Сціплы Максімаў дом

Ці ведаеце вы, дзе ў Мінску знаходзіцца адзіны ацалелы дом, звязаны з жыццём Максіма Багдановіча? Многія жыхары сталіцы (і не толькі яе) памятаюць гэтае месца пад назвай «Беларуская хатка». Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня адкрыцця музея. Прымеркаваная да 100-гадовага юбілею класіка, гэтая знамянальная падзея, якая адзначалася 25 чэрвеня 1991 года, ускалыхнула грамадскасць. У тагачасным друку «Беларускай хатцы» прагназавалася вялікая будучыня — стаць цэнтрам культурнага жыцця… За гэты час музей перажыў шмат розных падзей. Ці памятаюць сёння, наколькі важная гэтая ўстанова для нашай гісторыі?

На гэтае пытанне адкажуць аматары літаратуры. Але і далёкія ад гуманітарных навук здагадаюцца, што будынак звязаны з беларускімі пісьменнікамі: падказка навідавоку — гэта помнік Максіму Багдановічу і імянныя лаўкі. А для многіх маленькіх і юных беларусаў і беларусачак музей «Беларуская хатка» атаясамліваецца з чароўнай батлейкай, яе незабыўнымі персанажамі і непаўторным гумарам. Іншым запомнілася, як самі «ткалі» тут паясок ці рабілі «пісанку». Хтосьці згадае таямнічы пакой з газніцай, дзе працаваў паэт. А для некага гэтае месца стане адкрыццём.


01-1_25_memaryyalny_pakoy_maksima_bagdanovicha.jpg

Пакой Максіма Багдановіча.


На Мала-Георгіеўскай, 12А

Той, хто падымаўся па прыступках ганка «Беларускай хаткі», праходзіў пад своеасаблівай брамкай-брыльком з каванымі лічбамі «1904». На аснове архіўных дакументаў даследчыкам удалося высветліць, што гэта і ёсць год пабудовы самога дома. Аказалася, што з 1900 г. пляц быў арандаваны настаўнікам вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі С. І. Рэдзькам. На вялікі жаль, пакуль не выяўлены дакументы, звязаныя з будаўніцтвам згаданага дома-флігеля. Але з кадастравых ведамасцей відаць, што яго здавалі ў наём.

Адна з жыхарак дома, Зоська Верас (Людвіка Войцік), расказвала, што дом пад нумарам 12А стаяў на Мала-Георгіеўскай у глыбіні панадворка, і падзяляўся як бы на дзве часткі вялізным шчыльным плотам, што ўпіраўся ў сцяну дома 12 (ад вуліцы). Так што суседзі маглі і не сутыкацца. Гэты будынак пісьменніца добра ведала, бо менавіта яго ўвосень 1915 года нанялі пад адну з бясплатных сталовак актывісты мінскага аддзела беларускага Таварыства дапамогі ахвярам вайны. У 1917—1918 гадах Людвіка кватаравала тут сама: спачатку з сёстрамі Змітрака Бядулі ў іх пакоі, а потым з маці — у былым пакоі Максіма Багадновіча.

Змітрок Бядуля пасяліўся ў доме Рэдзькі, калі сталоўку ліквідавалі, у 1916 годзе. Па-сутнасці ён і з’яўляўся галоўным кватарантам правай часткі дома да канца 1918 г., пакуль сам не пераехаў у былы будынак «Беларускай хаткі» — беларускага клуба інтэлігенцыі і сталоўкі.

«Літаратурнае» мінулае дома Рэдзькі не абмяжоўваецца згаданымі прозвішчамі. Акрамя Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі і Зоські Верас, тут кватаравалі іншыя літаратары. Сцены памятаюць Язэпа Лёсіка (жыў у былым пакоі Багдановіча), Уладзіслава Чаржынскага (які, дарэчы, ажаніўся потым з адной з бядулевых сясцёр), Аркадзя Смоліча, Уладзіслава Галубка, Лявона Зайца, якія заходзілі да М. Багдановіча.

