«Ніводная кніга ў Беларусі не выходзіла з такім мноствам дамоваў». Інтэрв'ю з перакладчыцай Гары Потэра

У снежні ў кнігарнях павінна з’явіцца кніга «Гары Потэр і Філасофскі камень» — упершыню на беларускай мове. Мы сустрэліся з перакладчыцай Аленай Пятровіч, каб даведацца, як рыхтавалася кніга і чаго чакаць аматарам чароўнай сагі Джоан Роўлінг.

Алена Пятровіч перакладае з польскай, украінскай і англійскай. Дзякуючы ёй мы можам пазнаёміцца з творамі Рышарда Капусьцінскага, Артура Конан Дойла ды іншых на беларускай мове. Сёлета Алена скончыла пераклад першай кнігі знакамітай сагі пра Гары Потэра і сяброў.

Мы паразмаўлялі пра цяжкасці перакладу, любімых герояў і першыя негатыўныя каментары.


«Усім адразу дагадзіць немагчыма»

— Ці ёсць ужо ў Гары Потэра вокладка? І ці можна гаварыць пра тое, хто менавіта выдае кнігу?

— Кнігу рыхтуе да друку выдавецтва «Янушкевіч». Справу з вокладкай вырашае таксама яно. Я пакуль не ведаю, ці будуць маляваць для беларускага выдання адмысловую вокладку — гэта складаныя справы, якія тычацца фінансаў і праваўладання, я ў гэта асабліва не ўнікала.

— Пытанне, якое адразу прыходзіць да галавы з нагоды перакладаў Потэра, звязанае з Марыяй Співак, той самай перакладчыцай, якая дала рускамоўным чытачам Думбльдора, Вальдеморта і Бацільду Жукпук. Я яшчэ не бачыла аматараў сагі, якія б ухвалілі такую акліматызацыю назваў у мове перакладу. Рэакцыя на інтэрпрэтацыю была досыць аднастайнай і жорсткай. Ці думалі вы пра гэта падчас свайго перакладу?

— Я чалавек не тое каб вельмі смелы і самаўпэўнены, таму напачатку заўсёды думаю пра негатыўныя рэакцыі. Я вырашыла для сябе, што пасля выхаду кнігі не буду чытаць каментары пад навінамі пра яе. Мяне цікавіць меркаванне тых, хто можа разважаць пра пераклад з экспертнай пазіцыі, ад іншага я хацела б трымацца на дыстанцыі. З нагоды свайго папярэдняга інтэрв'ю, дзе я штосьці сказала пра эльфаў, ужо была крытыка: у каментарах пісалі, што са мной усё зразумела, бо трэба было перакласці гэтае слова як «хохлік». Мне не падаецца дарэчным пошук самага блізкага адпаведніка гэтай міфалагічнай істоты ў беларускай культуры, бо гэта ўсё роўна будзе іншая істота, не тая, пра якую пісала Роўлінг.

— Марыі Співак нават пагражалі забойствам за яе пераклад…

— Але людзі звычайна больш смелыя ў інтэрнэце, таму за фізічную бяспеку я не хвалююся.


«Мне даўно хацелася зрабіць гэты пераклад, але ідэя была на мяжы з фантастыкай»

— Пераклад Марыі Співак выйшаў адносна нядаўна — у 2014 годзе. Большасць чытачоў знаёмая з «Гары Потэрам» праз пераклады выдавецтва «Росмэн», зробленыя калектывам перакладчыкаў пачынаючы з 2000 года. Але росмэнаўскі пераклад, які любяць многія, далёкі ад ідэалу з пункту гледжання адпаведнасці арыгіналу. То бок беларускі пераклад можа стаць якасным пераадкрыццём кнігі для яе аматараў. Вы б раілі перачытаць «Гары Потэра» па-беларуску?

