Чытанне рамана Алеся Аркуша «Спадчына» (Полацк, Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2018) можна параўнаць са шпацырам па незнаёмай вясковай вуліцы. То-бок, хаця трапляеш у канкрэтную вёску ўпершыню, ты ўсё адно маеш прыкладнае ўяўленне, якой мусіць быць яе асноўная стрыжнявая вуліца і дамы з палісаднікамі ўздоўж яе: усе розныя, але ў пэўных межах, дазволеных рэчаіснасцю.
Расповед аўтара ў асноўным тычыць асабістай сямейнай хронікі: сцэны з дзяцінства, з жыцця бацькоў і бабульдзядуль у даваенныя гады, падчас вайны і пасля. І гэта — тое, што мусіць трымацца ў межах дазволенага, магчымага. Падобнае могуць расказаць многія пра сваіх не вельмі далёкіх продкаў, калі тыя былі простымі сялянамі і жылі ў Беларусі. Але асноўным стрыжнем праз гэтыя падзеі праходзіць інтрыгоўная сюжэтная лінія з элементамі дэтэктыва. Нібыта падчас шпацыру між вясковых дамоў уваходзіш у нейкі двор і… трапляеш у іншае вымярэнне.
Ненавязліва, але настойліва аўтар вяртаецца да пошукаў звестак пра лёс таленавітага майстра, былога партызана, а потым асуджанага на жыццё ў высылцы Шагойкі, які па вайне дапамагаў вяскоўцам тым, што падрабляў патрэбныя ім дакументы. Лагічна, што аўтар задаецца этычным пытаннем: наколькі апраўдана парушаць закон (але не робіць дыдактычных высноў і маралізатарства — хай чытач вырашае сам). Падмануць сістэму, але выратаваць ад голаду ўдаву і яе васьмярых дзяцей. Падрабіць подпіс і пячатку, але зберагчы ад пераследу органамі НКУС ні ў чым не вінаватую дзяўчыну.
І вось тут аўтар робіць цікавы ход. Асоба Шагойкі нявыдуманая. Пра яго распавядаецца ў выданні Івана Дзядзюлі «Лясная гвардыя. Запіскі былога камісара партызанскай брыгады “Смерць фашызму”» (Мінск, «Беларусь», 1968). Алесь Аркуш уключае ў раман тое месца «Запісак», якое мае дачыненне да Шагойкі (натуральна, пазначыўшы аўтара і твор, толькі перастварыўшы ўрывак па-беларуску). Гэта расповед пра тое, як партызанам удалося здабыць нямецкія бланкі, а пасля Шагойка падрабіў па іх узоры дакументы, з дапамогай якіх лясныя браты, пераапрануўшыся ў вайсковую форму нямецкага камандавання, атаварваліся прадуктамі харчавання на нямецкіх складах (з вялікай рызыкай быць выкрытымі). Трэба заўважыць, што менавіта ў гэтым месцы рамана найбольшы «экшн»: прачытваецца на адным дыханні, з заміраннем сэрца. Партызанскія мемуары цяпер мала хто чытае для сябе. Аркуш вяртае чытачу такі цікавы, вельмі дакладна псіхалагічна выпісаны сюжэт…
Вяртае на Бацькаўшчыну аўтар і Шагойку. З Казахстана той едзе дадому… паміраць. Даведаўшыся пра невылечны дыягназ, не мог не паехаць: «…Адна важная думка прымусіла яго выправіцца ў дарогу: нават кепскі зыход справы меў адзін станоўчы вынік — яго пахавалі б на радзіме. Казахстан быў для яго выгнаннем, прычым несправядлівым».
У анатацыі да кнігі — папярэджанне: «Не ўсе падзеі насамрэч мелі месца. Хаця аўтар не выключае, што так магло быць на самай справе». Пра што думаў Шагойка, ступіўшы на Жодыньскі перон? З якімі пачуццямі вяртаўся? Што рабіў, каго наведваў? Што адчуваў? Гэтыя падзеі — рэканструкцыя аўтара.
Асаблівы сэнс мае назва рамана. І вузкі, і шырокі, што ўзаемазвязана паміж сабой. Калі ў шырокім сэнсе, то гэта наша зямля, Беларусь. Лясы і азёры, балоты і рэдкае сонца, а таксама частыя войны — усё гэта стагоддзямі фарміравала наш менталітэт, таму беларусы такія, якія ёсць… Калі разглядаць спадчыну ў вузкім сэнсе, у дачыненні да герояў твора, то ёю з’яўляецца… лапата, якая засталася сынам пасля смерці бацькі. Гаспадарчая прылада, якой апрацоўваюць зямлю. Але… ёю можна выкапаць скарб, а можна раскапаць не адну таямніцу! «А ўяўляеш, колькі такіх таямніц хціва праглынуў час», — нібыта сам сабе, а насамрэч для чытача зазначае пісьменнік.
Яна Будовіч, "Літаратура і мастацтва"