Аднаго з першых кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі, аўтара першага падручніка геаграфіі Беларусі, выбітнага географа і зканаміста Аркадзя Смоліча арыштавалі ў 1930 годзе па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Жонка з трыма маленькімі дзецьмі адправілася за ім у ссылку ў Сібір. У 1937 годзе яго зноў арыштавалі і роўна праз год расстралялі ў омскай турме. Аднак Аляксандры Смоліч паведамілі, што ён асуджаны на 10 гадоў без права перапіскі. Дзесяцігоддзямі яна шукала мужа па ўсіх турмах і лагерах, працягваючы верыць, што ён жывы, але так і не змагла даведацца, якая доля яго напаткала. Толькі ў 1988 годзе, ужо пасля смерці Аляксандры, стала вядома, як і калі ён загінуў. Гісторыя кахання, стойкасці і мужнасці — у артыкуле «Сібір. Рэаліі».
Сям’я Смолічаў, 1926 год
«Яе твар станавіўся на дваццаць гадоў маладзей»
— Кажуць, што ў жыцці не бывае такога кахання, як у казках: раз — і на ўсё жыццё, да самага канца. Але я з ранняга дзяцінства ведаю, што бывае. Ведаю, бо сама такое бачыла. Мая бабуля працавала ў Омскім педінстытуце і там пазнаёмілася з Аляксандрай Ігнатаўнай Смоліч. Яны пасябравалі, і яна часта заходзіла да нас у госці — папіць гарбаты, пагаварыць. Я, любіміца бабулі, увесь час круцілася побач: мне вельмі падабалася слухаць размовы дарослых. Тым больш што бабуліна сяброўка ніколі не забывалася пра гасцінец для мяне — хоць адну цукерку, ды прынясе, — распавядае масквічка Ларыса Лявонава. — Яна звычайна прыходзіла пасля працы, выматаная. Не скардзілася, але было відаць, як моцна стамілася. Звычайна яны з бабуляй абмяркоўвалі бягучыя справы, калег. Але часам удараліся ва ўспаміны. Мой дзядуля, Іван Ігнатавіч Фралоў, загінуў на фронце ў 42-м годзе. Бабуля расказвала, як дружна яны жылі, як гадавалі дзяцей... А Аляксандра Ігнатаўна ўспамінала пра свайго мужа. Тады я не здагадвалася, чаму яна казала пра яго напаўголаса, паціху. Але я ўсё роўна адразу разумела, пра што гаворка, таму што ў яе ў такія хвіліны быў зусім іншы твар. Ён не проста ўвесь свяціўся, а станавіўся гадоў на 20 маладзей. Гэтулькі ў ім было кахання, гэтулькі надзеі... Прайшло ўжо шмат гадоў, як яна засталася адна, але ўсё роўна працягвала чакаць. Бабуля яе ўгаворвала, што час пакінуць мінулае ззаду, пачаць жыццё нанова. Але ўсё было бессэнсоўна: Аляксандра Ігнатаўна верыла, што муж жывы, што яны яшчэ сустрэнуцца.
Аляксандра Смоліч ніколі не дапускала і думкі аб тым, каб яшчэ раз выйсці замуж.
— Гэта было выключана наогул. Пра гэта не магло быць і гаворкі. Ніяк і ніколі, — кажа Віталь Маос, унук Аляксандры і Аркадзя Смоліч, сын іх малодшай дачкі Марыі. — Яны з дзядулем сапраўды кахалі адзін аднаго. Інакш навошта б яна паехала за ім у Сібір, як дзекабрыстка? Магла спакойненька жыць у Мінску з дзецьмі. Але не, паехала і нават думкі не дапускала пра тое, каб застацца. Гэта была вельмі шчаслівая пара. Пра гэта кажуць і апошнія запіскі — і ад яе, і ад яго. Яны ад закаханых, вельмі далікатныя і цёплыя... Ці спадзявалася бабуля, што яе муж жывы? Думаю, спадзявалася — надзея памірае апошняй.
Аркадзя Смоліча арыштавалі ў Ішыме ў ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 года. Пакуль тры супрацоўнікі раённага аддзела НКУС ператрэсвалі ўсе рэчы ў доме, ён сядзеў за сталом, прыкрыўшы рукой вочы. Ператрус завяршыўся толькі пад раніцу. Сказалі «збірацца з рэчамі». Смоліч падышоў да спячых дзяцей, з хвіліну глядзеў на іх, але будзіць не стаў. Толькі крануў за плячо малодшую дачку Машу, якая спала моцным сном пасля цяжкага прыступу малярыі. Абняў напаўсонную дзяўчынку і сказаў па-беларуску: «Расці, дачушка, усё будзе добра». Развітаўся, выйшаў за дзверы — і больш родныя яго не бачылі.
З Ішымскай турмы Смоліча перавялі ў Омскую. Сям’я перабралася ўслед за ім, каб мець магчымасць перадаваць перадачы і лісты — Аляксандра захавала іх усе да адзінага. Парадкі былі ўжо не тыя, што ў 1930 годзе, паперы зняволеным не давалі, таму Смоліч пісаў адказ на адваротным баку запісак ад жонкі.
