Адзін з іх усталяваны ў Белавежскай пушчы побач з вёскай Новы Двор Свіслацкага раёна, а другі побач з вёскай Вялікі Вугал Камянецкага раёна.
Помнікі ўяўляюць сабой дзве драўляныя стэлы вышынёй у 6 метраў на якіх нанесены надпіс: “Айчына абаронцам сваім”. Іх усталявалі актывісты з Гродзенскай вобласці. Адзін з іх, Вадзім Саранчукоў, распавёў “Народнай волі”, што летась была знойдзена інфармацыя аб тым, што ў Камянецкім раёне знаходзіўся паўстанцкі лагер. І менавіта на гэтым месцы і быў усталяваны помнік паўстанцам.
Другі помнік усталяваны на месцы, дзе адбываўся бой касінераў з царскімі войскамі. Вадзім Саранчукоў сказаў, што пасля ўсталявання помнікаў адчуваў неверагодны эмацыйны ўздым, задаволенасць ад таго, што зрабіў унёсак, каб ушанаваць памяць продкаў, якія склалі свае жыцці за будучае Беларусі.
“Дзяржава ніякім чынам не ўшаноўвае сваіх герояў, таму звычайныя грамадзяне, якія шануюць гісторыю свайго народа, бяруць на сябе такую адказнасць”, — сказаў “Народнай волі” Вадзім Саранчукоў.
Нагадаем, што ўсталяванне помнікаў на месцах звязаных з паўстаннем 1863 года сёлета праводзіцца ў межах камапніі «Каліноўскі-2019».