Нацыянальнасці ў наш час — атавізм ці неабходнасць?

Новае тысячагоддзе, дэмакратыя разам з усеагульным распаўсюдам вэб-прасторы прарочыла поўную глабалізацыю, знішчэнне ўсіх межаў і адрозненняў паміж людзьмі. Але нешта пайшло не так: утвараецца ўсё больш краін, усё больш нацый задумваецца аб сваёй незалежнасці, а былыя імперыі таемна мараць пра рэванш. Адны яшчэ спадзяюцца, а другія кажуць наўпрост: глабалізацыя правалілася. Дык дзе праўда?

Ці патрэбныя цяпер нацыянальнасці і дзе гэтая сярэдзіна паміж хворым нацыяналізмам і касмапалітызмам? Ды і ўвогуле, што рабіць “мяшаным” асобам? Дзе іх радзіма?

Масавая эміграцыя разам з жорсткімі дыскусіямі наконт таго, ці мае права рускамоўны беларус быць беларарускаарыентаваным, — нашае танга сённяшняга дня. Прытым танцы адбываюцца ў стылі Аля Пачына ў “Паху жанчыны”. Нічога не бачна, адчуваеш толькі пах і разумееш, што перад табой… Жанчына. І гэта толькі вяршыня айсберга. З аднаго боку — рускі свет, з іншага — каталонцы ваююць за незалежнасць ад іспанскіх імперыялістаў. Але ж пры гэтым радыкальныя лібералы і загалоўкі некаторых газет крычаць пра тое, што мы ўсе абсалютна аднолькавыя, межаў няма, і ўвогуле — усе браты і сёстры на шарыку пад назвай Зямля. Нейкі каламбур, не знаходзіце?  Дык дзе рэчаіснасць і баланс, а дзе незразумелыя мроі і дэструкцыя?

Прытым абодва бакі гэтага незразумелага інтэлектуальнага канфлікту абсалютна не хочуць шукаць кампраміс. Адны за “прагрэс”, а другія крычаць ледзь не пра чысціню нацыі і тое, што кожны камусьці штосьці павінны. Але ж дзе тут прынцып кансэнсусу, асабліва з улікам таго, што адказ заўсёды недзе пасярэдзіне?

Напрыклад, возьмем Беларусь. Калі не звяртаць увагі на адзін поўнасцю незразумелы курс аднаго лагера, то другі, як бы нацыянальнаарыентаваны, збольшага кажа жорстка: Беларусь для беларусаў. Прычым тваё паходжанне не мае розніцы — крычы, што беларус, размаўляй толькі па-беларуску, а калі адзін з пунктаў ты адмаўляеш — здраднік, вораг і ўвогуле чужынец і абы-хто. Этнічная разнастайнасць? Што за лухта! Прызнаеш сябе прадстаўніком іншай нацыі, але жывеш і дзейнічаеш у Беларусі? Чужынец і здраднік! І гэта пры тым, што ўсё больш моладзі не надта хоча паглыбляцца ў гэтыя скрэпы (а часам проста плюе на сваю нацыянальнасць) і абірае сабе зручнейшую краіну, сярод якіх Беларусь не лічыцца. То бок праблема існуе, але асноўным прарокам ідэй беларускасці крышачку пляваць — для іх не існуе паняткаў прагрэсу і змены поглядаў.

Калі прыгледзецца, парадыгма беларушчыны і “Беларусі для беларусаў” забываецца пра адзін важны чыннік — яна ўзводзіць панятак нацыянальнасці беларуса ў стан жорсткага абавязку і крыжа, які кожны павінны цягнуць. І пляваць, што ты выжываеш і ясі хлеб з вадой — галоўнае беларусам звацца. Навошта, дзеля чаго? Адказу не даюць. Проста трэба, бо інакш ты не беларус. Гэта нагадвае тыповую савецкую ідэю — ты ці з партыяй, ці ў Сібір, ці расстрэл. З намі ці наш вораг — звычайная аднабаковая пазіцыя, якая ненавідзіць і баіцца розначытанняў і іншадумства, новых падыходаў да старых традыцый. Хаця якіх старых — колькі б некаторыя гісторыкі ні спрабавалі “нацыяналізаваць” тое ж ВКЛ, самому панятку нацыі крыху больш за два стагоддзі. Дарэчы, гэты факт прышпільна б’е па пазіцыях і прыхільнікаў касмапалітызму, бо менавіта нацыянальныя рухі прыйшлі з паняткамі індывідуалізму і свабодаў чалавека. Дык, атрымліваецца, няправільна глядзяць на гэта абодва бакі? Дзе сярэдзіна?