З турэмнай перапіскі Смолічаў:
«Смоличу Аркадию Антоновичу! Передаю: рубашку, простыню, носки, ботинки. Нужно ли одеяло? Я здорова, готовлюсь к экзаменам. Горячо целую. Шура. 30.06.37»
На іншым баку запіскі — адказ.
«Дарагая Шурачка! Пасылаю 10 штук бялізны. Здаровы і бадзёры. Перадачу атрымаў, прынясі крыху часныку, зубны парашок. Горача цалую. Аркадзь».
— Гэтая стрыманая перапіска — сведчанне кахання, стойкасці і асабістай мужнасці Аркадзя і Аляксандры. Аб тым, наколькі яны бераглі адзін аднаго, можна меркаваць хоць бы таму, што большасць сваіх лістоў Смоліч пачынае са слоў «Здароў і бадзёры». З гэтых слоў пачнецца і апошні ліст, адпраўлены ім з турмы, — распавядае Генадзь Рыдзеўскі, загадчык аддзела сацыяльна-эканамічных даследаванняў НДІ Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, адзін з аўтараў кнігі «Ахвяруючы сабой Айчыне: Аркадзь Смоліч».
«Усе гэтыя гады мы жылі побач з месцам расстрэлу дзеда»
24 чэрвеня 1938 года Аляксандра прынесла ў Омскую турму чарговую перадачу. Кашулю для мужа вярнулі назад. Сказалі, што Смоліч асуджаны на 10 гадоў без права перапіскі, і ў турме яго больш няма — адпраўлены ў перасыльны лагер. Праўда, грошы, здадзеныя на ягонае імя ў касу, былі прынятыя. Што значылі словы «10 гадоў без права перапіскі», тады ніхто не ведаў. А можа, проста хацелася верыць у лепшае.
З гэтага моманту Аляксандра пачала сістэматычныя пошукі мужа. Яна завяла новую тэчку, якой наканавана было стаць такой жа тоўстай, як тэчцы з турэмнай перапіскай. Яна прызначалася для заяў, скаргаў, запытаў, афіцыйных даведак — усяго таго, што, на думку Аляксандры, магло выратаваць яе мужа.
— Аляксандра Ігнатаўна вяла вялікую працу для вызвалення Смоліча, шукала мужа па розных лагерах і кіраваннях лагераў. Яна была вельмі акуратнай і захоўвала копіі ўсіх матэрыялаў. У гэтую ж тэчку яна прымацоўвала копіі лістоў, якія пісала ў пошуках роднага чалавека. Гадамі яна працягвала шукаць, чакаць і спадзявацца, — кажа Рыдзеўскі.
Да каго звяртацца, Аляксандра не ведала, таму пісала ва ўсе інстанцыі, нават Генпракурору СССР Вышынскаму і «ўсенароднаму старасце» Калініну. І абавязкова дадавала ў канцы ліста: «Дазвольце да месца ссылкі дабрацца на ўласныя сродкі». Ніводнага адказу яна не атрымала.
З ліста Начальніку ўпраўлення Южлаг НКУС:
«Заверяю Вас, товарищ
начальник, что, если я получу какую-нибудь весточку о своем муже, о
котором ничего не знаю с 1938 года, это придаст мне бодрость и
энергию, и я смогу отблагодарить Вас еще более напряженной и преданной
работой, которая мне поручается Советской Родиной. Если Смолич не
имеет права на переписку, то прошу Вас разрешить мне выслать деньги
для передачи Смоличу».
З ліста начальніку НКУС Омскай вобласці:
«Причины ареста своего мужа и результата его дела я до сих пор не знаю. ... Дети Смолича растут советскими ребятами, отличниками, и я, одна из счастливейших женщин нашей страны, горжусь ими. ... Я живу надеждой, что Вы, стоящий на страже интересов трудящихся, справедливо разберетесь в человеке, и он снова будет полезным работником в нашей стране».
Толькі праз 20 гадоў пасля арышту, у 1957 годзе, Смоліча прызналі невінаватым у злачынствах, за якія ён быў асуджаны. З Цюмені прыйшла даведка: «Справа па абвінавачанні Смоліча А.А., 1891 года нараджэння, разгледжана Прэзідыумам Цюменскага абласнога суда 09.02.1957 года. Рашэнне Тройкі УНКУС па Омскай вобласці ад 10 чэрвеня 1938 года адменена і справаводства спынена». А яшчэ праз месяц Ішымскі ЗАГС выдаў даведку, што Смоліч А.А. памёр 17 сакавіка 1943 года ў месцах зняволення ад міякардыту.
— Не ведаю, ці працягвала бабуля спадзяцца, што дзядуля жывы, нават пасля таго, як атрымала гэтую пахавальную. Хто ведае... Ведаю адно: яна поўнасцю прысвяціла сябе сям’і. У сваім унуку — вы разумееце, пра каго я зараз кажу, — душы не чула, — усміхаецца Віталь Маос. — Я ў яе на руках выхоўваўся. Бацькі на працы — а я ўсё з бабуляй. Калі я захварэў, лекары параілі змяніць клімат на больш спрыяльны, чым сібірскі. Бабуля адразу ж пагадзілася пераехаць з Омска ў Кіеў, каб выратаваць маленькага Віталя. Пакідаючы Омск, мы да апошняга не ведалі, што літаральна побач з нашым домам расстраляны дзед.
