Сродкі на выданне кнігі ўспамінаў Радзіма Гарэцкага збіраюць праз інтэрнэт

Акадэмік Радзім Гарэцкі – доктар геолага-мінералагічных навук. Сын геолага Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі. Пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына”.

Радзім Гарэцкі – чалавек неверагоднага лёсу. Нарадзіўся ў 1928 годзе ў Менску. Ягонага бацьку, патрыёта Беларусі, камуністы двойчы прысуджалі да расстрэлу, а потым замянілі прысуд на доўгія гады лагероў і ссылак – менавіта адтуль адныя з першых дзіцячых успамінаў Радзіма Гаўрылавіча.

Вывучыўшыся на геолага, пэўны час Гарэцкі не мог атрымаць дазвол вярнуцца на Бацькаўшчыну, працаваў у Расеі. Толькі ў 1969 годзе Радзім Гарэцкі з сям'ёй пераехаў назад у Менск. Усё жыццё займаўся навуковай дзейнасцю, пэўны час быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.

Пасля Перабудовы заняўся грамадскай дзейнасцю, быў гарачым прыхільнікам незалежнасці Беларусі. Разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным быў суарганізатарам Усебеларускага з'езда за незалежнасць. Узначальваў Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

7 снежня 2019 адзначыў 91-годдзе. Доўгія гады Радзім Гаўрылавіч працаваў над успамінамі пра сваё неверагоднае жыццё. Кніга выйшла ладная – пад 900 старонак. Каб выдаць яе нават невялікім накладам, патрэбныя немалыя сродкі. Але ўсім разам нам пад сілу гэта зрабіць. Кніга ўжо вярстаецца. Калі збярэм грошы, ёсць магчымасць выдаць яе вельмі хутка.
Асобнікі кнігі будуць прэзентаваныя ў галоўныя бібліятэкі краіны, рэшта наклада будзе перададзеная самому Радзіму Гарэцкаму.


Пераход да краўдфандынгавай платформы - па гэтай спасылцы.

Калі вы хочаце не проста ахвяраваць на выданне, але і займець такую кнігу сабе, калі ласка, напішыце пра гэта на мэйл labadzenka@gmail.com.

Звяртаем увагу, што праз дадзеную кампанію прымаюцца ахвяраванні толькі з беларускіх картак. Беларусы замежжа, якія хочуць падтрымаць выданне, пішыце, калі ласка, ліст на labadzenka@gmail.com.

Паводле molamola.by