Нечаканы Адам Міцкевіч: 10 фактаў пра паэта, якія здзьмухваюць бронзавы пыл

Як любы зорны класік, Адам Міцкевіч за дзесяцігоддзі пасля смерці добра «пабранзавеў». Вакол яго вобразу склаўся німб велічы, біяграфія стала ўзорнай і дасканала рэтушаванай. Якім ён быў сапраўдным — памятаюць уласныя лісты і мемуары сучаснікаў.

На вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1798 года ў ваколіцах даўняга Наваградка ўбачыў свет Адам Міцкевіч. Ён стаў класікам літаратуры з сусветным імем. Вакол яго імя і па сёння вядзецца жорсткая «бітва за Міцкевіча» з галоўным пасылам: а чый жа ён? Народжаны на землях сучаснай Беларусі, па-польску ён узвялічыў Літву… Пакінем гэтыя спрэчкі зацятым спрачальнікам і лепш паглядзім, якім ён быў у жыцці.

«Пабранзавець» — незваротны лёс кожнага класіка. Што там казаць пра гады пасля смерці, калі Міцкевіч яшчэ пры жыцці лічыўся Прарокам і вялікім майстрам слова. Яго вершы моцна адгукаліся ў сэрцах патрыётаў на эміграцыі, паўстанцаў, тых, хто прагнуў адраджэння даўняй Рэчы Паспалітай са старонак «Пана Тадэвуша».

Ноткі настальгіі па сармацкай імперыі адгукаюцца ж і сёння… Сучаснікі і наступнікі яго ўзвялічылі, а яго тоеснасць крыху і згубілася. Канешне, калі ты класік, чый партрэт глядзіць са школьных падручнікаў, а помнік упрыгожвае не адзін дзясятак цэнтральных гарадскіх плошчаў, твая штодзённасць, не заўжды дабрачыслівая, хаваецца ў промнях велічы. Але ж і класікі таксама людзі. Якім быў Адам Міцкевіч сведчаць яго лісты і ўспаміны сучаснікаў.


Любіў каву, напісаў ёй оду

У ХІХ стагоддзі кава была ўлюбёным напоем шляхты, яе цанілі, ужыванне кавы ў маёнтку было цырымоніяй. Палымяна любіў гэты духмяны напой і рамантык Адам Міцкевіч. Вельмі любіў і без кубка годнай кавы кепска пачуваўся.

Аб гэтым паэт пісаў у лісце да свайго сябра Эдварда Адынца падчас свайго побыту ў Маскве ў лютым 1826 году, куды Міцкевіч прыехаў з Адэсы: «Жыву тут, як апошні янычар. Не маю асобнай кватэры, стол вельмі кепскі, віна і не чуваць, нават добрай кавы няма».

Міне дзесяцігоддзе і ў далёкім Парыжы аматар кавы Міцкевіч не здрадзіць свайму любімаму напою. Больш таго, уславіць яго на старонках знакамітай паэмы «Пан Тадэвуш». Дарэчы, падчас яе напісання паэт піў кавы вельмі шмат: і з ранку, і цягам дня. У сваім творы ён увасобіў успаміны з Літвы, напісаў, якая павінна быць кава ў сапраўдным старасвецкім доме: «Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела, чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела…». І абавязкова дадаць свежыя вяршкі!


02-02_kava_adama_mickevicza__jakuju_mozna_pakasztavac_u_navahradku_logo.jpg

Кава Адама Міцкевіча, якую можна пакаштаваць у Наваградку


Між іншым, брэнд «кава Міцкевіча» паспяхова сфармаваўся і напой, апісаны класікам, можна пакаштаваць у старасвецкай кавярні яго роднага Наваградка.


Пазычыў паліто ў Чачота і не вяртаў

Што казаць, малады Адам Міцкевіч і сябры з філамацкага колу не былі заможнымі, і такая важная і дарагая рэч, як паліто, была сапраўднай каштоўнасцю. Асабліва ж у прахалодную восень.

Кастрычнік 1819-га, Ян Чачот — лепшы сябар яшчэ па Наваградскай школе і Віленскаму ўніверсітэту — піша Міцкевічу: «Маё паліто, якое ты забраў, як можаш хутчэй вышлі мне, бо грошай, каб справіць што новае, цяпер няма. Таму вышлі, калі ласка, — усё ж у цябе ёсць паліто, а я сваё на людзях насіць не магу, бо старое і дзіравае…»


03-03_malady_adam_mickevicz__minijacjura_l_de_viuena_.jpg

Малады Адам Міцкевіч (мініяцюра Л дэ Віўена)


На жаласлівую просьбу сябра Адам коратка адказаў праз месяц: «Паліто не было з кім адаслаць, але хутка знайду нагоду; даўно ўжо выглядаю». На двары ўжо стаяў лістапад.


