Пераможца прэміі Ежы Гедройца 2017 года Зміцер Бартосік ледзь не сышоў з імпрэзы да абвяшчэння першага месца.
“Я нават не меў падрыхтаванай прамовы для такога выпадку. І жонка, яна тут, не чакала перамогі, кажа мне: “Хадзем ужо дадому”, — а я кажу: “Трэба дабыць увесь спектакль”. І тут раптам называюць мяне”, — прызнаўся пісьменнік.
Цырымонія ўзнагароджання адбылася 31 кастрычніка ў культурнай прасторы ОК16 у Мінску. Трэцяе месца атрымаў Адам Глобус за “Зваротную перспектыву”, другое месца заняла Людміла Рублеўская з “Дагератыпам”. Найпапулярнейшае “Радзіва “Прудок” Андруся Горвата ўвайшло ў кароткі спіс, але вышэй не ўзнялося. А нявыдуманыя гісторыі “Быў у пана верабейка гаварушчы” журы абрала найлепшай кнігай за 2017 год і прысудзіла галоўны прыз у 5000 еўра. “Палову грошай аддам свайму рэдактару Сяргею Дубаўцу, без якога гэтая кніга б не выйшла. А што рабіць з астатнімі грашыма, хай жонка вырашае. У яе фантазія больш багатая, як іх патраціць”, — вырашыў Зміцер.
На думку Бартосіка, прэмію сёлета магла атрымаць Людміла Рублеўская: “Нават не за “Дагератып”, я яго не чытаў, а за тое, што яна зрабіла перад гэтым. За Пранціша Вырвіча, за “Сутарэнні Ромула”, за гістарычныя містычныя дэтэктывы, якія з вялікім задавальненнем чытаюць дзеці”. Таксама Зміцер адзначыў моцную кнігу “Зваротная перспектыва”: “Усё, што піша Глобус, заўжды цікава чытаць”.
А вось яшчэ адна навіна ад пераможцы прэміі: вясной-летам наступнага года мае выйсці яшчэ адна ягоная кніга, вясёлая і “без гэтага страхоцця”: “У свой час мы рабілі праграму “Вострая брама”, і я назапашваў сабе нейкія гісторыі і забытыя адрасы культуры. Дом, дзе жыў пісьменнік, паляна, дзе адбывалася нейкая вясёлая п’янка, аўтобусны прыпынак, дзе нешта здарылася. І такіх гісторый багата, шмат з іх вясёлых. Напрыклад, ёсць вясёлыя гісторыі пра Караткевіча, але больш пакуль не распавяду”.
Сёлета адным з сябраў журы стаў вядомы вандроўнік па востраве Готланд Альгерд Бахарэвіч. На цырымоніі пісьменнік уручаў прыз за другое месца — адпачынак ад Саюза пісьменнікаў у Доме творчасці на тым самым востраве, шмат жартаваў з гэтага і пажадаў Рублеўскай больш ніколі не займаць другое месца, а браць толькі першыя.
Пасля Бахарэвіч прызнаўся, што яго ўсцешыла запрашэнне ў журы (бо не хацеў браць удзел у спаборніцтве са сваім “Бэзавым і чорным”), аднак пісьменніку судзіць пісьменнікаў было складана: “Я не веру ў аб’ектыўнасць. У кожнага з нас ёсць свае любові, свае таемныя прыхільнасці. Мы ўсе глядзім на літаратуру па-рознаму. Але ў журы былі не толькі пісьменнікі, але і прафесійны крытык. Таму я лічу, што мы прынялі больш-менш узважанае рашэнне”. Сам Альгерд кіраваўся ў выбары наймацнейшых такімі крытэрамі: беларуская літаратура не павінная быць разжаванай і спрошчанай, а пісьменнік мае мець высокі ўзровень майстэрства. “Для масавай, лёгкай літаратуры павінная быць свая прэмія”, — перакананы Альгерд Бахарэвіч. У склад журы таксама ўвайшлі Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Алена Брава, Павел Касцюкевіч і Ціхан Чарнякевіч.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) падкрэсліў надзвычай разнастайныя доўгі і кароткі спісы прэміі сёлета. Ён, як заўжды, заўзеў за ўсіх удзельнікаў, але ўласнага фаварыта не меў (ці не прызнаўся, што меў). Аднак Барыса Пятровіча засмучае, што грашовую прэмію атрымлівае толькі адзін пераможца: “За мяжой багата прэмій, і там літаратары могуць узяць некалькі і жыць на гэтыя грошы, выдаваць кнігі. У нас жа толькі адна, таму мы і хацелі яе падзяліць”.
Музычнай афарбоўкай імпрэзы сталі спевы Паліны Рэспублікі. Яна павіншавала намінантаў і пераможцаў, а таксама адзначыла, што выступаць на такой вечарыне для яе вельмі пачэсна. Сцісла пра сямёрку фіналістаў прэміі чытайце тут.
Марыя Грыц, “Будзьма беларусамі!”,
фота “Наша Ніва”