Насамрэч, калі паразважаць, усё адносна проста. Вы маеце свой дом/кватэру? Сям’ю, продкаў? Вуліцу, раён горад? Тое ж і з нацыянальнасцю: гэта паказчык сям’і, да якой мы належым, што ўключае культуру, мараль, менталітэт,  пэўны грунт сістэмы каштоўнасцяў і г.д. Частка нашай ідэнтычнасці, бо чалавек — жывёла сацыяльная і хоча быць часткай чагосьці большага. Пры гэтым нечага ўнікальнага, не ўсеагульнага. І тут нацыянальнасць добра спраўляецца. Але ж… Мы не абавязаныя нічым сваёй кватэры, толькі ад нас і нашай матывацыі залежыць, якой яна будзе. Тое ж і з нацыяй, краінай, але крышку з іншага боку. Тут, наадварот, чалавек хоча бачыць нейкі гонар за яе, гісторыю, але пры гэтым мець і адчуваць свабоду асабістую. То бок нацыянальны абавязак не зусім канае, бо, будзем шчырымі, прымусаў ніхто не любіць. Дарэчы, менавіта таму ў свой час і праваліліся адраджэнцы ў Беларусі. Яны хацелі ўсяго і адразу. Ды так, каб усе адразу жылі і думалі менавіта тымі ўстаноўкамі, якія яны лічаць за нацыянальныя інтарэсы. Пры гэтым канкрэтнага тлумачэння, дзеля чаго ўвогуле гэта патрэбна, не было. Ды і навошта ўздымаць любоў, матывацыю, калі можна па-савецку крыкнуць “трэба!”. І як бы ўсе пабеглі. Атрымалася, але ў супрацьлеглы бок. А цяпер увогуле куды далей.

І цяпер пытанне: ці каштавала гульня свечак? Ды не, бо як не было поўнага ўспрымання дому, так яго і не з’явілася. Менавіта таму і адбываецца так хутка асіміляцыя беларусаў за мяжой, менавіта таму так шмат касмапалітаў у нас: няма разумення сэнсавай нагрузкі звацца беларусам. А ці трэба яно ўвогуле? Скажам так: за менш чым два стагоддзі сусвет настолькі моцна раздрабіўся на розныя дзяржавы, імперыі, як спроба стварыць нешта маналітнае і агромністае — палі. Людзі хочуць больш разнастайнасці, больш індывідуалізму. І чым больш нацый, тым больш варыяцый, ці не так?

Але што рабіць тым, у каго некалькі нацыянальных ліній? Тых, хто як бы нарадзіўся ў Беларусі, але паляк? Ці напалову ўкраінец. Ці як я — беларускі літовец з украінскай кроўю? Думаю, тут няма панацэі, а арыентавацца варта на адчуванні. Дзе вы адчуваеце сябе сваім, сярод сваіх, вам блізкая мясцовая культура — там і ваш дом. Усё ж такі арыентацыя толькі на месца нараджэння — дрэнная ідэя, асабліва ў плане палітыкі. Бо калі нацыянальныя меншасці будуць сябе адчуваць дрэнна ў той ці іншай краіне — яны з’едуць і ніколі больш не вернуцца. Дарэчы, падобная гісторыя, калі верыць асабістаму інстаграму, здарылася з вядомым беларускім дызайнерам польскага паходжання Бычкоўскім. Ён не змог, паводле ягоных слоў, адчуваць сябе палякам у Беларусі. І куды з’ехаў таленавіты і паспяховы творца? Вядома, да сваіх, у Польшчу. І гэта не адзіны выпадак, паверце. Таму спроба не вызнаваць у межах сваёй краіны прадстаўнікоў іншых нацый — глупства і страты.

Дарэчы, наконт мовы і нацыеарыентаванасці. Спачатку з’яўляецца адчуванне дому і жаданне зрабіць яго самым лепшым, а ўжо потым прыходзіць жаданне ім ганарыцца. Лічыць на этапе паўразбуранай хібары, што толькі мова і яе адэпты — сапраўдныя героі, памылкова. Будзем грубымі, у дадзенай сітуацыі героі ўсе, хто ўвогуле хоча нешта зрабіць для беларускай нацыі. І пляваць на якой мове, хоць літоўскай. Ну а калі глядзець толькі на мову… “Спутнік” і БелТА тады — галоўныя рухавікі беларушчыны і росквіту нацыянальных ідэй Беларусі. Дык што, пайсці туды пісаць? Ці ўсё ж не? А чаму, калі ж па крытэрах адраджэнцаў там усё ОК? Хіба не зразумела, што гэта поўны сюр?

Калі заканчваць гэтую тэму, то магу прапанаваць толькі адно: адчуйце сваю нацыянальнасць як прыналежнасць да вялікага дому, у якім вы сапраўды свой і хочаце для яе дабрабыту нешта зрабіць, каб ганарыцца яшчэ больш. У пытанні касмапалітызму можна спрачацца бясконца, але ж факт адзін: нацый робіцца пакуль толькі больш, таму весці размовы аб іх скасаванні не даводзіцца. І менш скрэпаў — больш мараў і дасягненняў!

Багдан Сакалоў, “Будзьма беларусамі!”