— Канешне, я раю чытаць беларускі пераклад. Я ўпэўненая, што да яго будуць прэтэнзіі, але так заўсёды здараецца з кнігамі, якія вельмі любяць. У кожнага сваё меркаванне наконт таго, якой стратэгіі перакладу лепей прытрымлівацца, таму ўсім адразу дагадзіць немагчыма. Тым больш што перакладчык «Гары Потэра» працуе з няпростым матэрыялам: у кнізе шмат гаворачых імёнаў, прозвішчаў і назваў і некаторыя з іх у кантэксце дадаюць магчымасць іншага сэнсу, з гэтым звязаныя непаразуменні і жарты. Пры гэтым нельга проста абеларусіць усе імёны.

— З мовай якога героя вам было цяжэй працаваць?

— Хагрыд! Была спакуса прымусіць яго размаўляць на трасянцы, але гэтае рашэнне вельмі простае і недарэчнае. Трасянка — гэта нашая гісторыя, і канцэптуальна гэта крыху іншая рэч. Найлепшай стратэгіяй у нашым кантэксце мне здаецца выкарыстанне нейкіх элементаў дыялектнага маўлення.

— А ці лёгка будзе чытаць кнігу тым, хто мала сутыкаецца з беларускай мовай?

— Я не імкнулася ўставіць у тэкст як мага болей рэдкаўжывальных словаў, каб уразіць чытача багаццем беларускай мовы. Калі з некалькіх сінонімаў я і абірала больш складаны, то рабіла гэта нячаста і так, каб сэнс слова разумеўся з кантэкста. Я арыентавалася на школьную мову, на тое, што кнігу будуць чытаць дзеці, у тым ліку рускамоўныя, знаёмыя з кнігамі на беларускай мове толькі па школьнай праграме.

— Вы даўно марылі перакласці «Гары Потэра», але доўгі час гэта падавалася немагчымым. Чаму? Ці спрабавалі раней дамовіцца з праваўладальнікамі пра выхад кнігі? Што перашкаджала?

— Так, мне даўно хацелася зрабіць гэты пераклад, але ідэя была на мяжы з фантастыкай — таму я нават не пачала шукаць кнігі на мове арыгінала. Сябры мяне падштурхоўвалі трошкі. Напрыклад, перакладчык Сярж Мядзведзеў прывёз з Лондана ўсе часткі і сказаў: «Паспрабуй, ты ж хочаш». Ужо не ведаю, як ён уціснуў гэтыя кніжкі ў валізу, але гэты крок мне насамрэч дапамог.

Калі паўтары гады таму ў паветры залуналі чуткі пра тое, што Андрэй Янушкевіч плануе выдаць «Гары Потэра», я сама пайшла да яго і нахабна прапанавала перакласці. Не ведаю, ці спрабавалі беларускія выдавецтвы раней атрымаць правы на «Гары Потэра». Магу сказаць толькі, што недзе ў сярэдзіне ці канцы нулявых бачыла два пераклады першай кнігі, але яны рабіліся без дазволу праваўладальнікаў і не распаўсюджваліся масава.

— Што вы адчулі, калі пераклад быў пачаты? Культавая для некалькіх пакаленняў кніга — гэта ўсё ж асаблівая праца ў сэнсе магчымага рэзанансу, уплыву, водгуку?

— Калі я пачала пераклад, то яшчэ не ведала, ці будзе ён надрукаваны. Працэс зацвярджэння перакладчыка быў доўгім, канчатковае рашэнне прымалася не беларускім бокам, а брытанскім выдавецтвам Bloomsbury, якое валодае правамі на кнігу. Калі маю кандыдатуру ўхвалілі, я пераклала ўжо палову кнігі. Пасля таго, як я афіцыйна стала перакладчыцай, сапраўды з’явілася адчуванне падзеі, такое: я сапраўды гэта раблю! А да гэтага я проста перакладала, з асалодай, але без нейкага асаблівага адчування.

— Ці не было страшна, што раптам усё сарвецца і рукапіс прыйдзецца пакласці ў стол?

