Прыватнае жыццё публічных асобаў БНР

Дзеячаў БНР мы ведаем дзякуючы іх грамадскаму чыну, гучным заявам, дамовам, канфліктам і ўчынкам. Усё гэта публічная сфера, захаваная архівамі, газетамі, кнігамі. А што з прыватным жыццём і драбніцамі, якія дапамогуць убачыць у бацьках БНР людзей, а не бронзавыя помнікі?

Зразумела, увесь спектр акалічнасцяў прыватнага жыцця айцоў рэспублікі не змесціцца ні ў публікацыю, ні ў кніжку: занадта шматслойная і неабсяжная тэма. Таму давайце пазбіраем тэматычныя цікавосткі са старой шуфляды, “драбніцы з куфэрка”…

Луцкевічаў “тролілі” за польскасць

Яшчэ напярэдадні Першай сусветнай братам Антону і Івану Луцкевічам трэба было даводзіць сваю беларускасць. Мясцовыя польскія дзеячы рэгулярна кпілі, маўляў, Луцкевічы – прыродныя палякі, а ўся іхная беларускасць – гэта гульня. У 1913 годзе Антон Луцкевіч звяртаецца да грамадскага суду адносна нейкага Абрамовіча, які сцвярджаў, што той карыстаецца польскай мовай у жыцці і наогул “польскі шляхцюк”. Для беларускага татарына Луцкевіча гэта было сапраўднай абразай.

Вегетарыянец Дубейкаўскі

Зоська Верас успамінае, што пры клубе “Беларуская хатка” ў Гродне праходзілі абеды і працавала сталоўка. Найбольшыя праблемы ўзнікалі ўвесь час з Лявонам Дубейкаўскім. Чаму? Ён проста быў вегетарыянцам! Як Дубейкаўскі прыйшоў да такой філасофіі, былі прычыны ідэйнымі альбо медыцынскімі, не ўдакладняецца.

Няўдалы эксперымент і адарваныя пальцы

Вацлаў Іваноўскі яшчэ ў часы падпольнай дзейнасці ў Грамадзе меў дзве мянушкі: Хімік і Тройца – пра гэта сведчаць паліцэйскія пратаколы. Псеўданімы мелі сваю гісторыю: Іваноўскі сапраўды займаўся хіміяй і падчас аднаго няўдалага эксперыменту… страціў некалькі фалангаў і меў на адной руцэ тры пальцы. Відаць, паліцыю гэта цікавіла не толькі ў плане канспіратыўнай гульні псеўданімаў, але яшчэ і як дадатковая асабістая прыкмета.

Барада, вусы і выбітыя зубы

Яшчэ ў 1917 годзе Касцевіч згадваў, што Пётр Крычэўскі, будучы лідар БНР на эміграцыі, не меў… пярэдняга шэрагу зубоў. Відаць, раскошныя вусы і барада былі пакліканыя хаваць гэты дэфект. Чаму зубоў не было? Невядома. Зрэшты, такая сітуацыя не была рэдкасцю нават сярод дзяржаўных лідараў. Напрыклад, пярэдніх зубоў не меў Юзаф Пілсудскі. Дэфект хавалі густыя ніцшэанскія вусы. Калі Пілсудскаму прапаноўвалі ўставіць зубы, той адмаўляўся. Для маршалка гэта быў напамін пра катаргу і расійскую няволю: зубы яму некалі выбіў прыкладам расійскі жаўнер.

Грошы, ноч у пуні і “класавая нянавісць”

Літаратар і дзяржаўны дзеяч Зміцер Жылуновіч меў праблемы з грашыма і звярнуўся да Вацлава Іваноўскага па дапамогу. Той прапанаваў яму працу настаўніка ў сваім маёнтку Лябёдка на Лідчыне. Па прыездзе сам Іваноўскі пайшоў баляваць, а маладога беларускага настаўніка… пакінуў спаць у пуні. З таго часу, паводле ўспамінаў самога Жылуновіча, ён адчуў, што такое “класавая нянавісць”. У выніку Жылуновіч будзе стаяць ля вытокаў БССР, а Іваноўскі апынецца ў абойме БНР.

Два мяхі грошай: праўда ці трызненне?

