Сын экс-старшыні Вярхоўнага Савета распавёў “Народнай Волі”, за што трапіў у ізалятар на 10 сутак.
4 лістапада стала вядома, што ля пад’езда ўласнага дома быў затрыманы 36-гадовы прадпрымальнік Станіслаў Шушкевіч, сын першага кіраўніка Беларусі. У выніку яго асудзілі на 10 сутак…
– Мяне пакаралі толькі за тое, што зрабіў рэпост з крыніцы, якая, як аказалася, прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай, – кажа Станіслаў ШУШКЕВІЧ. – Далей было затрыманне, суд, “суткі” ў ізалятары. Непрыемна, безумоўна, але нейкай брутальнай жорсткасці ў дачыненні да мяне не было.
Я, можа, і не чакаў, што за рэпост мяне адправяць на 10 сутак у камеру, але маю грамадзянскую пазіцыю з мяне такім чынам ўсё роўна ж не выб’еш. У мяне ёсць свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне, і іх не зменяць ні суд, ні турэмная камера.
Дарэчы, суд па маёй “тэрарыстычнай” справе прайшоў па скайпе даволі хутка – гэты “гучны працэс” заняў усяго 5–7 хвілін. Мяркую, пасля таго, як адсядзеў 10 сутак, у гэтай справе канчаткова пастаўлена кропка.
– Пасля суда вас адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна?
– Там правёў усяго суткі, бо не хапала месцаў, а таму мяне і некаторых іншых перакінулі ў Жодзіна. Відаць, вызвалялі камеры для наступнай партыі затрыманых, рыхтаваліся да чарговага маршу.
Раней казалі, што ў Жодзіне і Баранавічах “больш чалавечыя” ўмовы ўтрымання, але хачу сказаць, што паўсюль умовы сталі прыкладна аднолькавыя. Хіба што ў ізалятары ў Жодзіне вада крыху лепшая – вось і ўсё адрозненне.
А стаўленне да затрыманых і там, і там як да нейкіх злачынцаў. Мне вядома пра здзекі, якія прыдумлялі супрацоўнікі ізалятараў, і гэта прымушае сумнявацца ў адэкватнасці гэтых людзей. Чалавечнасці там і блізка няма.
Затое вельмі цешыла публіка ў камеры – амаль усе з вышэйшай адукацыяй, інтэлігенты, моладзь, медыкі, кіраўнікі арганізацый. Усе разумелі, чым яны рызыкуюць, але не маўчалі і не займалі страусіную пазіцыю – галаву ў пясок.
Дарэчы, зараз пасля ізалятара зноў сяджу ў ізаляцыі, бо ёсць апасенне, што мог у камеры захварэць на каранавірус. У пяці чалавек, з якімі быў у камеры, COVID-19 ужо пацвердзіўся.
Безумоўна, складана ў невялікім памяшканні, дзе сядзіць дзесяць чалавек, захоўваць нейкую дыстанцыю. Ды і сядзець там забаранялася, практычна ўвесь час на нагах.
– У камеры ведалі, што вы – сын першага кіраўніка Беларусі?
– Не люблю гэта афішаваць, але з цягам часу усе і так даведаліся – там жа называюць імя і прозвішча. Увогуле, у нас была проста цудоўная кампанія.
– Пасля выхаду на волю вас сустракалі валанцёры?
– І валанцёры сустракалі, і мой сябра. Я, дарэчы, першай справай з’ездзіў на лецішча і адвёз у Жодзінскі ізалятар тры скрыні кніг.
Як ужо казаў, зараз там знаходзяцца людзі пераважна інтэлігентныя, а знайсці добрую кнігу ў мясцовай бібліятэцы – тая яшчэ праблема. Асабіста я чытаў тую літаратуру, што перадалі з волі, хаця спачатку спрабаваў узяцца за Дар’ю Данцову. Нават старонку не змог дачытаць…