У пачатку 1970-х гадоў у Аляксандры Смоліч здарыўся інсульт, пасля якога яна доўга хварэла. 16 жніўня 1974 года яна памерла і была пахаваная на Мікуліцкіх могілках каля вёскі Немешаева ў Кіеўскай вобласці.
— Бабуля была ўжо вельмі хворая, калі мяне прызвалі ў войска ў 1973 годзе. Я служыў у Нямеччыне, таму мяне не выпусцілі на пахаванне, калі яна памерла, як я ні прасіў, — з горыччу кажа Віталь Маос.
Так і не дачакаўшыся праўды пра свайго бацьку, памёр і сын Максім.
Толькі ў 1989 годзе стала вядома, што 10 чэрвеня 1988 года Смоліч быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР па абвінавачанні 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». А яшчэ праз тры гады з’явіліся доказы, што інфармацыя з Ішымскага ЗАГСа ілжывая: дата і прычына смерці выдуманыя. У 1991 годзе на запыт Геаграфічнага таварыства БССР Упраўленне КДБ па Омскай вобласці адказала, што 17 чэрвеня 1938 года Смоліч быў прыгавораны тройкай пры УНКУС па Омскай вобласці да расстрэлу па арт. 58-10 КК РСФСР. 17 чэрвеня 1938 года прысуд быў прыведзены ў выкананне ў г. Омску. Месца пахавання невядома.
— Вось тады і высветлілася, што ўсе гэтыя гады мы жылі ў Омску побач з месцам расстрэлу дзеда, — кажа Віталь Маос. — У адным квартале ад нашага дома, літаральна пешшу прайсці, былі турма і Шэпелеўскія могілкі, дзе хавалі «ворагаў народа», прысуджаных да вышэйшай меры пакарання па «расстрэльным» 58-м артыкуле. Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэтыя могілкі закрылі, на яго тэрыторыі пабудавалі агрэгатны завод імя Куйбышава. Цяпер там стаяць жылыя дамы. Але косці загінуўшых вылазяць да гэтага часу. З’яўляюцца з зямлі на дзіцячых пляцоўках, усюды... І ніводнага мемарыяльнага знака там няма.
Помніка Аркадзю Смолічу да гэтага часу няма і ў Беларусі. Яго імя пачало вяртацца з небыцця толькі пасля развалу СССР.
— Некалькі дзесяцігоддзяў ніякіх звестак аб Смолічы нельга было адшукаць ні ў даведніках, ні ў энцыклапедыях. Да 1988 года аб ім ведалі толькі вузкія адмыслоўцы. А з яго біяграфіі былі вядомыя ўсяго два факты: што Смоліч быў удастоены залатога медаля РГТ (Рускае геаграфічнае таварыства — рэд. ББ) і што быў рэпрэсаваны па справе міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі». Што з ім стала ў Сібіры, дзе і як ён загінуў — гэтага не ведаў ніхто, — кажа Рыдзеўскі. — Затое сёння імя гэтага выдатнага вучонага і грамадскага дзеяча зноў займае ганаровае месца ў гісторыі Беларусі.
У нашы дні адной з вышэйшых узнагарод Беларускага геаграфічнага таварыства з’яўляецца медаль А.А. Смоліча. З 2015 года заснавана першая Народная стыпендыя імя Аркадзя Смоліча — яе прызначаюць студэнтам за актыўную грамадскую дзейнасць. А гісторыкі карпатліва аднаўляюць дэталі біяграфіі Смоліча.
«Ён хацеў бачыць Беларусь незалежнай і свабоднай»
Аркадзь Смоліч нарадзіўся 17 верасня 1891 года ў вёсцы Бацэвічы Мінскай губерні — тады яна ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Яго бацька Антон Смоліч быў дыяканам і для свайго сына таксама выбраў духоўны шлях: Аркадзь скончыў спачатку Мінскае духоўнае вучылішча, а да 1905 года — Мінскую духоўную семінарыю. У 18 гадоў Аркадзь рашыўся не паслухацца волі бацькі і паступіць у Кіеўскі політэхнічны інстытут. Але і там ён не знайшоў таго, што шукаў. Тады Смоліч яшчэ раз радыкальна змяніў напрамак і ў тым жа 1909 годзе перавёўся ў Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў польскім горадзе Пулавы.
Гэты інстытут лічыўся рассаднікам вальнадумства, і Смоліч заразіўся сацыялістычнымі ідэямі. Ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі студэнцкіх дэманстрацый, забастовак і акцый пратэсту, а ў 1910 годзе ўступіў у партыю «Беларуская сацыялістычная грамада», БСГ, адну з першых нацыянальных партый у Беларусі. Адной з яе задач было звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, як і ў партыі бальшавікоў. Але адрозненне было ў тым, што сябры БСГ марылі пра вольную Беларусь, якая не ўваходзіць у склад Расійскай ці любой іншай імперыі. Смоліч таксама быў захоплены ідэямі нацыянальнай незалежнасці і самавызначэння.
