Радзім Гарэцкі: «Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом. Нас у Беларусь не пушчалі»

Напярэдадні 90-гадовага юбілею Радзім Гаўрылавіч даў інтэрв’ю «Салідарнасці».

***

У мяне пастаянна пытаюцца: якія прычыны вашага даўгалецця? Ды я сам дзіўлюся. У мяне дахрэна сур’ёзных хвароб, ад якіх ужо даўно павінен быў адысці ў лепшы свет.

***

Ужо каля 10 гадоў у мяне рак. Лекар мне сказаў: «Вам так пашэнціла!»Я ў здзіўленні: чаму? «У вас самы лепшы рак – рак прастаты! Ён так марудна развіваецца ў старасці, што вы памрэце ад чаго-небудзь іншага».  

***



Першае і самае важнае – у мяне вельмі добрыя гены. Бацька памёр ў 88, брат – амаль у 85, маці і яе бацькі – усе пражылі да 93. Другое – нягледзячы на хваробы, я не звяртаю на іх увагі. Я паводжу сябе быццам бы здаровы, не губляю любоў да жыцця.

***

У дзяцінстве бачыў, як людзей выкопвалі з зямлі. Пасля вызвалення з турмы бацька пагадзіўся працаваць на будоўлі Беламорска-Балтыйскага канала, сям’я пераехала да яго. Жыццё ў зняволеных было жахлівае, часта ладзілі ўцёкі. Каб схавацца, закопваліся ў зямлю. Іх шукалі, бегалі з сабакамі. Дастаюць мужчыну з зямлі – а ён ужо задыхнуўся.

***

Мы з братам раслі сярод урак, але ўсё ж сталі нармальнымі людзьмі. Дзякуючы бацькам, і асабліва дзеду і бабе па мамінай лініі – Марыі Міхайлаўне і Осіпу Іванавічу. Галоўным чынам яны нас выхоўвалі – бацька быў то ў турме, то ў камандзіроўках. Калі б не яны, мог бы стаць і хуліганам, і чорт ведае кім.


02-harecki5-21.jpg

Радзім, Ларыса, Гаўрыла, Усяслаў Гарэцкія. Ялабуга Татарскай АССР, 1954


***

Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом – я ж сын «ворага народа». Калі скончыў у Маскве інстытут, бацька хацеў, каб я трапіў на працу ў Мінск. На яго ліст прыйшоў адказ: няма месцаў. У той час хлусня была ўсюды. А можа і добра, што тады мяне не пусцілі. Забіраць перасталі толькі пасля смерці Сталіна.

***

Доўга не мог уладкавацца на працу ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР. Пашанцавала, што бацька якраз атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга за Цымлянскую ГЭС – пра вялікую будоўлю камунізму пісалі ва ўсіх газетах. Калі даведаліся, адразу ж узялі мяне на працу.


03-garecki2b.jpg

За выданне гэтай карты Радзім Гарэцкі атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР


***

Калі трапіў у Парыж, быў у шоку. Навуковая канферэнцыя праходзіла падчас перадвыбарчай кампаніі. Дэ Голю супрацьстаялі камуністы. Па ўсім горадзе партрэты і плакаты, а на іх выявы – зорачка раўняецца свастыцы. Значыць, камунізм – тое самае што фашызм. Я думаў: як яны пасмелі? Мы ж у дзяцінстве ўвесь час крычалі «Да здравствует Сталин!». «Спасибо товарищу Сталину за наше счастливое детство!» Пазней толькі ўбачыў сутнасць рэжыму.

***

Стараюся папраўляць людзей, калі кажуць, што ў СССР быў камунізм ці сацыялізм. У Савецкім Саюзе быў бальшавізм.

***

Наколькі дзікімі мы былі ў параўнанні з заходнімі краінамі! Нават з ГДР. Майго старэйшага сябра па геалагічным інстытуце, які часта ездзіў у камандзіроўкі, жанчыны прасілі: купі бюстгальтар (у нас паршывыя былі).

Хлопцы прасілі: набудзь прэзерватываў. Там як было? Заходзіш у прыбіральню – унутры аўтамат. Кідаеш цэнты – выскаквае прэзерватыў. Галоўнае слова савецкіх грамадзян – дэфіцыт.


04-garecki5-09.jpg

Мугаджары (Казахстан), 1971 год


***

Нас у Беларусь не пушчалі. Бацьку рэабілітавалі ў 1958 годзе, але толькі праз дзесяць гадоў дазволілі вярнуцца. Яму было ўжо пад 70, стары чалавек, ды яшчэ столькі перажыў – да расстрэлу два разы прысуджалі.

***

Дыктат, хлусня, страх – на гэтым трымалася савецкая і трымаецца сённяшняя ўлада.

***

Згодны з Якубам Коласам – калі начальства загаворыць па-беларуску, дык і народ загаворыць. Многія без прымусу не могуць.Памятаю, як аднойчы перад паседжаннем у Акадэміі навук з гары паступіла каманда – даклады зрабіць па-беларуску. І ўсе выступілі па-беларуску! Загаварылі нават акадэмікі, якія раней у гэтым заўважаныя не былі. Лукашэнка – стопрацэнтна савецкі чалавек, таму шанцаў пры ім няшмат. Але ж ён не навечна.

***

Жонку кахаю. У яе таксама дзень народзінаў – 70 год споўнілася на днях.

***

Без працы, без навукі я не магу. З вялікім задавальненнем хаджу на працу – у той самы будынак, дзе амаль 20 гадоў узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі (пасля, на жаль, ліквідаваны). На ўваходзе – памятная шыльда, прысвечаная бацьку. Заўсёды вітаюся як праходжу: прывітанне, тата! Працую за сваім сталом над навуковымі праграмамі.І выгляд з кабінета ў мяне добры – гляджу на прыроду і нягледзячы ні на што, радуюся жыццю.

Руслан Гарбачоў, “Салідарнасць”