А тым часам што ж было з домам на Мала-Георгіеўскай? У 1919 годзе, пасля ўсталявання савецкай улады, пляц з пабудовамі ў С. І. Рэдзькі быў канфіскаваны і перададзены дзяржаве. На жаль, пра ўласнікаў і жыхароў дома ў міжваенны пераяд інфармацыя пакуль не выяўлена. Але вядома, што сваю функцыю згаданы дом працягваў выконваць да сярэдзіны 1980-х. У ім даваліся кватэры жыхарам чыгуначнага раёна. І па сёння часам знаходзяцца людзі, якія тут жылі, дзеляцца настальгічнымі ўспамінамі…


Як усё пачыналася

У сярэдзіне 50-х будынку надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці пад назвай «дом Бядулі» (назва, як тлумачыў гісторык Аляксандр Лакотка, была ўмоўнай, без прывязкі да прыналежнасці). У1980-х гадах былы дом Рэдзькі па новым плане забудовы горада, як і многія іншыя дамы такога тыпу ў раёне Уборкі (па вуліцы Талстога, былой Мала-Георгіеўскай), трапляў пад знос. Каб яго захаваць, патрабавалася шмат высілкаў. Грамадскасць у асобах супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, шматлікіх энтузіястаў з гарадскога аддзялення дабравольнага таварыства аховы помнікаў на чале з М. І. Дземчуком, пісьменнікаў і навукоўцаў (К. Тарасаў, А. Мальдзіс, Г. Бураўкін), іншых зацікаўленых людзей звярталася да кіраўніцтва і ўпаўнаважаных арганізацый. Дзякуючы таму, што дом меў статус помніка гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння, у верасні 1985 г. было прынята рашэнне аб яго пераносе на зямельны ўчастак паміж інтэрнатамі Беларускага інстытута культуры. Будынак скранулі з гістарычнага падмурка і пакінулі ў паўразбураным стане на новым месцы на зімовы перыяд. Нават, як пісалі ў рэдакцыю адной са сталічных газет супрацоўнікі музея Багдановіча, «без належнай аховы», што спрыяла далейшаму разбурэнню помніка. Рэстаўрацыйныя работы па аднаўленні дома тады так і не пачаліся. І зноў лісты і звароты…


02-4_25_hatka1.jpg

Музей «Беларуская хатка». Над уваходам.


«Хай зведаюць усё патомкі праз паперу…»

Урэшце Мінгарвыканкам прыняў рашэнне ад 2 кастрычніка 1986 г. аб стварэнні структурнай адзінкі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Паступова пачаліся работы па рэстаўрацыі будынка і стварэнні экспазіцыі. На гэта спатрэбілася 5 гадоў.

Прайшоўшы ўсе перашкоды, мемарыяльны дом расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў…

Каму ж мы абавязаны, што маем цудоўнае экспазіцыйнае рашэнне ў «Максімавым доме», як часта называюць яго наведвальнікі? Безумоўна, гэта праца цэлага калектыву. Але ўсё ж нельга не згадаць некалькі імёнаў. Тэматыка-экспазіцыйны план філіяла «Беларуская хатка» складала супрацоўніца музея Вера Мікута. У яго аснову была пакладзена ідэя клуба інтэлігенцыі, створанага членамі Таварыства па дапамозе ахвярам вайны, які нейкі час размяшчаўся на вул. Захар’еўскай, 18 з аднайменнай назвай. Менавіта ў той перыяд актыўным удзельнікам яго стаў М. Багдановіч. Пласт матэрыялаў экспазіцыі прысвечаны дзейнасці згаданага таварыства.

Экспазіцыя «Беларускай хаткі» — своеасаблівы працяг тэмы пятай залы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэта відаць у мастацкім афармленні, аўтарам якога быў Эдуард Агуновіч. Дапамагалі ўвасабляць ідэю яго маладыя вучні А. Грачоў, У. Пратасеня і С. Бажкоў. Удалым аказалася рашэнне экспазіцыйнай залы, якая аформлена ў стылі мадэрн. Складная канструкцыя вітрын паўтарае знешні выгляд цэнтральнага экспаната — батлейкі, прастора арганічна пераўтвараецца ў тэатральную.


«Ноч. Газніца гарыць, чырванее, і гарбата, астыўшы, стаіць…»

Гэтыя словы паэта прыходзяць на думку, калі падыходзіш да «сэрца» музея — мемарыяльнага пакоя Максіма Багдановіча. Складаецца ўражанне, што паэт толькі што выйшаў, каб падыхаць начным паветрам ці падзівіцца на зоркі, але хутка вернецца, каб ізноў працаваць над вершам.

