Бізнесовец, вучоны, адмысловец у сферы штучнага інтэлекту Валер Цурыкаў даў вялікае інтэрв’ю belsat.eu, дзе распавёў, навошта ён вярнуўся з ЗША ў Беларусь і чаму яго новая распрацоўка «True Machina» мусіць змяніць свет.
– Вы пражылі ў ЗША больш за 20 гадоў, а потым вырашылі з’ехаць і ствараць«True Machina» менавіта ў Беларусі. Рашэнне звонку выглядае трохі дзіўна. Чым яно абумоўлена?
– Гістарычна так склалася, што мой першы праект – «Изобретающая машина» – наша каманда стварыла ў Менску. За 20 гадоў, пакуль гэты праект быў самастойны, тут выраслі і былі навучаны некалькі сотняў чалавек. Калі запускаеш новы праект, патрэбныя людзі, высокаінтэлектуальны чалавечы рэсурс. І, як гэта не дзіўна, Менск – найлепшы горад у свеце для гэтага. Людзі, якія навучаны ствараць штучны інтэлект, канцэнтруюцца ў Менску. Гэта галоўная прычына.
– Імаверна, і каштуе гэты чалавечы рэсурс таннее…
– Не, цяпер ужо істотнай розніцы няма. Так, у Крэмніевай даліне гэта даражэй, але, напрыклад, у якім-небудзь штаце Каларада такія спецыялісты будуць каштаваць прыкладна як у Менску.
– Кажуць, што на момант, калі ў 1991 годзе вы з’ехалі ў Бостан, ваша каманда заваявала амаль 95% рынка ў рэспубліках СССР. Навошта вы з’ехалі ў той момант? Усё ж Саюз разбураўся, з’яўляліся новыя магчымасці, а вы былі фактычна манапалістам у распрацоўках у сферы штучнага інтэлекту…
– Я ехаў туды, дзе ёсць спажывец. А ў былым СССР эканоміка знікала і нікому пошук новых ідэяў быў не патрэбен. Маючы нафтадолары, прасцей купляць гатовыя тэхналогіі. То бок тут рынак знікаў. А ў нас было 45 чалавек, мае вучні, я адчуваў таксама і за іх адказнасць. Таму выдаткавалі ўвесь прыбытак на тое, каб хапіла на квіток і першыя тыдні жыцця ў ЗША. Трэба сказаць, што ў Штатах тады была рэцэсія і там было вельмі цяжка. Мы з жонкаю каву ў кавярні раз у тыдзень маглі сябе дазволіць купіць. Але ў ЗША ёсць вельмі важная асаблівасць – там не засумуеш. Вельмі дынамічнае жыццё. Потым я часта прыязджаў у Беларусь, а апошнія тры гады жыву тут пастаянна.
– Што вас больш за ўсё здзівіла пасля вяртання ў Беларусь?
– IT-сфера вельмі вырасла. Натуральна, ёсць і пазітыў, і негатыў. Пазітыў у тым, што з’явіліся прафесіяналы высокага ўзроўню па ўсіх напрамках. Негатыў у тым, што праца ідзе на прынцыпах аўтсорсынга і гэта кепска ўплывае на творчы патэнцыял кадраў.
«Калі будзе створаны інтэлект вышэй за нашы, то ў іх з’явіцца свой свет»
– Як з’явілася ідэя «True Machina» і ў чым яе сутнасць?