«І толькі для аднаго Адама ставілася бутэлька портару»

Факт таго, што на сваіх пасяджэннях філаматы пілі малако, — вядомы, гэта быў іх рытуал і сімвал чысціні памкненняў. Антоні Эдвард Адынец у сваіх успамінах кажа крыху больш пра напоі і закускі, якія ўжываліся ў філамацкім коле: «Віно, пунш, піва, не кажучы ўжо пра моцныя напоі, яўна былі выключаныя з праграмы. Малако, гарбата са здобай, крыху лепшай ад простых булак, лустачкі хлеба з сырам і садавіна складалі ўвесь запас наедку і ласункаў. Адзін-адзіны тост у гонар героя ўрачыстасці выконваўся калі не з малаком, то з малым кілішкам ковенскага мёду…»


04-04_apafeoz_mickevicza._na_vyjave_autar_i_heroi_jaho_tvorau_logo.jpg

Апафеоз Міцкевіча. На выяве аўтар і героі яго твораў


А далей Адынец піша: «І толькі для аднаго Адама, калі ён прысутнічаў, як выключэнне ставілася бутэлька портару. Ён таксама адзін меў прывілей курыць люльку, ад якой на зборах, па пастанаўленні, іншыя ўстрымліваліся».


За натхненнем — у Шчорсы

У 1963 годзе ў Маскве пабачыў свет невялічкі зборнік выбранай лірыкі Адама Міцкевіча, які быў укладзены ўкраінскім паэтам Максімам Рыльскім. У прадмове літаратар напісаў, што некалькі год таму яму пашчасціла пабываць у мясцінах Міцкевіча: «бачылі дуб у Шчорсах, пад якім ён, згодна з паданнем, пісаў ці абдумваў паэму “Гражына”».

Маёнтак Шчорсы на Нёмане быў важным месцам для філаматаў. Тут знаходзілася знакамітая бібліятэка апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Іахіма Храптовіча. Шчорсы былі прытулкам для моладзі.

У 1819 годзе ў лісце да Яна Чачота Міцкевіч пісаў: «на гэтых днях збяруся ў Шчорсы другі раз і там некалькі тыдняў папрацую ў самоце». А ўжо праз месяц у лісце да іншых філаматаў — Юзэфа Яжоўскага і Ануфрыя Петрашкевіча — Адам пісаў наступнае: «раз’езды, паляванне, сузіранне прыгажунь, слуханне, гульні, дзействы, размовы з масонамі, развагі, смех да колікаў, патрыятычныя спевы ўсю ноч у вялікай грамадзе, часам хандра і сум — вось карціна маіх вакацый».


05-05_szczorsy_pavodle_n._ordy_logo.jpg

Шчорсы паводле Н. Орды


Застаецца толькі здзіўляцца, калі Міцкевіч яшчэ паспяваў пісаць ці абдумваць «Гражыну».


«Адам заўсёды вылучаўся кемлівасцю»

На вобраз Міцкевіча, які мы ведаем, у значнай ступені паўплывалі яго творы, дзе герой — прататып аўтара, як, напрыклад, у «Дзядах» ці ранніх баладах. Але Адам не быў такім хмурым і меланхалічным, як тое адлюстравана ў творах.

Пра характар маладога Міцкевіча добра напісаў у сваіх успамінах Ігнат Дамейка. Ён піша, што Адам у кампаніі са сваімі быў нязменна вясёлы, нават прыемны. Міцкевіч заўсёды вылучаўся кемлівасцю і незразумелай здольнасцю прывабліваць да сябе не толькі сваіх равеснікаў, але і намнога старэйшых, больш адукаваных за сябе. Не хаваў ён непрыязнасці да людзей ненатуральных, фальшывых, не цярпеў прэтэнцыёзнасці.


06-06_adam_mickevicz_pavodle_v._vankovicza.jpg

Адам Міцкевіч паводле В. Ваньковіча


Паводле слоў Дамейкі, Міцкевіч з дзяцінства шанаваў набожных, хінуўся да людзей актыўных, неабыякавых да жыцця і больш за ўсё цаніў тых, хто па-сапраўднаму любіў свой край.


Ледзь не загінуў на паляванні

Па заканчэнні ў 1819 годзе Віленскага ўніверсітэта Адам Міцкевіч служыў настаўнікам у Коўна. На гэты час прыпадае выпадак, калі паэт ледзь не развітаўся з жыццём. Апісаў гэта Міцкевіч у сваім лісце да Юзэфа Яжоўскага ў красавіку 1820-га:

«На наступны дзень у мяне былі страшныя прыгоды, якія, аднак, добра скончыліся. Мы паехалі на бекасаў. Бальбіані [сябар Міцкевіча] гарцаваў і некалькі разоў раняў капялюш у бруд. Ён прапанаваў мне сесці на яго каня. Шалёны Расінант доўга катаваў мяне ўсялякімі скокамі, нарэшце, устаў на дыбы і ўпаў ніцма на мяне. На шчасце, я папярэдне дастаў ногі са стрэмені і адскочыў у бок, інакш конь раздавіў бы мяне…»


07-07_adam_mickevicz_na_kani.jpg

Адам Міцкевіч на кані


Так магло б абарвацца жыццё будучага літаратурнага генія.