Да канца другога года навучання «за ўдзел у беспарадках» вальнадумца выключылі з інстытута і выслалі за межы Варшаўскага генерал-губернатарства. Летам 1913 года Смоліч прыехаў у Мінск, дзе разам з Фларыянам Ждановічам і Усеваладам Фальскім яны стварылі спачатку першую беларускую тэатральную трупу, а потым і першы беларускі хор.
У 1913 годзе была абвешчана амністыя з нагоды 300-годдзя дома Раманавых. Смолічу ўдалося вярнуцца ў інстытут і скончыць навучанне.
З пачаткам Першай сусветнай вайны заходняя частка Беларусі была акупавана германскімі войскамі. Смоліч лічыў, што супрацьстаянне варагуючых бакоў трэба выкарыстоўваць, каб дабіцца выхаду Беларусі з Расійскай імперыі.
Са сведчання А. Смоліча ад 20 кастрычніка 1930 г., які захоўваецца ў ЦА КДБ Рэспублікі Беларусь:
«Я быў тады за паражэнне Расіі як па матывах агульнапалітычных, так і па нацыянальных. ... Мне здавалася, што мае сілы зараз асабліва патрэбныя ў Мінску, каб разгарнуць беларускую палітычную працу, і што мой абавязак быць там...»
У лютым 1918 года германскія войскі працягнулі наступленне і захапілі Мінск. Трэцяга сакавіка Савецкая Расія падпісала Брэст-Літоўскі мірны дагавор, па ўмовах якога Мінск быў перададзены Германіі. І хаця ўся рэальная ўлада ў горадзе належала акупацыйным войскам, 25 сакавіка была абвешчана «незалежная» Беларуская Народная Рэспубліка — БНР.
Першы ўрад БНР 25 сакавіка 1918 г. Мінск. Фота пасля падпісання Статутнай граматы. Народны сакратарыят А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варанко, В. Захарка, стаяць А. Смоліч, П. Крэчаўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік
— Адным з ініцыятараў яе стварэння стаў Аркадзь Смоліч. У першым урадзе — Народным Сакратарыяце БНР — ён заняў пасаду міністра асветы, — распавядае Рыдзеўскі. — Але адзінства ў шэрагах рэфарматараў не было. Праз месяц, 25 красавіка 1918 года, некалькі прадстаўнікоў Рады даслалі тэлеграму кайзеру Вільгельму, у якой дзякавалі за вызваленне ад улады бальшавікоў. Так яны спадзяваліся прыцягнуць увагу Нямеччыны, знайсці ў ёй апору і захаваць Беларускую рэспубліку.
Смоліч гэтай тэлеграмы не падпісаў. Ён хацеў бачыць Беларусь свабоднай. Нямеччына ж гатова была цярпець на захопленай тэрыторыі ўрад БНР — рэспублікі, якую не прызнала ні адна дзяржава, але заахвочваць яе гульні ў незалежнасць немцы не збіраліся.
— Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года, якая ўскалыхнула Нямеччыну, пачаўся вывад нямецкіх войскаў з Беларусі. Вызваленыя тэрыторыі займалі часткі Чырвонай арміі. Урад БНР пераехаў спачатку ў Вільню, потым у Гродна. 1 студзеня 1919 года ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь — альтэрнатыва БНР, — працягвае апавяданне Рыдзеўскі. — Няма ніякіх сумневаў у тым, што калі б не была ўтворана БНР, якая абудзіла ў народзе нацыянальную самасвядомасць, то пытанне аб фармаванні БССР не вырашылася б так хутка, а можа, асобнай рэспублікі і зусім бы не было.
У лютым Польшча, узброеная дзяржавамі Антанты, пачала новую акупацыю беларускіх земляў.
— Смоліч ва ўрадзе БНР быў тады адным з прыхільнікаў польскай арыентацыі ў палітыцы. Ён меркаваў, што маладая польская дзяржава будзе падтрымліваць гэтак жа маладую беларускую. Ён свабодна валодаў польскай мовай і вёў перамовы ў Варшаве, сустракаючыся з самім Пілсудскім. Аднак усе намаганні аказаліся безвыніковымі. Палякі, як раней немцы, ставілі толькі адну мэту — заваяванне беларускіх земляў.
«Бальшавізм прыносіць больш шкоды, чым карысці рэгіёну»
Стаміўшыся ад палітычных няўдач, Смоліч адышоў ад палітыкі і засяродзіўся на навуковай дзейнасці. У 1919 годзе ён выдае сваю першую кнігу — «Геаграфія Беларусі». Яна стала першым нацыянальным акадэмічным падручнікам геаграфіі.
— Гэта бліскучае даследаванне не мае аналагаў у нашай айчыннай навуцы. Сёння відавочна, што Смоліч быў найбольш значным географам Беларусі не толькі 1910–1930 гадоў, а магчыма, і ўсяго мінулага стагоддзя. Ён разглядаў геаграфію ў тым ключы, у якім да яе падыходзілі на мяжы XIX-XX стагоддзяў, — як комплексную навуку аб прыродзе, грамадстве і гаспадарцы, — тлумачыць Рыдзеўскі.
