнсвіле; ехаў туды з думкамі пра няспешныя праходкі ўздоўж парапету, ціхія размовы ў сонечным садзе. Але атрымалася інакш: маналогі гаспадара, зануранага ў тэмы, далёкія ад Элады, зацікаўлення не выклікалі, за выняткам аднае: лёсу бібліятэкі і архіву.

Як Уладзіслаў Рыжы-Рыскі ўвасабляў сабой дзве заснаваныя ім інстытуцыі, гэтак і Ян Пятроўскі — разам з жонкаю і сынамі — мог паўтарыць на ўзор Людовіка XIV дэ Бурбона: “Харытатыўна-Адукацыйны Фонд — гэта мы”. Праўда, на той момант жонка Алісія і адзін з сыноў ужо не жылі, другі ж сын бацькі фактычна выракся.

Адэкватна ацэньваючы сітуацыю, гаспадар раіўся: што рабіць з усім сваім архівам? Зрэшты, з паперамі ён даваў рады: з найбольш цікавага ліставання — з Юркам Віцьбічам, нікім іншым — зрабіў асобную публікатку, пераздымаючы лісты і памнажаючы іх на капіявальнай машыне. Такая сабе гісторыя вайны і міру ў лістах атрымалася.

Асабліва важнае асабістае, на думку ўладальніка, — як ліставанне, так і дакументы — ён адбіраў для трэцяга тома сваіх успамінаў, над якім якраз працаваў: на друкарцы пісаў абзац, другі, потым выразаў з ліста ці дакумента неабходнае, наклейваў на старонку з надрукаваным уласным тэкстам; усё гэта потым капіявалася, каб пазней здаць у друкарню. Таму наўрад ці што вартаснага захавалася пасля такіх аплікацыяў — па-за старонкамі мемуараў.

Дамовіліся мы тады наступным чынам: усё, што палічыць патрэбным, гаспадар будзе перасылаць у Нью-Ёрк. Яшчэ да атрымання першых скрыняў было вырашана з тагачасным дырэктарам Фундацыі імя Крэчэўскага пра перахоўванне, так што і з гэтым праблемаў не мусіла быць. Вось жа калі пачалі прыходзіць скрыні, пэўнае расчараванне было цяжка стрываць: папераў не было ніякіх, а кнігі дзяліліся на тры катэгорыі: англамоўныя, выдадзеныя ў БССР і выданні самога сп. Пятроўскага. Ніякіх “разынак”, цікавостак і неспадзяванак. Што менавіта было пакінута ў фларыдскай хатцы і які лёс напаткаў рэшту, можна ўявіць, але мы ўпэўненыя: галоўны скарб — гэта працы самога Яна Пятроўскага.

Тэма “пераклады Платона і эміграцыя” не надта прыемная, па шчырасці. Хоць у друку і былі прыхільныя рэцэнзіі, кнігі заставаліся незапатрабаванымі: іх не набывалі і не чыталі. Пераважная частка інтэлігенцыі лічыла, што ёсць больш пільныя рэчы, сапраўды патрэбныя ў сітуацыі паняволенай бацькаўшчыны і выжывання ва ўмовах эміграцыі. Не ўсе ўхвалялі нават доследы Вітаўтам Тумашам Скарыны: як напісаў адзін рэдактар і выдавец рэлігійнага часопіса “было і было, мінула, чаго цяпер?”. Але за Тумашам стаяў інстытут, БІНІМ, Пятроўскі ж праз усё жыццё быў сам па сабе. Да таго ж Платон — не беларус, у адрозненне ад Скарыны. Што тут сказаць; патрыятызм можа быць сляпым.

Пятроўскі рассылаў свае выданні па бібліятэках: па Амерыцы, у Польшчу, даходзілі яны і ў Беларусь — нават у 1980-я гады. І сёння знайсці асобнікі ўсіх томікаў Платона, як і “Лепшых думак”, не выклікае аніякай складанасці. Мова, тэрміналогія цалкам могуць быць падпраўленыя разумным рэдактарам.


06-Piatrouski1985.jpg

Ян Пятроўскі. 1985 г.


Згадваецца, як Наталля Арсеннева працавала над перакладам “Песні пра зубра” пад наглядам таго ж Тумаша, да якога пісала: “Даражэнькі спадар Доктар, зь вялікім задавальненьнем адказваю на Вашыя лісты ў справе “Песьні пра Зубра”. Пераклад Семяжона прачытала пару разоў. Ён добры з аднаго боку, але немагчымы — зь іншых. Першае, ён цалкам супярэчыць асьведчаньням аўтара “Песьні”. У адным месцы сам Гусоўскі кажа, што ён стараецца ўжываць толькі гэткія словы й выразы, якія будуць даспадобы ягонаму апекуну й працадаўцу, Біскупу Эразму Плоцкамі і “ў згодзе із станам сьвятарскім”. А ў Семяжона раз-пораз гэткія выразы, як “нагой у азадак”, “дрэйфіў”, “адвальваў ня скупа” (гэта Вітаўт — сьвятарству!). Гэтаксама ў яго поўная супярэчнасьць з аўтарам у паглядзе на князя Вітаўта. Для Гусоўскага Вітаўт – ідэал, якім ён захоплены, а ў Семяжона “князь вар’ят”, із “шалёнай прыхамацяй”, “факельшчык вайны са слабым, а з дужым — анёл-міратворца”. Тэндэнцыя тут гэткая выразная, што нават не патрабуе аніякае праверкі з лацінскім тэкстам. Калі я скончыла чытаць, у мяне застаўся вялікі нясмак, ну й пратэст. У расейскім перакладзе нічога гэткага няма. Пераклад гэты спакойны, у меру паэтычны і амаль заўсёды ў згодзе з аўтарам “Песьні”. Вітаўта Парэцкі ня лае. Ды й мова ягоная скрозь “у згодзе із станам сьвятарскім”.

Перастварэнне Язэпа Семяжона застаецца класікаю ў нашай літаратуры, хоць на сёння мы маем аж тры пераклады “Песні пра зубра”! Пераклад Платона — адзін-адзінюткі.

Ці нагэтулькі мы багатыя, каб раскідацца такой спадчынаю?

Ці настолькі няўдзячныя?

Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, “Будзьма беларусамі!”