Памёр паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў

Беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў памёр ва ўзросьце 53 год, паведаміла “Радыё Свабода” яго жонка Алена.

Раней паведамлялася, што ён у крытычным стане бы дастаўлены ў лякарню пасьля таго, як у ноч на 23 студзеня нібыта заснуў за кампутарам.

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працуе ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Анемпадыстава называюць адным са стваральнікам беларускай рок-паэзіі – ягоныя вершы сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў».

Музычны журналіст Сяргей Будкін трымае сувязь са сваякамі Міхала Анемпадыстава і просіць тэрмінова дапамагчы ў зборы грошай на пахаваньне.

«Міхал Анемпадыстаў быў чалавекам неверагоднай энэргетыкі, вельмі мяккі, адукаваны, – згадвае Будкін. – Я думаю, што дзякуючы яму, ягоным песьням шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай. Ён фактычна адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай рок-паэзіі.

Нельга забываць, што Міхал быў шматбаковым творцам: дызайнэрам, намесьнікам старшыні Саюзу дызайнэраў Беларусі – шмат добра вядомых плякатаў зрабіў, быў графікам, публіцыстам, філёзафам, фатографам…

Я яго прымаў заўжды за маладога чалавека – як свайго равесьніка, хоць розьніца ў нас амаль у 20 гадоў была. Вельмі дзіўна, што такія людзі сыходзяць заўчасна».


ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае спачуванні родным, блізкім спадара Міхала, а таксама ўсім, хто яго ведаў. Мы шчыра смуткуем разам з вамі.