Пакой аднаўлялі, абапіраючыся ў асноўным на ўспаміны сведкі — Зоські Верас, з якой ліставаліся і сустракаліся ў яе лясной хатцы ў Вільнюсе. Для паказу творчай «лабараторыі» паэта карысталіся і ўспамінамі З. Бядулі і Л. Зайца. На стале — стосы папер і кніг, сярод якіх адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча «Вянок», сціпла прытуліўся партрэт маці, раскладзены ў творчай бязладзіцы пісьмовыя прылады… А сярод іх — футляр для градусніка, які адразу, як і ступка з таўкачыкам для драблення лекаў (рэч сям’і Багадновіча), сігналізуе пра невылечную хваробу маладога пісьменніка. З астатняга аздаблення пакоя — атмасферныя прадметы: пара крэслаў і тумбачка.


«Эх, мае рыфмаваныя цётачкі…»

Так Максім паводле Змітрака Бядулі назваў аднойчы яго сясцёр Рэню і Геню, якія займалі пакой на супрацьлеглым баку дома, што межаваў з кухняй і быў крыху меншы. Цяпер тут — камод з рознымі «жаночымі» прыладамі для рукадзелля, грамафон. З асабістых прадметаў сям’і Плаўнікаў — партрэты дзяўчат.

А паміж гэтымі двума пакоямі быў трэці — доўгі, вузкі, з адным акном. Менавіта тут, у прахадным пакоі, туліўся сам Змітрок, значна пагоршыўшы свае жыллёвыя ўмовы. Цяпер у ім разгарнулася часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «На струнах душы», прычвечаная 135-годдзю літаратара. А раней, па ўспамінах З. Верас, «пад вакном стаяў просты маляваны на цёмна руды коляр стол, шырокая сялянская лава, 2 крэслы. На лаву З. Бядуля клаў на ноч сваю пасьцель, якую на дзень выносіў у каморку пры кухні».


Асяродак беларускай культуры

Менавіта так пачаў успрымацца музей, які разгарнуў актыўную дзейнасць. Многім наведвальнікам запомніліся экскурсіі і батлеечныя прадстаўленні Сяргея Вітушкі, з захапленнем пісалі водгукі ўдзячныя гледачы загадчыкам філіяла Эдуарду Акуліну, Таццяне Шэляговіч. Кніга водгукаў проста поўніцца шчырымі словамі.

У 1990-я гады на базе «Беларускай хаткі» пачала дзейнасць аднайменная грамадская суполка, кіраўніком якой была найактыўнейшая руплівіца на ніве папулярызацыі беларускай культуры Ала Міхайлаўна Ходан. І сапраўды, музей падхапіў традыцыі клуба інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя. Не толькі батлеечныя прадстаўленні — мара Максіма — адбываліся ў сценах музейнай залы, але і слайд-лекцыі, літаратурныя і музычныя імпрэзы, вечары памяці.

Літаратурна-тэатралізаваныя імпрэзы (іх удзельнікамі якіх з’яўляліся студэнты, аспіранты БДУ культуры і мастацтва, супрацоўнікі і сябры музея Багдановіча) запомніліся гледачам спробай увасобіць досвед нашых папярэднікаў, якія стаялі на чале стварэння прафесійнага тэатра: аматарскія тэатральныя замалёўкі вобразна ажыўлялі мерапрыемства і рабілі яго незабыўным.


«Ты не згаснеш, ясная зараначка!»

За час, калі музей знаходзіўся на капітальным рамонце, з’явіўся шэраг новых форм працы з падрастаючым пакаленнем. Гэта музейныя інтэрактыўныя заняткі і праграмы, якія дазваляюць аднавіць страчаны ланцужок у пераемнасці пакаленняў. Юным наведвальнікам палюбіліся заняткі, на якіх яны робяць батлеечную ляльку і самі спрабуюць сябе ў ролі батлейшчыкаў, плятуць паясок, распісваюць велікодныя яйкі і асвойваюць забытыя гульні нашых продкаў.

Не сышла ў нябыт і такая даўняя форма, як экскурсія, тым больш што яна мае элементы інтэрактыву. Па-ранейшаму запатрабавана незабыўная батлейка. А сямейным наведвальнікам даспадобы прыйшоўся квэст «Сямейнае падарожжа», тым больш што ён захоплівае сцяжынку пісьменнікаў, якая нядаўна з’явілася вакол «хаткі». Маленькія наведвальнікі вераць, што калі прысесці на імянныя лавачкі Максіма і яго сяброў-літаратараў, то можна прывабіць поспех. А як яно будзе — пакажа час! Магчыма, з юных наведвальнікаў, дзякуючы аднаўленню пераемнасці пакаленняў, выйдуць новыя геніі зямлі беларускай.

Таццяна Лабада, загадчык філіяла «Беларуская хатка», «ЛіМ»