З Аляксандрай Каткоўскай, настаўніцай пачатковых класаў, выпускніцай факультэта прыродазнаўства Маскоўскага гарадскога народнага ўніверсітэта ім. А.Л. Шаняўскага, Смоліч ажаніўся яшчэ ў 1917 годзе. У 1918 годзе ў пары нарадзіўся першынец — сын Максім. У 1919 годзе Аляксандра таксама апублікавала сваю першую сур’ёзную працу — першы слоўнік для беларускіх дзяцей. І ў тым жа годзе з’явілася на свет дачка Ганна.
Аляксандра Смоліч з сынам Максімам 1920 г.
Сям’я перабралася ў Вільню, дзе Аркадзь Смоліч выкладаў у гімназіі, чытаў курс геаграфіі для маладых педагогаў. У канцы 1919 года новы пераезд — у Гродна, дзе Смоліч становіцца першым старшынёй Таварыства беларускіх школ. Яго галоўная мэта — забяспечыць беларускім дзецям магчымасць вучыцца на роднай мове.
У 1921 годзе быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які завяршыў савецка-польскую вайну і ўстанавіў межы паміж РСФСР, УССР, БССР і Польскай Рэспублікай. Сям’я Смолічаў апынулася на польскай частцы падзеленай тэрыторыі Беларусі.
— У пачатку 1920-х гадоў у БССР афіцыйна праводзілася так званая «палітыка беларусізацыі». У савецкай Беларусі з’яўлялася ўсё тое, пра што марылі стваральнікі БНР: нацыянальныя кадры вылучалі ў кіруючыя органы, адчыняліся беларускія школы, быў створаны беларускі універсітэт. Вялася праца па вяртанні эмігрантаў, прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Аркадзь Смоліч хацеў працаваць на карысць сваёй рэспублікі, сваёй краіны, свайго народа, таму задумаўся аб вяртанні, — распавядае Рыдзеўскі.
Смоліч лічыў бальшавікоў злом, але гатовы быў супрацоўнічаць з імі, каб пабудаваць нацыянальную Беларусь.
З ліста Смоліча Антону Луцкевічу ад 13 студзеня 1919 года:
«Хоць я лічу, што бальшавізм прыносіць больш шкоды, чым карысці рэгіёну, хоць ён звязвае нас з Масквой больш, чым мы хацелі б, ... ён дазваляе працаваць і абараняць нашу дзяржаўнасць, ... стварыць адзіную Беларусь. ... Праўда, гэта крыху рызыкоўна».
У 1923 годзе была аб’яўлена амністыя для кіраўнікоў і радавых удзельнікаў «антысавецкіх нацыянальных арганізацый і фарміраванняў, якія дзейнічалі ў перыяд з 1918 па 1920 г.» Стваральнікі БНР атрымалі магчымасць вярнуцца на радзіму, не баючыся арышту. Але яшчэ за год да гэтага, у 1922 годзе, не чакаючы амністыі, у БССР вярнуўся Смоліч з сям’ёй. Ён уладкаваўся ў Мінску і назаўжды завязаў з палітычнай дзейнасцю. Цяпер ён цалкам засяроджаны на навуцы і асвеце.
«Геаграфія Беларусі» была перавыдадзена ў БССР у 1922 годзе яшчэ да вяртання аўтара, у 1923 годзе выйшаў новы тыраж. А ў 1925 годзе ў Мінску быў выдадзены дапоўнены варыянт пад назвай «Кароткі курс геаграфіі Беларусі». Насуперак назве, ён зусім не кароткі — больш за 350 старонак.
З 1923 года Смоліч выкладае на кафедры геаграфіі ў Беларускім універсітэце, загадвае планава-эканамічным аддзелам Народнага камісарыята земляробства БССР, кіруе раянаваннем рэспублікі. Прыняўшы ўдзел у пераўтварэнні Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук, становіцца адным з аўтараў яе першага статута і ўваходзіць у прэзідыум Акадэміі. Працуе над складаннем атласа БССР, публікуе больш за 30 навуковых прац.
У 1927 годзе Смоліч становіцца першым у Беларусі прафесарам геаграфіі, а ў 1928 годзе — сапраўдным членам Рускага геаграфічнага таварыства. Праз два гады за дзве свае працы ён удастойваецца Малога залатога медаля РГТ.
— Значэнне гэтай узнагароды лепш за ўсё раскрывае такі факт: прызнаны «дзядуля» расійскай геаграфіі Пётр Сямёнаў-Цян-Шанскі атрымаў аналагічны медаль за даследаванне горных сістэм Сярэдняй Азіі, — тлумачыць Рыдзеўскі. — Аднак атрымаць свой медаль Смоліч так і не паспеў. Ліст старшыні РГТ Юлія Шакальскага з паведамленнем аб узнагародзе прыйшоў у БДУ 24 чэрвеня, а 27 чэрвеня ўзнагароджанага арыштавалі.
