Перакладчыца Вольга Калацкая зноў падазраваная па 342 арт. Крымінальнага кодэкса

Следчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненні вытворчасці па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх") супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. Адпаведна, спадарыня Калацкая зноў падазраваная па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Калацкая цяпер адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў хатняй хіміі.

Нагадаем, у студзені 2021 года Вольгу Калацкую затрымалі і змясцілі ў СІЗА, спачатку яна праходзіла як падазраваная па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Пазней Вольгу Калацкую абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі поўхаў супрацоўніку СТБ Рыгору Азаронку. Да суда Вольга знаходзілася за кратамі.

У сакавіку 2021 года справу раглядаў Фрунзенскі суд Мінска. Рыгор Азаронак у судзе сказаў, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Але ўсім вядомы тэлеграм-канал вырашыў выкласці гэта, пасмакаваць — і органы заняліся справай.

Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».

У выніку суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу Вольгу Калацкую двума гадамі хатняй хіміі.

У свой час Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейку Смітаў» ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Вольга Калацкая жыве ў Мінску з 90-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд.

„Беларуская асацыяцыя журналістаў“