Пётра Рудкоўскі: Перадумоў для інкарпарацыі Беларусі Расіяй цяпер няма

Сцэнар паглынання калі і існуе, то як адзін з мноства — і ён не на першым і не на другім месцы, а ў самым канцы спісу — як варыянт-крайнасць.

«Як і раней, я застаюся пры думцы, што рэальнай пагрозы інкарпарацыі Беларусі Расейскай Федэрацыяй цяпер не існуе», — заявіў у інтэрв’ю Thinktanks.by Пётр Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар BISS (Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў) і ўдзельнік міжнароднага форуму «Мінскі дыялог» "еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы", які праходзіў у беларускай сталіцы 7-8 кастрычніка.

«Па-першае, у рэалізацыі плана паглынання не зацікаўлены беларускі рэжым. Тут, вядома, мне могуць запярэчыць, што зацікаўленасць або незацікаўленасць Мінска можа не прымацца пад увагу такім гігантам як Расія. Але, мяркуючы па ўсім, Масква сапраўды не мае намеру выбіраць варыянт аншлюсу Беларусі. Так, крамлёўскае асяроддзе неаднастайна, там можна знайсці людзей і з поглядамі Аляксандра Дугіна — неабмежаваная экспансія Расіі і гэтак далей, але гэта ўсё ж такі яны ў меншасці, — лічыць Пётр Рудкоўскі. — Мне здаецца вельмі выразным сігналам вынік апытання праўрадавага ВЦІОМа двухмесяцовай даўнасці — грамадскае меркаванне Расіі не наладжана на аб’яднанне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. Можна сумнявацца, сапраўднае ці гэта адлюстраванне грамадскай думкі ці гэта адлюстраванне замовы Крамля, асабіста я лічу, што ўсё-ткі першае, але ў любым варыянце, гэта сігнал аб тым, што ў Маскве не ставяць на інкарпарацыю Беларусі ў бліжэйшы час. Я не выключаю, што такі сцэнар існуе як адзін з мноства, але ўпэўнены, што ён не на першым і нават не на другім месцы, магчыма, дзесьці на пятым-шостым, у канцы спісу, гэта значыць як варыянт-крайнасць». На думку Пятра Рудкоўскага, варыянт-крайнасць можа быць ужыты толькі ў такіх жа выключных сітуацыях, «напрыклад, Беларусь раптам пачынае дэманстраваць зусім ужо праеўрапейскі, пранатаўскім курс, магчыма, пры такім раскладзе быў бы запушчаны праект паглынання, але — добра гэта ці дрэнна — такі курс Мінска нерэальны па ўсіх вядомых прычынах. «Так, на сто адсоткаў магчымасць паглынання Беларусі Расіяй усё ж выключаць нельга, але цяпер, у бліжэйшы час перадумоў для гэтага няма», — упэўнены аналітык.

Паказаць хоць нешта

Тады да чаго ўсе гэтыя размовы пра «паглыбленай інтэграцыі»? «У 1999 годзе былі зусім іншыя рэаліі і ў Беларусі, і ў Расіі. Не будзем паглыбляцца ў дэталі той рэальнасці, гэта відавочна і запамінальна. Быў падпісаны гэты Дагавор аб адзінай дзяржаве, ён існуе, ніхто яго не ліквідаваў, а раз ён існуе, то і грамадская думка, і міжнародная супольнасць неяк час ад часу задаюць пытанне: а што гэта, уласна, такое? На мой погляд, у нейкім сэнсе і Крэмль, і афіцыйны Мінск з’яўляюцца закладнікамі вось гэтых пагадненняў, яны павінны рабіць выгляд, што нейкім чынам Саюзная дзяржава існуе», — лічыць Пётр Рудкоўскі. Ён не бачыць сур’ёзнай пагрозы беларускаму суверэнітэту ў такога роду збліжэнні. «І да чаго прыйшлі бакі? Эканомікі дзвюх дзяржаў інтэгруюцца? Гэта нават, як мы бачым, не мае на мэце ўвядзення адзінай валюты, не кажучы ўжо пра стварэнне наднацыянальных органаў. Нават таго ўзроўню, якога дасягнуў Еўрапейскі саюз, пры тым, што там усё-роўна захоўваецца дзяржаўны суверэнітэт краін-членаў, не будзе дасягнута пры рэалізацыі цяперашняга праекта так званай паглыбленай інтэграцыі», — упэўнены Пётр Рудкоўскі.

novychas.by