«Кормяць нас часта і добра...»
Разгром Беларускай акадэміі навук пачаўся з таго, што парт’ячэйка высветліла: толькі 40% чальцоў акадэміі паходзяць з сялян, а 60% маюць дваранскае або мяшчанскае паходжанне. І ўсяго 11,9 працэнта знаходзяцца ў партыі. А значыць, у акадэміі стаіліся варожыя элементы «з каменем за пазухай», як ахарактарызавала іх «Камсамольская праўда».
Да 1930 года АДПУ сфабрыкавала маштабную справу «Саюза вызвалення Беларусі», СВБ, у рамках якой было арыштавана 108 выдатных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Загадчык кафедры геаграфіі БДУ прафесар Смоліч аказаўся ў іх ліку.
З дакладной запіскі АДПУ аб ліквідацыі к.-р. арганізацый за перыяд з 1930 па 1933 г.
«К.-р. арганізацыя беларускіх нацыянал-дэмакратаў „Саюз вызвалення Беларусі“ ... ставіла сваёй мэтай звяржэнне савецкай улады пры дапамозе Польшчы і стварэнне „Беларускай народнай рэспублікі“. Арганізацыя была звязана з замежнымі беларускімі нацыяналістычнымі к.-р. Цэнтрамі».
Аляксандра Смоліч беражліва збірала ўсе лісты, атрыманыя ад мужа з турмы. Ён не прасіў перадаць яму ежы, а наадварот, спрабаваў запэўніць жонку, што з ім усё добра, паколькі разумеў — пакінутай без карміцеля сям’і даводзіцца нялёгка. Дзяцей у Смолічаў ужо трое: у 1929 годзе нарадзілася дачка Марыя.
З ліста Смоліча жонцы ад 5 ліпеня 1930 г.:
«Ежы не пасылай, таму што сапсуецца. Кормяць нас часта і добра, повар гатуе вельмі смачна. Частку ежы адсылаю назад, а то прападае. Цукар у мяне тут ёсць».
З ліста Смоліча жонцы ад 28 ліпеня 1930 г.:
«Здароў і вясёлы. ... Ежы больш не трэба дасылаць. Хіба што крыху хлеба».
Адзінае, пра што просіць Смоліч, — гэта перадаць яму кнігі. Ішоў 1930 год, да парадкаў 1937 года яшчэ далёка, і зняволеным дазвалялі чытаць і нават рабіць запісы. Смоліч скарыстаўся гэтым, каб працягнуць працу над артыкуламі, а заадно павысіць свой узровень англійскай і нямецкай.
З ліста Смоліча жонцы ад 30 жніўня 1930 г.:
«Пытаешся, як я жыву? Уяві сабе невялікі, сухі, светлы пакой — пад вечар у ім некалькі гадзін бывае сонца, — паветра хапае, ёсць нават крыху скразняку. ... Чысціня залежыць ад мяне самога, ванная — дакладней душ, бывае кожныя дзесяць дзён ... Раней я шмат спаў, цяпер сплю ў меру і больш чытаю. Вочы ў мяне не баляць, не хвалюйся за іх. Увечары тут святла замала, так я не чытаю, берагу вочы. Я хацеў бы скончыць [артыкул] у маскоўскім картаграфічным часопісе, не ведаю, ці змагу я збіраць літаратуру. У даляглядзе я планую перавесці некаторыя працы Маркса. ... Увогуле, тут можна займацца навукай, ніхто і нішто не перашкаджае...»
Справа СВБ стала відавочнай няўдачай АДПУ: даказаць існаванне антыбальшавіцкай арганізацыі не ўдалося. Тым не менш, большасць падазраваных былі высланы ў месцы, аддаленыя ад Беларусі.
З успамінаў літаратара Антона Адамовіча, асуджанага па справе СВБ:
«Яшчэ ў Мінску шмат у каго з’яўлялася думка: як дрэнна, што ў нас і на самай справе не было раней ніякай антыбальшавіцкай арганізацыі. Некаторыя дадавалі пры гэтым жартаўліва: «Прынамсі, было б зараз на следстве ў чым прызнавацца...»
Пасля больш як дзевяці месяцаў турэмнага зняволення Аркадзь Смоліч пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 года прызнаны вінаватым і асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Месцам адбывання пакарання прызначаны горад Оса на тэрыторыі сучаснай Пермскай вобласці.
У Осе Смоліч спачатку працаваў у мясцовым леспрамгасе, потым уладкаваўся планавіком-эканамістам у райспажыўсаюз. Услед за ім у Осу перабралася і сям’я — Аляксандра з дзецьмі, яе пажылыя бацькі. Але ў маленькай Осе тады не было сярэдніх школ, а падрастаючым дзецям трэба было атрымліваць адукацыю. Таму Смоліч дамагаецца пераводу ў горад буйней. У 1932 годзе ён атрымлівае дазвол на пераезд у Ішым — горад у Цюменскай вобласці.
«Гледзячы на іх, мы, дзеці, вучыліся чалавечым адносінам»
Дырэктар Ішымскага педагагічнага тэхнікума Сяргей Дзёмін не пабаяўся ўзяць на працу «ворага народа», і яму не прыйшлося пашкадаваць аб гэтым рашэнні.