Мопс старых дзеў не палюбіў Міцкевіча

Ковенскі побыт быў цяжкім для Міцкевіча, шмат што яго там прыгнятала. Але прыёмы ў шляхецкіх дамах былі для яго значнай падзеяй. Частым госцем Міцкевіч быў у доме Кавальскіх.

Эдвард Адынец згадвае, што ў тых Кавальскіх часта бавілі час тры панны Сівіцкія — ужо немаладыя і непрыгожыя, але вельмі адукаваныя, пабожныя і адмысловыя музыканткі, якія прыходзілі іграць на інструменце: гэта падабалася Адаму. Што праўда, кожны візіт Міцкевіча ставіў Сівіцкіх у крытычны стан.


08-08_salon_valkonskaj_u_maskve__dze_czastym_hoscem_byu_mickevicz.jpg

Салон Валконскай у Маскве, дзе частым госцем быў Міцкевіч


Справа ў тым, што панны мелі старога фаварыта сям’і — мопса, якога празмерна любілі і ва ўсім патакалі. Дык вось, той мопс, невядома чаму, адчуў нейкую асаблівую непрыязь да Адама. Пры яго ўваходзе, брэшучы, скавычучы, выючы, хаваўся пад канапу, а з-пад канапы, калі Міцкевіч сядаў паблізу, надзіўся яго цішком кусаць за ногі. Панны Сівіцкія былі ў пастаянным клопаце, баючыся абразы госця, але ж і не мелі сіл лаяцца на вельмі ўлюбёнага мопса. 


Скарыўся перад абаяльнасцю пані Сабаньскай

Па выніку справы філаматаў Міцкевіч у кастрычніку 1824 году быў высланы ў выгнанне з Літвы. У 1825 годзе яго прытулкам сталі Адэса і Крым, дзе яго чакалі рамантычныя прыгоды.

Пра гэты эпізод жыцця Міцкевіча красамоўна занатаваў філамат, гісторык Мікалай Маліноўскі ва ўспамінах. Ён піша, што летам 1825 года прыбыла ў Адэсу сапраўдная чарадзейка, прыгажуня і разумніца — пані Караліна Сабаньская. У яе з Міцкевічам, як піша Маліноўскі, завязаліся свабодныя, разумей досыць блізкія, стасункі. Міцкевіч не змог не падацца магнетычнай чароўнасці непараўнальнай прывабнасці пані Караліны і з вялікай удзячнасцю прыняў запрашэнне суправаджаць яе ў падарожжы ў Крым.


09-09_adam_mickevicz_u_krymu_i_karalina_sabanskaja_logo.jpg

Адам Міцкевіч у Крыму і Караліна Сабаньская


Натхнёны Адам быў паланёны абаяльнасцю пані Караліны, і два ці тры яго санеты дазваляюць прыўзняць заслону над таямніцай гэтых стасункаў, якія ў той час былі паміж 27-гадовым паэтам і 22-гадовай чарадзейкай.


Рэчы ў эміграцыю збіралі

У 1829 годзе Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу. Сведкам атмасферы збораў быў Эдвард Адынец. Ён піша, што ва ўсіх кутах пакоя, дзе збіралі Адама, запалілі свечы, а пасярэдзіне стаяла дарожная сумка. Вакол яе былі стосы адзення і бялізны, якую падносіў філамат Францішак Малеўскі, а Мар’ян Пясецкі ўсё пакаваў. Адынец адзначае: «Адам не ўмешваўся ў гэта».

Праз некалькі гадзін Міцкевіч ужо стаяў на палубе парахода, агаліўшы галаву, махаў хусцінкай. Ён пакідаў і Расійскую імперыю, і родную Літву назаўжды.


У Дрэздэне быў сумны, бесперапынна смаліў люльку

А праз год пасля ад’езду Міцкевіча пачалося лістападаўскае паўстанне 1830-га. Супраціў пацярпеў паразу, паўстанцы апынуліся на выгнанні. Адзін з іх, Ігнат Дамейка, сустрэўся з Міцкевічам у Дрэздэне. У сваіх мемуарах ён апісвае ўжо зусім іншага чалавека.

Дамейка піша, што ў Дрэздэне Адам звычайна быў сумным. Асабліва ягоныя боль і ўзрушэнне выступалі на твары, калі бачыў жаўнераў і паўстанцаў, што цягнуліся ў Францыю. Яго засмучалі частыя наведванні паўстанцаў, якія пакінулі на радзіме жонак і дзяцей. Міцкевіч сваім сябрам часта чытаў урыўкі з таго, што напісаў; тады ён працаваў над чацвёртай часткай «Дзядоў». Супольна ён наведваў італьянскую оперу, шпацыраваў, напяваў штосьці з Моцарта і бесперапынна смаліў люльку.


10-10_adam_mickevicz__fota__jan_mieczkowski__logo.jpg

Адам Міцкевіч, фота (Jan Mieczkowski)


Але ж момантамі Міцкевіч быў вясёлы, лепш за ўсіх апавядаў пра падзеі з роднай гісторыі, сучаснай ці даўняй, жартаваў, заахвочваў да размоў, калі іншыя ўжо стамляліся.

novychas.info