У судзе Ленінскага раёна Брэста 30 жніўня суддзя Дзмітрый Куроўскі абвясціў прысуды шостай партыі абвінавачаных па “справе карагодаў”. Дзяржабвінавачанне падтрымлівалі пракуроры Аляксандр Бацюшка і Міхаіл Юшчук.
Як паведамляюць праваабаронцы, з 14 асуджаных чатыры ўтрымліваліся да разгляда справы пад вартай — іх вызвалілі ў зале суда.
- Былы тэлевядоўца Беларусь-4 Канстанцін Свідуновіч, Ілля Ягораў, Сяргей Канановіч і Аляксандр Жук — паўтара года “хіміі”. У СІЗА палітвязні утрымліваліся з 24 сакавіка;
- Кацярына Бровач і Юрый Сацюк — паўтара года “хатняй хіміі”;
- Глеб Нікановіч, Ігар Сямыкін, Арцём Тарасюк — паўтара года “хіміі”;
- пенсіянер Віктар Атрошка і Таццяна Рагачоўская — два гады “хатняй хіміі”;
- Арцём Ласкі — два гады “хіміі”.
Таксама за пашкоджанні дзвюх камер Белтэлекама і нанясенне “цынічных надпісаў” па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) пакаралі Ігара Вінакурава і Іллю Ягорава двума з паловай гадамі “хіміі”, і Данііла Дзіткоўскага двума гадамі “хіміі”. Пры гэтым шкода ў памеры 171 руб. 60 кап., за нанесеныя пашкоджанні, да суда была кампенсаваная дзяўчынай Ягорава.