![](/upload/iblock/109/10918bcd923664b8e5b0739e6f1c1d96.jpg)
Выйшаў першы том кнігі “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”. Ён падрыхтаваны супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.
Складальнікі выдання — начальнік аддзела народнай творчасці, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка і намесніца дырэктара РЦНК Валянціна Грышкевіч. Яны правялі вялікую даследчую працу, высветлілі: у свеце дзейнічае каля 200 творчых беларускіх калектываў. Адшукаць іх дапамагалі ў тым ліку й дыпламаты з беларускіх амбасадаў. Дарэчы, варта мець на ўвазе: многіх мастацкіх кіраўнікоў тых суполак РЦНК мае магчымасць запрашаць на творчыя стажыроўкі, а самі гурты — на фэсты беларусаў свету на Бацькаўшчыну.
Гэта звычайна беларускія ансамблі песні, танца, ёсць нават самадзейныя тэатры. Найбольш творчых гуртоў, як сведчыць выданне, у Расіі, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі, Украіне, Казахстане, ЗША, Малдове, Італіі. Асобныя творчыя групы ёсць у Аргенціне, Арменіі, Аўстраліі, Ізраілі, Канадзе, Сербіі, Узбекістане, Францыі, нават у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Некаторым з іх супрацоўнікі аддзела народнай творчасці РЦНК ужо дапамаглі з набыццём беларускіх нацыянальных касцюмаў, музінструментаў, перадаюць супляменнікам-энтузіястам і метадычную літаратуру.
Ансамбль “Купалінка” з Тальяці на нядаўнім фэсце ў Самары
У навукова-папулярным выданні апісаны этапы развіцця й станаўлення творчых суполак беларусаў за мяжой. Вялікая ўвага надаецца ў першую чаргу мастацкім калектывам, якія актыўна прэзентуюць беларускую культуру ў розных краінах. У выданні можна знайсці шмат цікавых звестак пра жыццё нашых супляменнікаў па-за межамі Бацькаўшчыны ў розныя гістарычныя перыяды.
Кніга выйшла дзякуючы падпраграме “Беларусы ў свеце” Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. Цяпер у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур працуюць над другім томам выдання. Яго плануецца прысвяціць непасрэдна вядомым творчым калектывам беларускіх суполак замежжа.