Паўліна Мядзёлка ўспамінала, што ў 1920-м Тамаш Грыб моцна захварэў, ляжаў у гарачцы. Папярэдне эсэр Грыб меў кантакты з бальшавікамі, якія нібыта далі яму неблагую суму – “два мяхі грошай” – на арганізацыю антыпольскай партызанкі. Пасля грошы зніклі: ці то Грыб іх згубіў, будучы ў неадэкватным стане, ці то схаваў і забыўся дзе, ці то ўся гісторыі з двума мяхамі – усяго толькі сон ці трызненне ў гарачцы. Адказ на гэтае пытанне мы ўжо наўрад ці даведаемся.

“Сёння я яго расстраляю, заўтра – можаце мяне”

Палякі ведалі пра кантакты Грыба з бальшавікамі, таму, заняўшы Мінск улетку 1920-га, яго арыштавалі: вайсковая дэфензіва ўзяла эсэра ў закладнікі. Калі Іваноўскі прыйшоў прасіць за Грыба, генерал Шаптыцкі катэгарычна адмовіўся. Эсэры пачалі пагражаць палякам тэрорам, маўляў, выпускайце Грыба альбо будзе мора крыві. У выніку камандаванне прыняло рашэнне выпусціць. Але афіцэр, які адказваў за Грыба, быў нязломны: “Сёння я яго расстраляю, а заўтра – можаце мяне”.

Грыба ўсё ж выпусцілі, але зрабілі хітра: пасадзілі ў цягнік з польскімі вайскоўцамі, які ехаў у Польшчу. Так палякі забілі двух зайцаў: па-першае, зрабілі падарожжа цягніка больш бяспечным – гэта страхоўка, каб эсэры не пусцілі састаў пад адхон. Па-другое, Грыба выпусцілі далей ад Беларусі, недзе ў цэнтральнай Польшчы.

Куды падзелася каса беларускага палка?

Беларускі полк, які стаяў у Гродне ў 1919-м годзе, у выніку быў раззброены і здаўся палякам. А што рабіць з касай палка, якая захоўвалася ў камендатуры? Схаваць, перадаць ураду БНР альбо… разабраць па кішэнях? Афіцэры выбралі апошні варыянт, але ў далейшым згадвалі гэта як важны грамадскі чын. Маўляў, лепш так, чым у рукі ворага.

Сакратаркі, машыністкі, тэлеграфісткі…

Міністру БНР Язэпу Варонку неаднаразова закідалі сувязі з персаналам: малады палітык атачаў сябе сакратаркамі і машыністкамі. У дзённіку Антона Луцкевіча захавалася згадка пра ягоную размову на павышаных тонах з Варонкам сам-насам. У пэўны момант у кабінет зайшла каханка Варонкі, і сварка між дзеячамі сама сабой затухла. Дарэчы, маёра Езавітава таксама вінавацілі ў падобнай слабасці, толькі не з машыністкамі, а з тэлефаністкамі.

Ці можа прэм’ер БНР выхоўваць дзяцей па-руску?

Прэм’еру БНР Цвікевічу беларуская мова давалася цяжка. У лісце да Луцкевіча з Кіева той піша па-руску, але выбачаецца: маўляў, гэта апошні ліст на чужой мове. Цікава, што ў Коўне, ужо ў 1920-я, Цвікевіч усё ж аддаў дзяцей у рускую гімназію, за што іншыя беларускія дзеячы зладзілі яму абструкцыю.

Наогул, у сямейным коле шмат хто з абоймы БНР карыстаўся польскай ці рускай мовай. На ўсё гэта вельмі хваравіта рэагавала Зоська Верас, якая не забывалася “троліць” сваіх колішніх паплечнікаў ва ўспамінах ужо ў 1960-70-х. Мабыць, Зоська мела на гэта права, бо пранесла праз усё жыццё мову як сцяг, нават жывучы ў Літоўскай ССР.

Праца міністра ці агранома – што лепшае?

Увесну 1919 года жонка міністра БНР Кузьмы Цярэшчанкі напісала яму даволі скрушны ліст, маўляў, ёй не падабаюцца мужавы сябры і летуценныя праекты, якімі яны займаюцца. Выснова жонкі максімальна прагматычная: “…ідзі лепш аграномам у зямельны аддзел”. Ну і апошні пасаж з ліста для міністра, мабыць, стаў сапраўдным ударам: “Мілы, ты хоць заробак атрымліваеш ці вы там сабраліся такія дурачкі, якія адно ідэямі сытыя? Праўда, уладкоўвайся лепей…”


Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”