— Я атрымлівала радасць ад гэтай працы, у мяне быў на яе час, і я не адчувала, што адбудзецца нейкая трагедыя, калі раптам мне скажуць не. Андрэй Янушкевіч усё казаў мне: «Алена, не перакладайце пакуль што, я ж не змагу вам заплаціць, калі вас не зацвердзяць». Я адказвала: «Так, я разумею, але мне радасна». У тым, што тычыцца інтэлектуальнага развіцця і спазнання новага, не можа ісці гаворка пра дарэмнасць нейкай працы. Ты ж робіш яе ў тым ліку з сабой, унутры сябе, на карысць уласнага росту.


«Я не хацела абеларушваць «Гары Потэра»

— Вы ўпершыню прачыталі кнігі пра «Гары Потэра» у 26 год. Верагодна, вашыя адчуванні ад кнігі моцна адрозніваюцца ад адчуванняў тых, хто пачынаў чытанне ў дзяцінстве. Для вас пры перакладзе гэта хутчэй перавага ці перашкода? Ці дапамагае позняе чытанне выбудаваць дыстанцыю паміж сабой і працай, не адчуваць дзіцячага захаплення, не думаць кожную хвіліну: божа, я перакладаю «Гары Потэра»?

— Гэта фраза час ад часу гучыць! Але так, я схільная думаць, што позняе чытанне — гэта мой бонус. Можа, калі б я прачытала кнігі раней, то ставілася б да іх так, што перакладчыцкая праца не была б магчымая. Можа, я б па-іншаму зразумела гісторыю, не ўбачыла б там шматлікіх дэталяў і сэнсаў, застапарылася на нейкім першым, дзіцячым успрыманні кнігі. Самае каштоўнае ў «Гары Потэры» для мяне — тое, што гэты твор як пазл, даросламу цікава ў ім разбірацца. Мне падабаецца назіраць, як дэталь пераходзіць з адной кнігі ў іншую, як гісторыі, якія знаходзяцца не на пярэднім плане і могуць забыцца пры няўважлівым чытанні, утвараюць дадатковы сэнс.

— Калі вярнуцца да гісторыі з праваўладальнікам… Наколькі складаным быў працэс перамоваў? Якога перакладчыка шукалі?

— Працэс быў вельмі сур’ёзны. Магчыма, ніводная кніга ў Беларусі не выходзіла з такім мноствам дамоваў. Я не магу камунікаваць з Bloomsbury наўпрост — усе справы вырашаюцца праз выдавецтва «Янушкевіч». Праз іх я дасылала нават cv. Самым вялікім пытаннем з маім cv было тое, што ў мяне няма такога пераклада з англійскай, які б выйшаў асобнай кнігай. Але мой PhD і ўдзел у міжнародных перакладчыцкіх мерапрыемствах, мабыць, паказалі, што я зраблю гэтую працу.

— Праваўладальнікі, наколькі я ведаю, накіравалі вам шэраг пытанняў пасля. Былі сярод іх цікавыя, нечаканыя ці смешныя? Ці было складана на іх адказваць?

— Смешных дакладна не было. Ды і нечаканых таксама. Мяне запыталі акурат пра лакалізацыю назваў і імёнаў: ці збіраюся я перакладаць прозвішчы выкладчыкаў, назвы факультэтаў і самой школы. Асобнае пытанне тычылася заклёнаў: ці буду я перакладаць лацінскія выразы? Я не ведала, які адказ спадабаецца Bloomsbury і падвысіць мае шанцы стаць перакладчыцай, таму адказала чэсна.

На маю думку, пераклад назваў не ідзе творам на карысць, таму што мы жывем у свеце, дзе ёсць іншыя культуры, і вывучаць іх — нармальна. Калі я ў дзяцінстве чытала англійскія казкі і сутыкалася з імёнамі, стравамі і з’явамі, якіх у маім паўсядзённым жыцці не было, нічога страшнага не здаралася. Таму я не хацела абеларушваць «Гары Потэра». Олівер Вуд не стане Оліверам Дубам. Выключэнне — калі прозвішча ці назва ў нейкім кантэксце ўступаюць у значную гульню словаў, без перадачы якой цэлая сцэна не будзе зразумелай. У мяне перакладзеныя некалькі прозвішчаў менавіта па гэтай прычыне (якія — пакуль не скажу).

