У ходзе перамоў аб інтэграцыі Расіі і Беларусі Масква прапаноўвала стварыць 12 наднацыянальных органаў, у тым ліку адзіны эмісійны цэнтр, падліковую палату, суд Саюзнай дзяржавы і адзіны мытны орган, высветліў РБК.
Што ўтрымлівалася у 31-ай карце
На перамовах аб паглыбленай інтэграцыі з Беларуссю Масква прапаноўвала пачаць працу над стварэннем 12 наднацыянальных органаў. У іх ліку — адзіны эмісійны цэнтр, які прадугледжвае ўвядзенне адзінай валюты, падліковую палату і суд Саюзнай дзяржавы, адзіны мытны орган, адзіны орган па ўліку ўласнасці Саюзнай дзяржавы, адзіныя падатковы і антыманапольны органы, а таксама адзіныя рэгулятары па наступных напрамках: у галіне транспарту, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сувязі, плюс рэгулятар аб'яднаных рынкаў газу, нафты і электраэнергіі. Пра гэта РБК распавялі тры крыніцы, знаёмыя з ходам перамоваў.
Стварэнне гэтых органаў агаворваецца ў апошняй, так званай 31-ай дарожнай карце па інтэграцыі дзвюх краін. Пры гэтым гаворка не ідзе пра тое, каб адразу сфармаваць гэтыя органы — прапануецца распрацаваць дарожныя карты па іх стварэнні. Да якога тэрміну, суразмоўцы РБК сказаць не змаглі. У дакуменце таксама ідзе гаворка аб распрацоўцы дарожных карт, якія тычацца сумеснай стратэгіі Расіі і Беларусі ў сферы абароны, стварэння агульных банкаў даных праваахоўных органаў, уніфікацыі заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць праваахоўных структур і спецслужбаў.
Аднак летам-восенню 2019 года Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся засяродзіцца на абмеркаванні 30 карт, прыняць іх пакетам, а ўжо пасля, магчыма, вярнуцца да прапрацоўкі 31-ай карты, распавёў РБК іншы суразмоўца, знаёмы з ходам перамоваў аб інтэграцыі. Зараз яны пастаўленыя на паўзу па ініцыятыве Мінска, дадае ён.
РБК накіраваў запыты прэс-сакратару прэзідэнта Расіі Дзмітрыю Пяскову і ў прэс-службу ўрада Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адмаўляў, што на перамовах аб паглыбленай інтэграцыі бакі абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў. У расійскім урадзе спрабуюць звязаць рашэнне эканамічных праблем інтэграцыі з палітычнымі і стварэннем наднацыянальных органаў, аднак была дамоўленасць перамовы аб гэтым не весці, заявіў беларускікіраўнік у інтэрв'ю «Эху Москвы» 24 снежня мінулага года. За дзень да гэтага ўпершыню стала вядома пра існаванне 31-ай дарожнай карты. Пра яе распавёў Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў тады пасаду прэм'ер-міністра. Паводле яго слоў, пасля выканання 30 іншых карт «можна будзе паглядзець і на 31-ю дарожную карту, прысвечаную далейшай інтэграцыі, у тым ліку такія інстытуты, як наднацыянальныя органы, адзіная валюта і адзіны эмісійны цэнтр».
Чаму перамовы буксуюць
У пачатку сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Мінск не бачыць сэнсу працаваць над інтэграцыйным праектам, пакуль не вырашаныя нафтавыя рознагалоссі. Дамовіцца аб цане на нафту і аб'ёмах паставак бакам не ўдаецца таму, што Мінск незадаволены падатковым манеўрам, якія праводзіцца ў Расіі з 2019 года і заключаецца ў паступовай і поўнай замене экспартнай пошліны прапарцыйна павялічаным падаткам на здабычу карысных выкапняў. Раней Расія прадавала Беларусі нафту без гэтай пошліны: у снежні 2018 года яна, напрыклад, складала $ 135,1 за тону. Пры ўмове захавання гэтай ільготы Беларусь падпісала дамову аб стварэнні Мытнага саюза ў 1995 годзе, а пазней пагадзілася на ўступленне ў ЕАЭС у 2015 годзе. Таму цяпер Мінск настойвае на кампенсацыі за падатковы манеўр. У 2019 годзе Беларусь ацаніла свае страты ад яго ў $ 330 млн, у 2020 годзе — у $ 420-430 млн. Да 2024 года, па ўласных ацэнках, Мінск страціць да $ 11 млрд. А пасля таго, калі кошт расійскай нафты для яго зраўняецца з сусветнай цаной, будзе кожны год губляць па $ 3 млрд.
У канцы мінулага года бакам удалося канцэптуальна дамовіцца аб тым, як Масква кампенсуе Мінску страты ад адмены экспартнай пошліны за кошт увядзення зваротнага акцызу для беларускіх НПЗ, гэта значыць фактычна Расія пагадзілася іх субсідаваць. Праблема гэтага рашэння ў тым, што яно запрацуе толькі пасля ўніфікацыі падатковых заканадаўстваў, а іх распрацоўка зойме мінімум два-тры гады. Акрамя таго, адзіны падатковы кодэкс павінен распрацоўвацца ў рамках інтэграцыйнага працэсу, які пакуль выстаўлены на паўзу.
Цяпер ідуць перамовы аб прамежкавым рашэнні, якое дасць магчымасць нівеліраваць наступствы ад манеўру толькі на 2020 год. Гэта магчыма за кошт поўнай адмены прэмій, якія Мінск плаціць расійскім нафтавікам: за тону нафты яна складае каля $ 11,7, гэта значыць $ 1,5 за барэль, распавядалі раней крыніцы РБК. 11 сакавіка ў Маскве сустракаліся прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі Міхаіл Мішусцін і Сяргей Румас.
Праз два дні, вечарам 13 сакавіка, Мішусцін сустракаўся з прадстаўнікамі расійскай нафтавай галіны. Пасля гэтага некалькі расійскіх кампаніяў пагадзіліся знізіць прэмію з тоны на $ 7, распавёў РБК яшчэ адзін суразмоўца. Якія менавіта, ён назваць адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што гэта камерцыйная таямніца. Аб'ём паставак, аб якіх бакі вядуць перамовы, складае 18 млн т да канца 2020 года, адзначыў ён. Аднак Беларусь працягвае настойваць на поўнай адмене прэміі, паведаміў суразмоўца РБК: Мінск разглядае цяперашні варыянт як прамежкавы.