Скульптуры ў новых кашулях, альбо Таямніца рыжскай кафлі

«Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будыніна з верандай, зашклёнай разнаколернымі шкельцамі» — пісаў Васіль Быкаў пра сядзібу, каля якой часта бавіў час у маленстве... Больш за тое — гэтае месца ў некаторых крыніцах значыцца як ягонае месца нараджэння, нават уласнай рукой так запаўняў анкеты. Як тлумачыў сам, родныя Бычкі знаходзяцца побач, а загс — тут, у сельсавеце ў Чарапоўшчыне. Вось бацькі калісьці і аднеслі туды будучага класіка, каб зарэгістраваць.

Мы кіруемся туды, дзе гуляў з сябрамі малы Васіль... А менавіта да сядзібы Маліноўскіх у Чарапоўшчыне, што на азёрнай Вушаччыне.


Жоўтая кафля, чорныя бэлькі

Надвор'е выпала самае гатычнае: дождж, вецер... Ну і антураж адпаведны. Пад'ехаць немагчыма, даводзіцца ісці па размоклай сцежцы, па слізкіх кладках праз лужыны, праз высокую пажоўклую траву і кустоў'е, паўз паваленыя дрэвы... З-за таго кустоўя нават не адразу разгледзелі сядзібу: цэгла паныла чырванее ў прагалах лістоты...

І сядзіба сёння выглядае гатычна... Няма веранды з разнакаляровымі шкельцамі, дый даху няма... І ўвогуле мала што засталося. Некалькі гадоў таму тут здарыўся пажар, а была пабудова часткова драўляная... А паколькі стаіць наводшыбе, дык і пажарных няма каму было клікаць. І цяпер будынак нагадвае недавершаны дзіцячы малюнак: пустыя аконныя прагалы, комін, які цягнецца да хмар праз неіснуючы другі паверх... Унутры будынка растуць дрэвы, валяецца пабітая цэгла, бяссіла ляжаць абгарэлыя бэлькі... Падымаю палову жоўтай кафлі, якой, магчыма, быў абкладзены камін, што яшчэ зеўрыцца чорнай пашчай. На адваротным баку — кляймо, дзе значыцца месца вытворчасці — Рыга... Кляйма толькі частка, хутчэй за ўсё, гэта вядомая фабрыка, якая дзейнічала ў Рызе на мяжы XІX і XX стагоддзяў — «Zelm&Boehm», адзін з яе ўладальнікаў ставіў кляймо «Frdr. Zelm», падобнае да таго, што на кафлі.

Каб зразумець шлях гэтай кафлі на Вушаччыну, трэба паглыбіцца ў гісторыю ўладальнікаў — роду Маліноўскіх. А найлепшая крыніца — успаміны Грасільды Маліноўскай «Дзённік крэсовай настаўніцы 1833 — 1921».


Шлюб пад розгамі і дванаццаць дзяцей

У сям'і Маліноўскіх усе імкнуліся да адукацыі, ладзілі хатнія аркестры, тэатральныя прадстаўленні, адчынялі школы для сялян... Але былі свае «шкілеты ў шафе». Як піша Грасільда, яе маці, Канкордзія, была аддадзена ў Полацк, у пансіён пры кляштары. І дужа ж захацела стаць мнішкаю. Але маці вырашыла выдаць яе замуж, і абрала з прэтэндэнтаў Ігнація Маліноўскага. Канкордзіі было пятнаццаць, яна благала, прасілася — яе змушалі розгамі. Дзед ейны плакаў разам з ёю — але нічога не мог зрабіць. Маліноўскі, вядома, нічога не ведаў пра гэткі настрой нявесты, бо не меў магчымасці з ёй перагаварыць. Так і выйшла замуж Канкордзія, хоць і марыла пра кляштар... І нарадзіла дванаццаць дзяцей: Аляксандра, Леакадзію, Рудольфа, Грасыльду-Адэлю, Эдварда, Зофію, Антона, Камілу, Уладзіміра, Геруся, Міхаліну і Марыю.

Менавіта Ігнацій і Канкордзія Маліноўскія і набылі Чарапоўшчыну ў сваё ўладанне. Маці ж пазбавіла Канкордзію пасагу, што нядзіўна, улічваючы іх канфліктныя адносіны.

Падчас паўстання 1863 года ўся сям'я далучылася да інсургентаў. Уладзімір быў у войску Генрыка Дмахоўскага — легендарнага скульптара і інсургента, які загінуў у 1863-м. Пасля гібелі Генрыка і разгрому яго атраду Уладзімір з'ехаў у эміграцыю. Ягоныя сёстры Зося і Грасільда апынуліся ў турме.

