Раманчук: Літва па плошчы ў 3,2 разы меншая за Беларусь, насельніцтва ў 3,5 разы менш, а эканоміка большая

Вядомы беларускі эканамічны эксперт Яраслаў Раманчук ацаніў 30-гадовы суверэнны шлях Беларусі і Літвы. Параўнанне выйшла не на нашу карысць.

— Літва — Беларусь 2021. Занавес. Для тых, хто умее думаць і для іх супрацьлегласцяў, — напісаў Яраслаў Раманчук на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Адзін маленькі, але вельмі звонкі факт. Дзве суседкі — Беларусь і Літва. Былі калісьці ў СССР. выйшлі з яго па-рознаму. Пайшлі ў розных кірунках. Ад слова «зусім».

Літва ўзяла курс на цывілізаваны свет: дэмакратыю, свабоду, капіталізм і сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.

Беларусь рукамі Кебіча/Лукашэнкі вырашыла аднавіць «былыя гаспадарчыя сувязі» і асноўныя інстытуты Савецкага Саюза: аўтарытарызм, параліч/імітацыя дэмакратыі, ашуканства бюракратыі, усёдазволенасць VIP-распарадчыкаў чужога, «савок/Дзяржплан» і сяброўства ў пераважна імітацыйных інтэграцыйных праектах з Расіяй (СНД, ЕАЭС, СД).

Беларусь да сярэдзіны 1990-ых была значна большай і багацейшай, мела выдатныя стартавыя ўмовы для рыўка наперад.

Нагадаем тыя стартавыя ўмовы. У 1995-м Літва: ВУП на душу насельніцтва — $ 1667 або ~ $ 6 млрд для ўсёй краіны. Беларусь па выніках 1995 года: ВУП на душу насельніцтва — $ 1009 або ~10,3 $ млрд для ўсёй краіны. Пры гэтым у Беларусі тады было на 6,6 мільёнаў чалавек больш, чым у Літве.

І вось прыйшоў 2021 год. 30 гадоў — дастаткова часу, каб ацаніць перавагі двух дыяметральна процілеглых стратэгій развіцця.

Менавіта ў 2021-м годзе ўпершыню ў гісторыі на нашых вачах адбываецца ўнікальная гістарычная падзея. Літва, краіна з насельніцтвам у ~ 2,7 млн чалавек, вырабляе больш валавога ўнутранага прадукту (ВУП), чым 9,4-мільённая Беларусь (розніца ў насельніцтве тыя ж 6,6 млн). Паводле ацэнкі МВФ, ВУП Літвы ў 2021 годзе будзе $ 62198 млн, а Беларусі — $60725 млн.

ВУП на душу насельніцтва ў Літвы будзе $ 22 245 (39-е месца ў свеце), а ў Беларусі $6487 (87-е месца ў свеце).

І гэта яшчэ не ўсё ў сэнсе параўнання двух суседзяў. У 2020-м экспарт тавараў Літвы склаў $34 млрд, а Беларусь экспартавала тавараў на $ 28,3 млрд. Экспарт тавараў на душу насельніцтва ў Літве перавышае Беларускі ў 4,1 разы.

У Літве няма нафты, газу, золата, вугалю, металаў, алмазаў і вялізнага/ёмістага ўнутранага рынку. У яе ёсць палітычная, грамадзянская і эканамічная свабода. Яна зняла бар'еры для доступу на рынак ЕС. А гэта пад $20 трыльёнаў у год. Вось вынік. Краіна, якая па плошчы ў 3,2 разы менш, чым Беларусь, якая мае насельніцтва ў 3,5 разы менш, у 2021 годзе мае больш вялікую эканоміку, чым Беларусь. Літва актыўна прыцягвае грошы, чалавечы, прадпрымальніцкі і IT-капітал з Беларусі. Вось такая кароткая гісторыя двух суседзяў.

Занавес. Для тых, хто ўмее думаць, для жадаючы шчасця сваім дзецям/унукам, хто імкнецца да росквіту сваёй краіны, на заслоне напісана адно. А вось для VIP-распарадчыкаў і спажыўцоў чужога лічбы па выніках 30-гадовага развіцця — гэта сігнал, каб гэты заслону зрабіць жалезным. Як было ў Савецкім Саюзе. Засталося толькі зразумець і ўбачыць, каго больш у Беларусі, першых або другіх.

novychas.by