Старэйшы брат паэта. Вадзім Багдановіч: лідар, натхняльнік, змагар

Яго імя згадваецца разам з малодшым братам, класікам Максімам Багдановічам. І ролю старэйшага брата ў станаўленні пісьменніка і грамадзяніна недаацэньваць нельга. Менавіта таму супрацоўнікі музея працягваюць пошукі матэрыялаў, звязаных з В. Багдановічам, даследуюць матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах розных музеяў і архіваў.


01-5_11_bagdanovichy_vadzim_i_maksim.jpg

Максім і Вадзім Багдановічы, г. Гродна, 1893 г.


Адчайны, смелы, таленавіты

Пра Вадзіма Багдановіча вядома нямала дзякуючы бацьку Адаму Багдановічу, які ва ўспамінах пра Максіма прыводзіць таксама звесткі пра іншых членаў сям’і. Адам Ягоравіч неаднаразова згадвае сына ў лістах да жонкі Марыі Апанасаўны, называе яго пяшчотна «Вадзімчык», клапоціцца пра здароўе, прыводзіць цікавыя слоўцы дзіцяці, напрыклад, «усё» (пры тым, што ў сям’і размаўлялі па-руску). Пра тое, што Вадзім у дзяцінстве быў вельмі актыўны, сведчаць лісты Марыі Багдановіч, якія яна пісала з вёскі Вяззе: «Сёння пад вечар злавіла за вёскай на выгане» (24 красавіка), «Вадзім так да ўсяго прыглядаецца, а пытанням няма канца», «як толькі дзень настае — так з  вясковымі хлопчыкамі і пайшоў на выган» (3 мая). Яны адпачывалі тут вясной-летам 1895 года, калі хлопчыку было крыху больш чым пяць гадоў.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча захоўваюцца лісты Вадзіма, напісаныя ім у 7 і 10 гадоў, адрасаваныя стрыечнай сястры Веры Гапановіч. Лісты ўражваюць і думкамі, і стылем аўтара: «Мілая сястрыца Вера. Віншую цябе з  днём анёла. Мы ўсе здаровы. Максім і  Лёва табе кланяюцца і віншуюць. У нас, у Ніжнім, быў кірмаш, з усёй Расіі тавару навезена на продаж…» (14 верасня 1897  г.). Фраза з іншага ліста ад дзесяцігадовага аўтара сведчыць пра яго лідарскія рысы характару: «Я бароўся з татарынам, а татарыну было 12 і я яго пабароў...» Зразумела, гэта была не звычайная дваровая дзіцячая бойка, а адна з татарскіх забавак Старэйшы брат паэта Вадзім Багдановіч: лідар, натхняльнік, змагар (і адначасова метад выхавання). Адчуваецца смеласць Вадзіма, які выйшаў на «бой» з сапернікам, старэйшым за сябе і, напэўна, больш вопытным. Раздзелім разам з хлапчуком і радасць перамогі.

Здача экзаменаў для паступлення ў Ніжагародскую мужчынскую гімназію — яшчэ адна перамога Вадзіма Багдановіча. Грунтоўная падрыхтоўка з дапамогай бацькі, шырокі кругагляд дапамаглі хлопчыку здзівіць гімназічнага выкладчыка на ўступных экзаменах. Паводле ўспаміну, дзесяцігадовы Вадзім «стаў распавядаць пра паходы Аляксандра Македонскага, аб утварэнні і распадзе яго дзяржавы, аб царствах, аб элінізацыі Усходу». Праўда, пазней інтарэс да вучобы знік, на першы план выйшаў грамадскі і палітычны інтарэс. Вадзім прымае актыўны ўдзел у падзеях, якія адбываюцца ў Ніжнім Ноўгарадзе падчас першай рускай рэвалюцыі. Адам Багдановіч згадвае, што сын «цалкам захоплены рэвалюцыйным рухам»: на мітынгах, сходках у гімназіі і па-за ёй выступае як таленавіты прамоўца.


Спадчынная бяда

Невядома, як склалася б палітычная кар’ера Вадзіма Багдановіча, калі  б не спадчынная хвароба — сухоты. Дакументы, выяўленыя супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Цэнтральным архіве Ніжагародскай вобласці, сведчаць, што стан здароўя старэйшага сына пагаршаўся. І бацька ў роспачы: з  аднаго боку, яму хацелася, каб сын працягваў гімназічнае навучанне, не губляючы ні года, з другога боку, ён клапаціўся пра здароўе юнака. Пры паступленні ў VII клас у жніўні 1906 года Вадзім не здаў экзамены па лацінскай мове і матэматыцы. На падставе медыцынскага сведчання аб стане здароўя, разгледжанага на пасяджэнні педагагічнага савета 8 жніўня 1906 года, прынята рашэнне адкласці іспыты на некалькі дзён — «да яго выздараўлення». З пратакола наступнага педсавета становіцца зразумела, што юнак на іспыты не з’явіўся.