З успамінаў педагога Пелагеі Гаршковай:
«Студэнты абагаўлялі яго (Смоліча. — Заўв. С.Р.), а ён заўсёды вельмі добра, уважліва ставіўся да іх. Паміж імі была тая нябачная нітка, якая звязвае педагога і вучня».
Студэнты тэхнікума і не падазравалі, што перад імі прафесар, па падручніку якога вучацца школьнікі ўсёй Беларусі.
З успамінаў студэнта Ішымскага педтэхнікума Дзмітрыя Носава:
«Да нас на ўрок ён уваходзіў толькі з указкай і класным часопісам. Ніколі ён не карыстаўся матэрыяламі падручніка, таму што з многімі палажэннямі не быў згодны... Запомнілася яго фраза: „Ну, Баранскі (аўтар падручніка геаграфіі) тут завірае“ — і выказваў сваю пункт погляду. Аркадзь Антонавіч падносіў нам новы матэрыял у лёгкай і даступнай форме, хоць некаторыя тэмы былі вельмі складанымі, і мы з цікавасцю слухалі яго. Нас здзіўляла тое, як у сярэдзіне свайго аповеду ён, практычна не гледзячы карту, мог паказаць любыя геаграфічныя кропкі».
Аркадзь Антонавіч Смоліч выкладае геаграфію ў Ішымскім жывёлагадоўчым тэхнікуме (у ссылцы), 1935 г.
Каб забяспечыць сям’ю, Смоліч браўся за любую падпрацоўку. Па вечарах выкладаў на рабфаку Омскага ветэрынарнага інстытута, у медыцынскім і жывёлагадоўчым тэхнікумах, на вячэрнім аддзяленні Камуністычнага ўніверсітэта. А пасля цяжкага працоўнага дня да дзвюх ночы працаваў над уласнымі артыкуламі. Але і пры такой нагрузцы не страчваў ніводнай магчымасці правесці час з жонкай і дзецьмі.
З успамінаў старэйшай дачкі Ганны:
«Сям’я наша была вялікая: бацька, маці, дзядуля, бабуля і нас трое. Я вельмі добра памятаю жыццё ў Ішыме. Жылі мы бедна, як, зрэшты, і іншыя сем’і ў той час. ... Калі выпадалі вольныя дні, мы хадзілі ў паходы .. Мы, дзякуючы бацьку, даведваліся шмат новага пра сібірскую траву, пра прыродныя асаблівасці, уласцівыя гэтаму дзіўнаму краю. Бацька ведаў кожную травінку, кожную кветку. Ён беражліва зрываў яе, называючы нам яе па-руску, па-беларуску, па-латыні ... Часта нам, дзецям, даводзілася бачыць, як бацька з рыцарскай галантнасцю падносіў маме сціплы букецік палявых кветак, а мама, ласкава ўсміхаючыся, дзякавала яму за знакі ўвагі. І гледзячы на іх, мы, дзеці, вучыліся чалавечым адносінам.... Вельмі часта пасля ўспамінаючы гэтыя паходы, мы разумелі, наколькі былі шчаслівыя таму, што мы былі разам, і тады нам здавалася, што ніхто не зможа разлучыць нас і пазбавіць гэтых шчаслівых хвілін...»
2 жніўня 1935 года Смоліч атрымаў дазвол пакінуць месца ссылкі «без права пражывання ў Маскве, Ленінградзе, ва ўсіх сталічных гарадах і памежнай паласе». Воля, хоць і абмежаваная, натхняла вучонага. Ён верыў, што можа вярнуцца да навукі, да нармальнага жыцьця.
— Пражываць у Беларусі Смолічу таксама было забаронена. Таму ён паспрабаваў уладкавацца ў ВНУ ў невялікіх гарадах у еўрапейскай частцы краіны. У Харкаўскім сельгасінстытуце і Варонежскім універсітэце яму паабяцалі месца выкладчыка, — распавядае Генадзь Рыдзеўскі. — Акрамя таго, Смоліч напісаў прашэнне аб аднаўленні ў званні прафесара.
«Быццам прадчуваў, што дні яго на волі злічоныя»
У ліпені 1936 года «для папраўкі здароўя» Смолічу вылучылі прэмію ў 500 рублёў — немалыя па тых часах грошы. І хоць у сям’і яны былі зусім нялішнімі, Смоліч вырашыў патраціць іх на паездку для перамоваў аб працаўладкаванні. У жніўні ён прыехаў у Харкаў, дзе высветлілася — працы для «ворага народа» няма. Бяда не прыходзіць адна: на вакзале ў Смоліча скралі кашалёк з дакументамі і астатняй часткай прэміі. Без грошай да Варонежа не дабрацца, прыйшлося вяртацца ў Ішым. Там Смоліч атрымаў ліст з Варонежа — універсітэт не мае патрэбы ў яго паслугах. Следам прыйшла адмова з Масквы: «перазацвярджэнню ў прафесарскім званні не падлягаеце». Заставалася адно — жыць у Ішыме і спрабаваць захаваць хаця б тое, што ёсць, проста выжыць. Надышоў 1937 год, пачыналася новая хваля сталінскіх рэпрэсій.
