Зянон Пазьняк — палітычны абсалют нацыянальнай ідэі. Хрысціянін. Паэт. Эмігрант. Самотны лідар апошняга беларускага Адраджэння.
Пазьняк адкрыў усяму свету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазіцыю ў Вярхоўным Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасці.
У Беларусі імя Пазняка стала сінонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.
Пазьняк — вылітая воля і вера Беларусі. Пазьняк, які адкопвае чарапы ў курапацкіх ямах, ідзе ў першых шэрагах на Чарнобыльскім шляху, прамаўляе з трыбуны — найярчэйшыя кадры хронікі беларускага руху.
У Пазьняку персаніфікаваная ўся ўнутраная сіла, адпорнасць і ідэалістычная прынцыповасць, глыбока схаваныя ў кожным беларусе. Уся ахвярнасць і пакута, узнёсласць і боль беларускай гісторыі выявіліся ў гэтай высокай, хударлявай і годнай постаці, у аграмадным бліскучым лобе, моцным падцятым падбароддзі, у глыбокіх чорных вачох.
Вось чаму так панічна баяліся Пазьняка камуністы, кадэбэшнікі і Крэмль.
Пазьняк стоік, як і заснавальнік стаіцызму — Зянон. Аскет. Па-манаску стрыманы і па-пурытанску строгі. Арыстакрат духу, як і ўсякі нацыянальны герой, Пазьняк — вяршыня цэлае дынастыі. Дзед, Ян Пазьняк, дзеяч БНР, засноўваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю і быў расстраляны бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, ваяваў з фашыстамі і загінуў на фронце ў 1944-м.
Кажуць, што Зянон спазніўся на пару стагоддзяў. Нам бы, маўляў, такога правадыра ня ў 1994-м, а ў 1794-м! Насамрэч ён з'явіўся вельмі своечасова. Тады, калі атупелыя, абалваненыя, знявераныя беларусы забыліся, кім яны ёсьць увогуле. Нацыя была фактычна ў стане клінічнай смерці. Пазьняк яе рэанімаваў.
Археолаг і фатограф Зянон Пазьняк у 1987 г., з пачаткам Перабудовы, апублікаваў жахлівыя матар’ялы раскопак у Курапатах, якія сам таемна вёў доўгія гады — і ўмомант стаў жывым сцягам антыкамуністычнага руху. Ужо 19 кастрычніка 1988 г. ён стварае аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, а праз два тыдні ачольвае першае масавае шэсце «Дзяды», жорстка разагнанае міліцыяй.
Пазьняк на чале парламенцкай апазіцыі — усяго 30 дэпутатаў! — здолеў пераламіць сітуацыю ў пракамуністычным Вярхоўным Савеце пачатку 1990-х гг. Трыста саўковых нардэпаў пад няўмольным позіркам Пазьняка прымалі «Дэкларацыю незалежнасці», бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», стваралі ўласнае войска, мытню, бюджэт...
Стваралі дзяржаву.
«Не кілбасы мусім шукаць, а Бога!» — казаў тады Пазьняк.
І гэта быў сапраўды цуд Божы: перамога над Імперыяй зла.
Геній нацыяналізму, полюс непадкупнасці, чалавек сталёвых нерваў, Пазьняк адначасова заставаўся мастацтвазнаўцам, лірычным паэтам, поўным пяшчоты да свайго краю і любові да Бога. Ave Maria на ягоныя словы стала «Песняй года-1994». Пасля ягоных белых вершаў хочацца плакаць і цалаваць беларускую зямлю.
Але няма прарока ў сваёй айчыне. Пасля шматтысячных маніфестацыяў Вясны-1996 пад пагрозай расправы Пазьняк мусіў з'ехаць за мяжу і папрасіць палітычнага прытулку ў Амерыцы.
Пазьняк — харызматычны лідэр і палітык крышталёвай чысціні, а гэта тая яшчэ рэдкасць. Яго аблівалі брудам, яму здраджвалі паплечнікі, яго замоўчвалі — але ён ані на цалю не змяніў сваіх прынцыпаў. Яго папракалі ў бескампраміснасці і катэгарычнасьці — але ці можа крышталь ня быць цвёрдым!
Так, цяпер Пазьняку прынята прыгадваць пошук ворагаў.
Але ж сярод сучаснікаў менавіта Пазьняк найбольш ясна сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ў сваіх кнігах «Сапраўднае аблічча», «Gloria Patria», «Тэрра Дэі» і «Новае стагоддзе».
Пазьняк, як моцны магніт, прыцягвае і адштурхоўвае, абуджае веру сябраў і выклікае шал ненавісьнікаў. Але нават ворагі трапечуць у ягонай прысутнасці. Калі Пазьняк глядзіць табе ў вочы — мурашкі ідуць па скуры, а жар змяняецца холадам.
Бо Пазьняк не проста кажа. Ён прарочыць. Ягоныя выразы кшталтаваныя і адточаныя, ягоны голас гучыць уладна і велічна — і ягоныя словы збываюцца. «Усё так, як казаў Пазьняк!» — у Беларусі ўжо даўно расхожая фраза.
Феномен Пазьняка тлумачыцца проста. Зянон Пазьняк — беларускі хрысціянін на ўсе 100%. У ім гэта ад Ісуса Хрыста — выкрываць і заклікаць. Пазьняк робіць гэта па-каталіцку гранёна і бліскуча — так, што працінае да самага сэрца.
Постаці такога маштабу можна разгледзець толькі здалёк. Іх ацэньвае гісторыя. І Беларусь урэшце рэшт ацэніць.
Таму што рана ці позна будзе так, як казаў Пазьняк.
З кнігі «Люблю Беларусь»