Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа заявіў, што нельга давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каронавірусе, сітуацыя ў нас значна горшая.
"Мы не можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна з Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сітуацыю з пэўнай бравадай", — заявіў у сераду журналістам кіраўнік суседняй дзяржавы ў Міністэрстве аховы здароўя.
"Цалкам магчыма, што сапраўдная статыстыка значна горшая, паколькі мы ведаем пра пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці, якія фіксуюцца", — сказаў ён.
Пра тое, што кіраванне крызісам каронавіруса ў Беларусі не з'яўляецца добрым, у аўторак у сойме распавёў і міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Ён таксама сказаў, што разглядаецца магчымасць абмежаваць ўсё рэйсы з Мінска ў Вільню, якія яшчэ здзяйсняюцца.
Паводле слоў літоўскага прэзідэнта, варта абмежаваць кантакты з краінай, якая не кантралюе сітуацыю, калі рызыка сапраўды адчувальная.
"Я лічу, што заўвага спадара Лінкявічуса цалкам своечасовая, і калі гэтая рызыка сапраўды адчувальная, мы павінны абмежаваць любыя кантакты з краінай, якая ў дадзены момант занадта расслаблена ацэньвае ўспышку каронавіруса і магчыма, што ў сувязі з гэтым яе чакаюць цяжкія наступствы", — сцвярджае Науседа.
Паміж Мінскам і Вільняй усё яшчэ ажыццяўляюцца рэгулярныя рэйсы авіякампаніі "Белавія". Беларусь застаецца адзінай дзяржавай рэгіёну, якая не закрыла свае межы ў сувязі з пандэміяй каронавіруса.
Па афіцыйных дадзеных на панядзелак у Беларусі былі пацверджаны 152 выпадкі заражэння вірусам COVID-19. З аўторка беларускае Міністэрства аховы здароўя перастала паведамляць колькасць выяўленых хворых. Аднак учора стала вядома пра першую пацвероджаную ахвяру віруса: у Віцебску памёр заслужаны артыст Беларусі, акцёр Коласаўскага тэатра Віктар Дашкевіч.
У той жа час афіцыйныя беларускія ўлады працягваюць называць сусветную пандэмію «псіхозам» і не маюць намеру ўводзіць каранцін ці абмяжоўваць масавыя мерапрыемствы.