„Падстаў для спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да вас не маецца“

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году, але пяць гадоў таму вярнуўся на радзіму, распавёў сайту palitviazni.info, што атрымаў са Следчага камітэта адказ па сваёй крымінальнай справе па снежаньскіх падзеях 2010 году.

Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. У верасні 2015 годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.

Крымінальная справа па падзеях 2010 года ў дачыненні да Алеся Міхалевіча была прыпынена, але не закрыта. Праз дзесяць гадоў яе маглі б закрыць за тэрмінам даўніны, таму можна было меркаваць, што справу спыняць у гэтым годзе.

Алесь Міхалевіч з гэтай нагоды звярнуўся ў Следчы камітэт, але атрымаў адказ, з якога вынікае, што справу следчыя спыняць пакуль не збіраюцца.

“Крымінальная справа па ч.ч.1 і 2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь узбуджана 20.12.2010 г. у суадноснасці з патрабаваннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, – гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка начальніка упраўлення Следчага камітэта па г.Мінску А.Матолькі. – Падчас расследвання вам прад’яўлена абвінавачванне па ч.ч. 1 і 2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь.

Падчас папярэдняга расследвання па крымінальнай справе парушэння законнасці не маецца, органам крымінальнага пераследу прымаюцца ўсе неабходныя меры для поўнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага вывучэння ўсіх абставін, якія маюць значэнне для таго, каб даць прававую ацэнку вашым дзеянням”.

У выніку прадстаўнік Следчага камітэта робіць выснову: “У сапраўдны час падстаў для спынення папярэдняга расследвання па крымінальнай справе і крымінальнага пераследу ў дачыненні да вас, не маюцца”.

palitviazni.info