У «росмэнаўскім» варыянце нешта перакладаецца, нешта — не, прычым з кантэкстам гэта не звязана. Напрыклад, перакладзеныя два факультэты з чатырох. Па якой логіцы гэта адбылося?

Мая пазіцыя — максімальна дакладна адлюстраваць арыгінал. Калі там нейтральны назоўнік, не трэба ў перакладзе даваць эмацыйна афарбаваны. Не трэба дапісваць эпітэтаў, каб узмацніць уражанне. Не трэба, тым больш, дадаваць ад сябе пару сказаў, каб зрабіць нейкі сэнс больш бачным.

Джоан Роўлінг пісала для той жа ўзроставай групы, і не трэба падыходзіць да гэтай групы як да тых, хто не здольны чытаць. Такім грашыць згаданы «Росмэн»: у рускамоўнай кнізе з’явіліся цэлыя кавалкі тэксту, якога ў арыгінале не было. І ён ці нагнятае пачуцці там, дзе іх дастаткова, ці тлумачыць тое, што і без тлумачэнняў зразумела. І мова герояў не заўсёды адпавядае сітуацыі. Самы смешны і паказальны момант у перакладзе другой кнігі звязаны менавіта з гэтым.

Фінал, Гары Потэр сустракаеца з Томам Рэдлам і дазнаецца, што Рэдл падставіў Хагрыда. І ў роспачы дванаццацігадовы хлопчык выдае: «Так, значит, ты возвел на него напраслину, да?»

— А ці цікавіцца перакладам на беларускую сама аўтарка Джоан Роўлінг? Ці варта чакаць ад яе, напрыклад, прадмовы да беларускага выдання?

— Роўлінг у камунікацыі пра пераклад не было — усё толькі праз выдавецтва. Прадмовы таксама не плануецца.


«Мае любімыя героі браты Ўізлі»

— Ці ёсць у «потэрыяне» месцы, над якімі вы плакалі?

— Не. Я ўвогуле толькі аднойчы плакала над мастацкім творам. Гэта быў «Пітэр Пэн» — вельмі сумная для дарослых гісторыя.

— Нават Снэйп не растапіў вашае сэрца?

— Ёсць вельмі пашыраная тэорыя, што ён, а не Гары Потэр, сапраўдны галоўны герой у гэтай гісторыі. Нават у частках, дзе Снэйп падаецца злым, ён неверагодна абаяльны і прыцягальны. Але не плакала, не. Не мая тэма. Мне цяжка сябе з ім суадносіць, каб моцна перажываць.

— А якія моманты ў «Гары Потэры» для вас цікавыя?

— Мне падабаецца адна гісторыя з чацвёртай кнігі. Там Герміёна спрабуе вызваліць эльфаў, але яны не ўсведамляюць, што прыгнечаныя, і не ацэньваюць яе клопату.

— Хто з негалоўных герояў падабаецца вам больш за іншых? Хто падаецца недаацэненым?

— Мае любімыя героі — браты Ўізлі. Яны няпафасныя ў той ступені, у якой увогуле могуць быць няпафаснымі героі дзіцяча-падлеткавай гісторыі пра змаганне дабра і зла.
Самы недаацэнены? Нэвіл Лангботам. Гэта не мой персанаж у сэнсе досведу і характару, але ён безумоўна цікавы. Уся гісторыя намякае на тое, што гэты смешны і недарэчны хлопчык мог бы быць на месцы Гары — толькі ад Нэвіла ніхто не чакаў геройскіх учынкаў, ніхто не ведаў пра яго. Але ў фінале менавіта ён дапамог знішчыць Валдэморта.

Дар'я Трайдэн, lady.tut.by,
фота Дзьмітрый Брушко