Кірыл Стаселька піша на budzma.by пра рэдактара і выдаўца Аляксандра Уласава.
Ад духоўнай семінары да эканомікі
Аляксандр Уласаў нарадзіўся ў Вілейцы ў 1874 годзе. Ягоны дзед быў праваслаўным святаром, бацька ўзначальваў мясцовую паштовую службу і меў уласны фальварак пад Радашковічамі. Дарэчы, ёсць цікавая згадка, што ў дзяцінстве бацька часам даваў Аляксандру па галаве лінейкай, маўляў, каб той стаў разумнейшым да навукі. Калі бацьку па службе перавялі ў Пінск, Аляксандр паступіў там у духоўную семінарыю (відаць, там авалодаў і грэчаскай мовай). Пазней ён працягваў навучанне ў рэальным вучылішчы ў Мінску і Лібаве і ў Рыжскім тэхнічным універсітэце.
Аляксандр Уласаў
Уласаў быў чалавекам надзвычай адукаваным. Мала таго, што яго часам называюць першым прафесійным беларускамоўным эканамістам, ён праявіў сябе як дасведчаны спецыяліст у сферы сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, у прыватнасці, пачаў выдаваць першы сельскагаспадарчы часопіс “Саха” (да працы якога далучыў шмат значных экспертаў адпаведнай сферы), займаўся правядзеннем першай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва, выдаў працу “Аб гаспадарцы на хутары і шнурах”.
Хросны бацька беларускай літаратуры
Пэўна, больш за ўсё Аляксандр Уласаў вядомы ў якасці выдаўца. Непасрэдна з яго асобай звязанае з’яўленне газет “Наша доля” і “Наша ніва”. Так, Уласаў — рэдактар і выдавец “Нашай нівы”, галоўнага рупара беларускай культуры і літаратуры, і менавіта ён далучыў да супрацы з выданнем многіх пісьменнікаў, якія сёння лічацца беларускімі класікамі. Сярод іх Янка Купала (які, дарэчы, пазней стаў новым рэдактарам “Нашай нівы”), Якуб Колас (які лічыў Уласава сваім “духоўным бацькам” і выявіў яго ў сваім творы “На ростанях” у вобразе Уласюка), Максім Багдановіч, Ядвігін Ш., Цётка, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля і Канстанцыя Буйло. Уласаў з’яўляецца і адным з заснавальнікаў выдавецкага таварыства “Наша хата”, якое гэтаксама выдавала творы беларускіх аўтараў. Акрамя вышэйзгаданых “Нашай долі”, “Нашай нівы”, “Нашай хаты” і “Сахі” Аляксандр Уласаў выдаваў і часопіс для беларускай моладзі пад назвай “Лучынка”, рэдактаркай якога была Цётка.
Аляксандар Уласаў і браты Луцкевічы
Нягледзячы на такі значны ўнёсак, асветніцкія намаганні Уласава не абмяжоўваліся напісаннем публіцыстычных і навуковых тэкстаў, літаратурнай і выдавецкай дзейнасцю. Так, сярод іншага, ён заснавальнік і адзін з кіраўнікоў культурна-асветніцкай арганізацыі “Таварыства беларускай школы”, а ў 1920-я стварае ў Радашковічах беларускую гімназію імя Францыска Скарыны.
Польскі сенатар
Вядома, Аляксандр Уласаў быў не толькі асветнікам, не толькі культурніцкім, але і грамадскім дзеячам ды палітыкам. У 1905–1907 гадах ён браў удзел у арганізацыі забастовак, у нелегальных з’ездах. Уласаў з’яўляецца і адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — першай беларускай палітычнай партыі, сярод заснавальнікаў якой таксама былі браты Луцкевічы, Карусь Каганец, Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Алесь Бурбіс і іншыя. У 1917 годзе ён удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, у 1918-м увайшоў у выканкам “Менскага беларускага прадстаўніцтва” — палітычнага аб’яднання беларускіх партый і груповак. Пазней Уласаў трапіў у сакратарыят Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1919 годзе — у прэзідыум Найвышэйшай рады БНР.
Уласаў Аляксандр і яго сям'я
Аляксандр Уласаў працягваў актыўную палітычную дзейнасць і ў 1920-х гадах. Так, у 1922-м ён быў абраны ў польскі сейм, дзе абараняў беларускія нацыянальныя і культурніцкія інтарэсы. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб (беларуская фракцыя ў парламенце Польскай Рэспублікі), Беларускі нацыянальны камітэт, Польска-беларускае таварыства і Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ).
Аляксандар Уласаў і Беларускі пасольскі клуб
З прыходам савецкай улады Аляксандр Уласаў, як гэта здаралася з яго паплечнікамі і аднадумцамі, быў арыштаваны і асуджаны НКУС на зняволенне ў лагерах. У 1941 годзе ён памёр ад паралічу сэрца ў зняволенні ў Расіі.