З успамінаў малодшай дачкі Марыі:
«Пасля вячэры ўся сям’я збіралася ў гасцінай. За вокнамі дагараў дзень, святло не запальвалі. Рассаджваліся ямчэй на канапе, у крэслах. Гэта былі чароўныя хвіліны адпачынку, адпачынку і сямейных спеваў. Ганна і бацька запявалі, а ўсе астатнія падхоплівалі або слухалі іх дуэт. ...Моцны голас бацькі гучаў сумна і трагічна, а думкі несліся далёка-далёка, да роднай зямлі, пакінутай намі назаўжды.
Динь-бом, динь-бом, слышен звон кандальный,
Динь-бом, динь-бом, путь сибирский дальний,
Динь-бом, динь-бом, слышно, как идут,
Нашего товарища на каторгу ведут.
Быццам адчуваў, прадбачыў, што дні ягоныя на волі палічаныя».
Практычна ўсе, хто быў асуджаны па справе СВБ, атрымалі другі тэрмін. Не пазбег гэтай долі і Смоліч.
Аркадзь і Аляксандра Смоліч, 1937 год
Пасля паўторнага арышту мужа Аляксандры таксама прыйшлося нялёгка. Яна выкладала біялогію і хімію ў адной з ішымскіх школ, паралельна вучылася завочна на біялагічным факультэце Омскага педінстытута. Летнюю сесію за трэці курс здавала, ужо калі муж быў у турме, седзячы на іспытах са слязамі на вачах. А да пачатку новага навучальнага года яе спачатку звольнілі са школы, а потым выключылі з інстытута — не належыць жонцы «ворага народа» вучыць савецкіх дзяцей. Сям’я засталася без сродкаў да існавання. Здавалася, з замкнёнага круга не вырвацца. І тады Аляксандра рашылася на апошні, адчайны крок — напісала ліст Надзеі Крупскай.
З ліста Крупскай:
«Надежда Константиновна, родная! Вас, самого близкого человека Ленина, я считаю лучшим другом каждого человека, и поэтому осмелилась обратиться к вам с этим письмом. Помогите! Подскажите, что делать? Четыре месяца назад арестован человек, который, я уверена, не может быть врагом Советской власти. ... Поверьте мне, я никогда не лгала, ложь мне противна. О Вас я думаю ежедневно, мысленно говорю с Вами, пишу Вам. Мне не к кому обратиться, кроме Вас, поймите и поверьте. Советской стране Смолич может принести много пользы, в таких людях, как он, нуждается наша Родина».
Сканчаецца ліст словамі поўнай безвыходнасці і веры ў цуд:
«Надежда Константиновна, если Вы мне скажете, что я не должна ни работать в школе, ни заканчивать пединститут, тогда я примирюсь с этим. А если я имею право работать, учиться, то помогите мне, пожалуйста, пожалуйста, добиться восстановления».
У студзені 1938 года Аляксандру выклікалі ў абкам і прыгразілі: «Надзея Канстанцінаўна пакарае вас за тое, што вы просіце за мужа». Аднак жонку «ворага народа» аднавілі і на працы, і ў інстытуце, хаця адказу на ліст Крупскай яна так і не атрымала.
— У вайну бабулі, вядома, прыйшлося цяжка — адной з дзецьмі і пажылымі бацькамі. Але пра нягоды яна асабліва і не распавядала. Цягнула сваю лямку і не скардзілася. Ведаеце, як гавораць: беларускі характар мяккі. Відаць, і праўда, — кажа Віталь Маос. — Бабуля праз многае прайшла, але не зрабілася жорсткай, не азлобілася. Пакуль дазвалялі сілы, яшчэ і сваіх адзінокіх аднагодак даглядала, хоць сама была ўжо немаладая. І ніколі і думкі не дапускала аб тым, каб адмовіцца ад мужа. Тады ж многія ад сваіх «ворагаў народа» адмаўляліся. Родны брат Сяргей Антонавіч ад дзядулі адмовіўся, каб спакойна далей жыць, кар’еру будаваць. У блакадным Ленінградзе загінулі яго жонка і дзеці, і, мусіць, гэта паслужыла штуршком аднавіць сувязь. Аляксандра Ігнатаўна ахвотна прыняла Сяргея, бо яна ў ім бачыла часцінку свайго мужа. Але сама яна засталася верная мужу і дзяцей так выхавала. У іх таксама ніколі і думкі не было ад бацькі адмаўляцца. Усе дзеці атрымалі адукацыю, сталі годнымі людзьмі. І ўсё гэта — заслуга бабулі. Яна хоць і мяккая была, але стойкая. З жалезным характарам. А яшчэ яна да апошняга верыла: тое, што здарылася з мужам, — гэта памылка, бо ён нічога дрэннага супраць савецкай улады не меў, ніякай шкоды не прычыніў. Пакаленне было такое: бязмежна верылі ўладзе і спадзяваліся.
budzma.org паводле «Сібір. Рэаліі»