Пяць пісьменніцкіх саюзаў Нарвегіі выступілі з заявай па Беларусі

Пісьменнікі з Нарвегіі патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць наступ на свабоду слова, пратэстуюць супраць ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Публікуем тэкст заявы цалкам (у перакладзеlit-bel.org).

На мінулым тыдні ўлады Беларусі прынялі рашэнне аб ліквідацыі Беларускага ПЭНа. Цяпер чарга незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў. У аўторак на гэтым тыдні Саюз беларускіх пісьменнікаў атрымаў ліст з Вярхоўнага суда краіны, у якім паведамлялася аб тым, што суд расследуе пытанне аб закрыцці Саюза як легальнай арганізацыі. Запыт паступіў з Міністэрства юстыцыі Беларусі.

У аўторак 24 жніўня Саюз беларускіх пісьменнікаў (заснаваны ў 1933 г.) павінен з'явіцца ў Вярхоўны суд на першае паседжанне ў сувязі з ліквідацыяй. Улады раней правялі рэйды ў офісе Саюза пісьменнікаў і заблакавалі банкаўскі рахунак арганізацыі. Паколькі шэраг адвакатаў страцілі адвакацкія ліцэнзіі пасля дапамогі няўрадавым арганізацыям, апазіцыі і трапілі ў турму, Саюз беларускіх пісьменнікаў з усіх сіл шукае адваката, які адважыцца і зможа ўзяць на сябе абарону арганізацыі.

Праз год пасля вельмі супярэчлівых выбараў, якія выклікалі хвалю пратэстаў супраць уладаў, цяпер сітуацыя ў краіне горшая, чым калі-небудзь. Усё больш і больш галасоў змаўкаюць ад страху.

За апошні год больш за 35 тысяч пратэстоўцаў апынуліся за кратамі, а цяпер больш за 600 палітвязняў знаходзяцца ў турме. Больш за 100 НДА былі зачыненыя, у тым ліку Беларускі ПЭН, асацыяцыя журналістаў і праваабарончыя арганізацыі.

Асацыяцыі пісьменнікаў і перакладчыкаў у Нарвегіі патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць наступ на свабоду слова і самавыяўлення, свабоду асацыяцый і свабоду сходаў. Закрыццё няўрадавых арганізацый патрэбна адмяніць і спыніць. Асацыяцыі пісьменнікаў і перакладчыкаў у Нарвегіі просяць нарвежскія ўлады выдаваць візы беларускім пісьменнікам, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі і пераследу.

Пераслед асобных пісьменнікаў і перакладчыкаў - і кожнага беларуса, які абараняе дэмакратыю - павінен быць спынены.

Нарвежская асацыяцыя пісьменнікаў, старшыня Хэйдзі Мары Крызнік
Den norske Forfatterforening v/ Heidi Marie Kriznik

Саюз пісьменнікаў, старшыня Эйстэйн Хансэн
Forfatterforbundet v/ Eystein Hanssen

Асацыяцыя нарвежскіх аўтараў і перакладчыкаў навучальнай літаратуры, старшыня Арнэ Вестбё
Norsk faglitterær forfatter- og oversetterforening  v/Arne Vestbø

Асацыяцыя нарвежскіх перакладчыкаў, старшыня Хільдэ Лінг
Norsk Oversetterforening  v/ Hilde Lyng

Нарвежскае аб'яднанне аўтараў дзіцячай і моладзевай літаратуры, старшыня Аляксандар Лёкен
Norske Barne- og Ungdomsbokforfattere  v/Alexander Løken