Наколькі Грасільда была незвычайнай, адлюстроўвае эпізод з ейных успамінаў. Калі была ў Вільні, у салоне Ждановічаў, там прысутнічаў паэт Людвік Кандратовіч, ён жа Уладзіслаў Сыракомля. Грасільду змусілі прачытаць свае вершы. А потым, як яна ўспамінае, усе крычалі ёй «брава» і пілі са словамі: «Віват Грасільдзе Маліноўскай, паэтцы з Белай Русі!»

Пасля разгрому паўстання ўся маёмасць роду была канфіскаваная, засталася толькі Чарапоўшчына, куды і вярнулася самотная Грасільда... А Уладзімір знайшоў спосаб здабываць грошы, заснаваўшы фотастудыю ў Рызе. У выданні ўспамінаў Грасільды Маліноўскай ёсць выява паштоўкі, дасланай Уладзімірам у Чарапоўшчыну, жонцы Аляксандры: жартоўны малюнак паказвае Уладзіміра ў ягонай студыі. Засяроджаны інтэлігентны акулярык праяўляе здымкі, у той час як двое ці то асістэнтаў, ці то кліентаў строяць з пана кепікі. Дык вось, Уладзімір, які працай здабыў грошай, каб выкупіць радавую сядзібу, для ўзвядзення новага будыўка ў Чарапоўшчыне якраз і набываў у Рызе плітку... У тым ліку тую кафлю, што я трымаю ў руках.


05-12-9_kopiya_6.jpg


Дарэчы, Васіль Быкаў ва ўспамінах «Доўная дарога дадому» згадвае свайго дзеда, Яна Мацея Быка: «Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода».


Летуценная і моцная Грасільда

Праходзім далей... У колішнім пакоі растуць тонкія дрэўцы. Калісьці тут знаходзілася прыгожая драўляная вінтавая лесвіца на другі паверх. Як кажуць сведкі, захаваліся і ляпныя разеткі, і кесонная столь... Цяпер хіба на фасадзе рэшткі дэкору — пафарбаваныя ў сіні колер аздобы вокнаў. Тут доўгі час месцілася школа. Што цалкам адпавядала памкненням былых гаспадароў. Маліноўскія ўвесь час ладзілі тут школкі... Асабліва шчыравала ў якасці настаўніцы Грасільда. Яна апісвае, як вярнулася з вязніцы сюды, у Чарапоўшчыну, не маючы сродкаў да існавання. Многія баяліся дапамагаць — усё ж пад наглядам паліцыі замужняя сястра крадма ад мужа перадавала прыпасы... «Так заўжды на свеце, калі фартуна каму свеціць, прызнаюць яго і свет, і людзі, бачучы ў ім само дабро, гарнуцца да яго, а варта яму спаткаць няшчасце ці які фаталізм, застаецца самотны ў свеце» — занатоўвае Грасільда.


06-img_20210918_150259.jpg


Цікавы эпізод — як на дарозе з касцёла галодная Грасільда сустрэла знаёмага яўрэя Абрама, а той, распытаўшы пра справы, даў паненцы халы — святочнага хлеба, што меў з сабою, і далікатна сышоў, каб не бачыць, як яна тут жа ўпілася ў пачастунак зубамі... «Дужа цяжка цярпець голад, асабліва калі ты поўны жыцця і здароўя». А вось родны брат Аляксандр, як прыехаў гасцяваць з сям'ёй са Смаленска, сясцёр Грасільду і Зоф'ю, што знаходзіліся пад наглядам паліцыі і не мелі пашпартоў, бэсціў, нават у касцёл не пускаў, не дазваляў есці тыя прысмакі, якія купляў для сябе і сваіх сямейных.

Грасільда, атрымаўшы пашпарт, знайшла сабе месца выкладчыцы ў Мітаве, потым яшчэ дзесьці... Замуж так ніколі і не выйшла.


07-img_20210918_150351.jpg


Пасля амністыі ў Чарапоўшчыне, выкупленай Уладзімірам, сабралася ўся шматлікая сям'я. Калі Уладзімір Маліноўскі ажаніўся з Аляксандрай з Карпушкоў, у іх нарадзілася сямёра дзяцей, чые імёны адлюстроўваюць зацікаўленні пана Маліноўскага: Кейстут, Венцаслаў, Альгерд, Гедымін, Ядвіга, Вітольд і Альдона.


08-img_20210918_150433.jpg


Між тым, мы знаходзім уваход у сутарэнні, маю любімую частку падарожжаў... Захаваліся яны тут добра, цагляныя пазелянелыя скляпенні трымаюцца... Раптам у падлозе — круглая чорная пашча студні...


