Шэпард Броўд: банкір і філантроп з Пінска

Калі ў 95 гадоў ён памёр, яго клікалі легендаю Паўднёвай Фларыды. Ён быў сузаснавальнікам адной з найбольшых юрыдычных фірмаў — Broad and Cassel. Ён жа заснаваў адзін з найпапулярнейшых, культавых банкаў Амерыкі — American Savings and Loan. У Фларыдзе, што стала для яго роднай, ён займаўся — мабыць штосьці генетычнае? — асушэннем балота, на якім паўстала мясціна для жыцця пяці тысячаў чалавек. Ён нават пабудаваў уласную дарогу скрозь затоку Біскейн (Biscayne Bay) і назваў яе Broad Causeway.


01-Bankir3.jpg

Шмуэль Бабровіц, ён жа Шэпард Броўд


І ягоная дзейнасць датычылася не толькі банкаў: гэты чалавек фінансаваў Shepard Broad Law Center, уваходзіў у раду дырэктараў Універсітэта Бары (Barry University), а для пачатковай школы недалёка ад свайго дома набыў камп’ютары літаральна для кожнага вучня.

Ён — адзін з тых, хто зрабіў Фларыду менавіта тым месцам, якім яна вядомая сёння самім амерыканцам і шматлікім турыстам.

Гэты чалавек нарадзіўся 8 ліпеня 1906 г. у Пінску з імем Шмуэль Бабровіц (Szmuel Bobrowice). Сям’я вырашыла вучыць яго, троху пасталелага, на краўца. Як пісаў Змітрок Бядуля ў сваіх “Жыдах на Беларусі”, “кавалі, шаўцы, краўцы былі людзі першай важнасці і пашаны ў вёсках. Да іх прыходзілі ў свой час, не толькі па справах іх спецыяльнасці, але так сабе: “пагутарыць з разумнымі людзьмі”, параіцца аб розных справах і г.д.”. Так што маладога Шмуэля чакаў прыстойны фах і павага суседзяў.


02-biadulia.jpg

Змітрок Бядуля “Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі”. Менск, 1918 год


Але ўсе планы на будучыню перавярнуліся ў верасні 1920 года, калі ў горад увайшлі войскі генерала Булак-Балаховіча. Пагромы, гвалт над жанчынамі, рабаванне габрэйскіх дамоў і гаспадарак падштурхнулі бацьку Шмуэля адаслаць сына ў Нью-Ёрк, дзе жыў іхны сваяк. У тым самым 1920 годзе ўсяго толькі 14-гадовым Шмуэль пакінуў Беларусь.

Магчыма, шлях з роднага Пінска ў Новы Свет мог бы стацца сюжэтам нейкага прыгодніцкага рамана, бо хлопец замест Нью-Ёрка апынуўся ажно ў канадскім Квебеку. Як тое стала магчымым, гісторыя замоўчвае. А вось што кола Фартуны павярнулася, зрабілася відавочным нават для маладога падарожніка: хоць канадскія эміграцыйныя ўлады цвёрда пастанавілі прымусова выслаць яго назад на бацькаўшчыну, новага эмігранта нейкім цудам прыкмеціў прэзідэнт Канадска-габрэйскага іміграцыйнага таварыства, пад асабістую адказнасць забраў да сябе дахаты і нават болей — выказаў намер усынавіць таго! З пазнейшых мемуарных згадак: “Перш-наперш што ён зрабіў — пасадзіў мяне ў ванну для паважнай чысткі. Бялюткую ванну. Я быў уражаны”. Толькі наш Шмуэль быў захоплены адною мэтаю: дапяць Нью-Ёрка.


03-polishfieldartilleryPinsk1920.jpg

Пінск, 1920 год


Біяграфія нашага героя тым часам мае забагата прагалаў. Дый крыніцаў, па шчырасці, вобмаль. Таму не трэба ўважаць гэты тэкст за канчатковую і тым больш арыгінальную працу: яна будуецца на лічаных існіках і аніяк не прэтэндуе на нешта большае, чым першасная азнаямляльная кампіляцыя. А таму і асобныя эпізоды жыцця маладога Шмуэля Бабровіца ў Новым Свеце, пры ўсёй іх неверагоднасці на першы погляд, падаюцца так, як яны выкладзеныя ў тых аповедах, якім на часе мы верым.

І вось першы эпізод: прыехаўшы ў Нью-Ёрк без хоць якога ведання мовы, маладзён ужо ў 1927 годзе скончыў Нью-ёркскую юрыдычную школу! А ў наступным, 1928-м, яго прынялі ў сябры Нью-ёркскай адвакацкай палаты.