Пытанне ўздымаецца яшчэ некалькі разоў, крайнім тэрмінам здачы экзаменаў прызначаецца 7 кастрычніка 1906 года. А 31 кастрычніка таго ж года тытулярны саветнік Адам Багдановіч падае прашэнне на імя дырэктара: «Хваравіты стан майго сына, вучня VI кл. Вадзіма, не дазволіў яму трымаць экзамены ў VII кл. па лацінскай мове і матэматыцы. У дадзены час стан яго здароўя настолькі нездавальняючы, што, згодна з меркаваннем дактароў, я лічу неабходным забраць яго часова з гімназіі для папраўлення здароўя і падрыхтоўкі да экзаменаў». Адам Ягоравіч хадайнічае аб адтэрміноўцы іспытаў да вясны будучага года альбо «на максімальны тэрмін» і просіць аб выдачы адпускнога білета Вадзіму Багдановічу для пражывання ў г. Коўне да 1 лютага 1907 г. (пратакол ад 9 лістапада 1906 г.). У сакавіку 1907 года члены педагагічнага савета гімназіі прымаюць рашэнне: працягнуць тэрмін адпускнога білета ў Коўна да 1 мая. Акрамя таго, у  сувязі з  тым, што Вадзім Багдановіч не наведваў гімназіі ў  1906—1907 гг. і не меў балаў ні па адным прадмеце, падвергнуць яго іспытам па ўсіх прадметах.


02-5_11a.jpg

Сям’я Багдановічаў у Гродне ў 1895 г. Вадзім абдымае Максіма.


З прагай жыцця


Вядома, што для лячэння сухотаў дзяцей і ўласнай прафілактыкі А.  Багдановіч некалькі разоў выязджаў на адпачынак, у прыватнасці, усе разам ездзілі ў  Белебей. Горад выбраны наўмысна: тут жыў знаёмы — доктар Іван Сямакін. Можна здагадацца, чаму галава сям’і выбраў Коўна: у гэтым губернскім горадзе жыў Сямён Герасімавіч (па іншых звестках — Геранімавіч) Гарбачык, знаёмы Адама Багдановіча. Пра тое, што Вадзім быў у Коўне, сведчыць яго ліст да С. Гарбачыка (захоўваецца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гродна). На канверце пазначаны адрас: Коўна, вуліца Садовая, дом Кармялоўскага. Памятная кніжка Ковенскай губерні на 1907 год пацвярджае, што гэта адрас пражывання калежскага сакратара Гарбачыка Сямёна Герасімавіча. У Коўна прыехаў, верагодна, у 1891 годзе, працаваў на пасадзе старшага настаўніка мясцовага Старагародскага прыходскага вучылішча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, праваслаўнага веравызнання, быў халасты, на службе з 1885 г. С. Гарбачык — гласны Ковенскай гарадской думы, бібліятэкар Ковенскага аддзела Рускага таварыства аховы народнага здароўя, член Камісіі народных чытанняў.

Сямён Гарбачык старэйшы за Вадзіма Багдановіча: ліст напісаны з павагай, але «на роўных», тэкст даволі аптымістычны: «У  Ніжні дабраўся без прыгод, жывы, здаровы, вясёлы». Напісаны жыва, з пачуццём гумару, абмяркоўваецца пажар, які адбыўся ў  адсутнасць гаспадара. Згадваюцца некаторыя знаёмыя Вадзіма, на жаль, у большасці падаюцца толькі імёны — Агата, Фёдар, Леанід, два Вячаславы, Канстанцін, сям’я Адамовічаў. Можна зрабіць некаторыя высновы пра інтарэсы старэйшага брата Максіма: юнак патрабуе, каб Вячаслаў «малодшы» тэрмінова выслаў «Новое слово» і «Научное обозрение». «Новое слово» — штотыднёвы грамадска-літаратурны ілюстраваны часопіс, які выходзіў у Маскве з 1906 года, «Научное обозрение» — штотыднёвы навуковы часопіс, які публікаваў матэрыялы па дакладных навуках, прыродазнаўстве і гісторыі, а  ў  дадатках — пераклады твораў Ч.  Дарвіна, К.  Маркса, Ф. Энгельса. Па ўспамінах зводнага брата Паўла Багдановіча, Вадзім займаўся публіцыстыкай, яго артыкулы захоўваліся ў сямейным архіве і згарэлі ў 1918 годзе. Магчыма, прагрэсіўна настроены юнак не толькі чытаў гэтыя часопісы, але і супрацоўнічаў з імі. Яшчэ аднаго з ковенскіх знаёмых, Леаніда, Вадзім просіць тэрмінова выслаць яго каталогі.

Адпачынак і лячэнне ў Коўне дапамаглі Вадзіму Багдановічу толькі на некаторы час. 9 красавіка 1908 года яго жыццё скончылася. Зводны брат Павел Багдановіч згадваў, што вестка аб смерці юнака ўразіла ніжагародскую моладзь. Паліцыя, якая баялася гімназічных хваляванняў, загадала хаваць яго ноччу, таму на пахаванні нікога з родных, акрамя бацькі, не было. Магіла не захавалася. Па ўспамінах Паўла, на тым месцы засталіся толькі два дрэвы — сімвалы кароткага, але яркага жыцця Вадзіма Багдановіча.

Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Фотаздымкі з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча


„Літаратура і мастацтва“