09-12-11_kopiya_14.jpg


Не ведаю, адкуль узнікла мясцовая легенда, што ўладальнік сядзібы пан Маліноўскі тапіў у студні свайго маёнтка палюбоўніц, і цяпер тут можна сустрэць іх прывіды. Нават аматары паранармальных з'яў пракладаюць сюды маршруты. Не ведаю, і пра якога канкрэтна з Маліноўскіх гаворка. Але што хапала сярод іх дзівакоў, чые паводзіны маглі збянтэжыць старонніх назіральнікаў, праўда.


10-img_20210918_150451.jpg


Скульптар і кашулі, рэктар і ваўкі

Гасцяваў тут, папраўляючы здароўе, пляменнік Уладзіміра Маліноўскага, вядомы малады скульптар Антон Вівульскі, аўтар помніка Грунвальдскай бітве і віленскіх Трох крыжоў... Па ўспамінах Ядвігі Маліноўскай, звалі яго ў сядзібе ласкава «Антолек». Апантаны юнак праводзіў усе дні ў майстэрні, якую яму дапамаглі зладзіць у Чарапоўшчыне. І вось шматлікія цётачкі заўважылі, што хлопец усё выходзіць да стала ў старых падраных кашулях. Параіліся, скінуліся, паслалі цішком прыслугу на станцыю ў Кублічы купіць скульптару шэсць добрых кашуль... Падклалі яму ў камод. Зноў выходзіць у старой! А новых кашуль на месцы няма... Тады цішком зазірнулі ў ягоную майстэрню... А злепленыя ім з гліны скульптуры фарсяць у тых новых кашулях! Гліну ж, каб не перасохла, не патрэскалася, належыць абкрываць...


11-.jpg


«Цёткі паківалі галовамі, і тая, што карысталася найбольшым аўтарытэтам, то-бок цётка Грасільда, абвясціла прысуд: « Ну што зробіш — ён ж мастак».

Дарэчы, Антолек сябраваў з сынам Адама Міцкевіча і захапляўся творчасцю Гаўдзі.

І вось што цікава: можа, нездарма выбраў Васіль Быкаў, паступаючы ў Віцебскую мастацкую вучэльню, аддзяленне скульптуры? Мусілі ў ягоным дзяцінстве хадзіць расповеды пра дзівакаватага госця Чарапоўшчыны і ягоны занятак...


12-.jpg


Бываў тут і яшчэ адзін дужа інтэлектуальны госць... Сястра жонкі Уладзіміра Маліноўскага выйшла за будучага рэктара віленскага ўніверсітэта, астранома Уладзіслава Дзявульскага. Вось якія цікавыя ўспаміны ягонага нашчадка Вацлава Дзявульскага знайшла ў сеціве: «Позняй восенню 1906 году Уладзіслаў выбраўся да Чарапоўшчыны, каб прасіць у бацькоў рукі Ядзвігі. Выслалі коней на чыгуначную станцыю ў Полацак (за 50 вёрстаў), але ранняя і снежная зіма спаралізавала камунікацыі. Калі Дзявульскі выйшаў у Полацку, коней не было. Выехаў на вясковых санях і... удвох з возчыкам раскопвалі ўначы напатканыя сумёты, а выццё ваўкоў дадавала ім моцы. Калі стаў на ганку дома ў Чарапоўшчыне, Маліноўскія перапужаліся, бо Уладзіслаў выбраўся на поўнач у кракаўскім палітоне».


13-img_20210918_150809.jpg


Дарэчы, менавіта тут, у Чарапоўшчыне, і адбыўся шлюб Уладзіслава і Ядвігі... Што цьмяна ўяўляецца, калі аглядаеш руіны.

Знаходжу дзверы, наглуха забітыя. Туды вядуць паўкруглыя прыступкі, спрэс засыпаныя жоўта-брунатным лісцем. Лесвіца ў мінулае... Быў час, калі гэтая сядзіба належала калгасу «Бязбожнік». Пасля вайны тут ажно да 1980-х працавала школа. Пасля думалі зладзіць прафілакторый... Сёння — маляўнічае папялішча.

Мы пакідаем сядзібу ў Чарапоўшчыне, якая глядзіць нам услед чорнымі прагаламі вокнаў, высокі комін уздымаецца ў неба, як мачта карабля, які пацярпеў крушэнне... Застаецца спадзявацца, што той карабель не знікне зусім, не ператворыцца ў друз.

Людміла Рублеўская, «Звязда»