Тут будзе цікавым зазначыць, што адным з заснавальнікаў і пазнейшым прэзідэнтам паўсталай у 1876 годзе арганізацыі быў Эліят Фітч Шэпард (Elliot Fitch Shepard, 1833—1893), асоба надта ж прыкметная і нават у чымсьці знакавая дзякуючы сваёй адначаснай адвакацкай, банкаўскай і філантрапічнай дзейнасці. Ці не адсюль было пазычанае новае, “амерыканскае”, імя хлопчыка з Пінска?

Наш новаспечаны містар Шэпард Броўд працаваў адвакатам у горадзе вялікага яблыка ад 1928 да 1940 гг. Напэўна, за гэты час нью-ёркскі клімат такі даўся яму ў знакі, і ён вырашыў пераехаць у цяплейшае месца. Ягоная жонка была катэгарычна супраць: “Ты вар’ят, казала яна, нельга выкідаць кавалак хлебу ў пошуку пірагу”. Тым не менш яны пераехалі.

У 1940 г. Броўд адчыніў свой першы офіс у Маямі-Біч у Фларыдзе. А ў 1946 г. заснаваў разам з партнёрам юрыдычную фірму Broad and Cassel, якая існуе і паспяховае дзейнічае аж да сёння і мае дзесяць офісаў па ўсім штаце! Акрэсленыя ў Вікіпедыі сферы дзейнасці гэтай фірмы прымушаюць задумацца, ці існуюць яшчэ хоць якія галіны, не ахопленыя ёй.


04-ShepardBroad.jpg

Шэпард Броўд


Ад 1946 г. неўтаймаваная энергія спадара Броўда выйшла на новы ўзровень: ён дапамог арганізаваць Bank of Hollywood Hills і North Shore Bank of Miami Beach. А троху пазней, ужо набраўшыся вопыту, заснаваў American Savings and Loan Association of Florida, што таксама існуе і сёння як частка большай карпарацыі.

Але мы памятаем, што Эліят Шэпард, які, магчыма, стаўся “хросным” бацькам спадара Броўда, быў не толькі банкірам, але і філантропам. Вось і наш герой, нават стаўшы прэзідэнтам Mercantile National Bank of Miami Beach, напэўна, памятаў выбіты на падмурку Статуі Свабоды верш Эмы Лазарус, у якім Статуя звяртаецца да “старых краінаў”: “А ўсіх, хто прагне волі, прагне славы, // Выгнаннікаў, што ваш спазналі біч, // Сюды адпраўце, дзе жывы й ласкавы // Над брамай залатой гарыць мой зніч!” (паэтычны пераклад з ангельскай Ганны Янкуты). Дапамога тым, хто яе патрабуе, у Амерыцы і па-за ёй, зрабілася для былога эмігранта нібы другой прафесіяй.

Змітрок Бядуля ва ўжо згаданай вышэй працы зазначыў: “Пінск у пачатку мінулага сталецця быў вялікім цэнтрам хасідызму”. Таму натуральна, што Шэпарда Броўда не магло абмінуць пытанне будучыні габрэяў, стварэння дзяржавы Ізраіль. Вядома, што ў 1945 г. у адной з нью-ёркскіх кватэраў сустрэўся дваццаць адзін габрэйскі юнак, сярод іх наш спадар Броўд, а таксама ягоны зямляк па Расійскай імперыі — нехта Давыд Бэн-Гурыён. Імі было вырашана арганізаваць падпольную сістэму па здабыцці фінансаў з мэтаю набыцця зброі для непазбежнай будучай вайны за незалежнасць, а таксама для дапамогі выжылым ахвярам Халакосту ў выездзе ў Палестыну. У некралогу Броўда цытуюцца ягоныя словы: “Удзел у гэтай сакрэтнай сустрэчы і падпольная праца дзеля Ізраілю была адной з найбольш важных справаў у маім жыцці”.


05-time_ben.jpg

Давыд Бэн-Гурыён на вокладцы часопіса “TIME”, 1957 год


І яшчэ адна цытата адтуль жа: “Я ніколі не ставіўся да сябе асабліва сур’ёзна. З пункту гледжання гісторыі, ты як бы не ў цэнтры сцэны. Але гэта не значыць, што ты не мусіш рабіць як найлепей сваю працу”.

І ён яе рабіў менавіта гэтак.

У 1995 годзе, выпісваючы чэк на набыццё камп’ютараў для школы, названай у гонар ягонай памерлай жонкі Рут — Ruth K. Broad Bay Harbor Elementary, — Шэпард Броўд сказаў: “Як ты можаш спадзявацца на будучае Амерыкі, калі ты не працуеш на яго?”.

Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, “Будзьма беларусамі!”