Стала вядомая дата пасяджэння Вярхоўнага суда па ліквідацыі ТБМ

Як стала вядома «Новаму Часу», Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць пытанне ліквідацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» 8 лістапада.

— Нягледзячы на тое, якім будзе рашэнне Вярхоўнага суда, ТБМ не збіраецца складаць сваіх пазіцый і адмаўляцца ад сваёй дзейнасці. Таму заўтра мы збіраем сакратарыят, на якім абмяркуем усе неабходныя дзеянні, якія яшчэ магчыма зрабіць да 8 чысла, усе пільныя справы. А калі пройдзе пасяджэнне, магчыма, мы праедземся па ўсіх нашых арганізацыях, пагаворым пра тое, хто і ў якой форме будзе дзейнічаць. Ніхто не адмяняў дзейнасці ініцыятыў і ініцыятыўных груп, а ў Канстытуцыі як была дзяржаўнасць беларускай мовы, так яна і застаецца. І нават калі пройдуць нейкія рэферэндумы, дзяржаўнасць беларускай мовы будзе. А значыць, у нас будзе і магчымасць, і абавязак дзейнічаць па яе абароне, — сказала ў каментары «Новаму Часу» старшыня ТБМ Алена Анісім.

Па яе словах, Таварыства задзейнічае ўсе юрыдычныя механізмы для таго, каб пазбегнуць ліквідацыі. Калі ж Вярхоўны суд прыме такое рашэнне, чальцы ТБМ будуць думаць аб тым, як працаваць далей.

— Магчыма, нехта выбера фармат незарэгістраванвй арганізацыі — як я ўжо казала, ініцыятывы, а магчыма, што мы распачнем працэс арганізацыі новай структуры пад новай назвай.

Цяпер Таварыства беларускай мовы, апроч пагрозы ліквідацыі, мае доўг звыш 2000 рублёў за арэнду сядзібы.

«Наша сумленне чыстае, мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. І ад роднай мовы адмаўляцца мы не збіраемся», — напісала Алена Анісім на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сістэмныя блокі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Мінска.

Менавіта ў гэтыя дні Міністэрства юстыцыі патрабавала ад ТБМ падаць дакументацыю. Бухгалтарскія дакументы былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч, галоўнай бухгалтаркі «Нашай нівы», якая дапамагала ТБМ паводле дамовы падраду.

Грамадская арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі за несваечасова перададзеныя дакументы, якія чыноўнікі патрабавалі ў межах пазапланавай праверкі.

Пасля гэтага міністэрства падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі ТБМ. Першае пасяджэнне прызначылі на 27 жніўня, але адклалі на няпэўны час, бо ТБМ абскардзіла папярэджанне.

29 верасня Вярхоўны суд адмовіў Таварыству беларускай мовы ў задавальненні скаргі на папярэджанне Міністэрства юстыцыі.

У выпадку ліквідацыі ТБМ таксама знікнуць і заснаваныя таварыствам газеты «Наша слова» і «Новы Час».

Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 года. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.

novychas.by