– У 2013 годзе я стварыў кампанію «Predizo», яна рэзідэнт Парка высокіх тэхналогіяў. Фактычна «Predizo» стаў інтэлектуальным інкубатарам, дзе адна галоўная тэма – камп’ютар, які сінтэзуе новае ў розных сферах. Потым з’явілася ідэя «True Machina» і гэта ўжо быў новы ўзровень. Калі мы зробім гэтую сістэму, яна цалкам зменіць спосаб, якім інжынеры і вучоныя вынаходзяць і ўкараняюць новую тэхніку. Цяпер, калі вы хочаце стварыць нешта новае і лепшае, вы вывучаеце адпаведную галіну, глядзіце на новыя патэнты, эксперыментуеце, размаўляеце з калегамі. Карацей, шукаеце новыя ідэі паўсюль. Пасля з’яўлення поўнай базы ведаў у сістэме «True Machina» гэта будзе выглядаць наступным чынам. Вы заходзіце ў сістэму, уводзіце запыт – што ёсць новага, напрыклад, у пашырэнні паласы частот партатыўных дыктафонаў. І сістэма вам выдасць абсалютна новыя ідэі, якія яна сама і стварыла. З таго, што яна прапаноўвае, вы выбіраеце штосьці, што вам падабаецца. Так з’явіцца новы праект. Камп’ютар пачынае станавіцца творчым партнёрам творчага інтэлекту. Чалавек можа ўдакладніць, ускладніць, дапрацаваць – але канцэпцыю на падставе самых новых навуковых ведаў ужо стварыў камп’ютар.
– Якіх інвестыцыяў патрабуе падобная распрацоўка?
– Прыкладна $600 тысяч трэба на пасеўны капітал, на які мы створым першую версію сістэмы. Астатняе мы пакінем на краўдфандынг. Карыстальнікаў «Изобретающей машины» («Машына для вынаходстваў») у свеце вельмі шмат і ў іх ёсць грошы. Яны будуць купляць акцыі гэтай фірмы – і гэтак мы плануем атрымаць яшчэ мільёнаў 20, каб стварыць сістэму. Нам жа патрэбна вельмі вялікая база ведаў, вялікія даследаванні патрэбныя. Але гэта адносна не дарагі праект. Стартап у маркетынгу можа атрымаць інвестыцыі ў $200 млн. толькі каб больш матрацаў прадаць.
– Колькі чалавек працуе над праектам?
– Шэсць чалавек поўны працоўны дзень. Гэтага дастаткова, каб асноўныя моманты зрабіць.
– Калі «True Machina» будзе гатова?
– Думаю, у канцы першага кварталу мы атрымаем частку інвестыцыяў і ў сярэдзіне 2020-га аб’явім, што «True Machina» існуе. Але гэта працэс.
– Як штучны інтэлект можа паўплываць на жыццё чалавецтва?
– Штучны інтэлект цяпер справа модная, ён актыўна выкарыстоўваецца ў маркетынгу. Але выкарыстоўваецца толькі для таго, каб вы, ужо маючы чатыры матраца, купілі сябе пяты. А вось творчы штучны інтэлект – гэта зусім іншае. Ён стварае новае. Гэта будзе і ў літаратуры, і ў сцэнарыях, і ў музыцы. Творчая сістэма – гэта вялізарны рывок. Тое, што мы аднойчы тварылі, цяпер будзе тварыць штучны інтэлект. Людзі там будуць прысутнічаць, але ўсё менш, менш і менш. Што будзе далей? Я думаю, што далей будзе новая цывілізацыя, яна нараджаецца на нашых вачах. Ведаеце тэст Элана Т’юрынга? Штучны інтэлект створаны тады, калі, размаўляючы адначасова з камп’ютарам і чалавекам, вы не можаце зразумець, дзе чалавек, а дзе камп’ютар. Але я прапаную тэст антыт’юрынга: штучны інтэлект мусіць ствараць такі прадукт, які чалавек можа і не разумець. Вось да гэтага ўсё ідзе.
– А ці патрэбныя будуць наагул людзі гэтаму штучнаму інтэлекту?
– Я не дарма кажу пра новую цывілізацыю. У цывілізацыі існуюць розныя пласты і групы, якія дзейнічаюць на розных узроўнях. У кожнай групы свой свет і яны амаль не перасякаюцца. Яны патрэбныя адна адной, але маюць мала зносінаў паміж сабою. Калі будзе створаны інтэлект вышэй за нашы, то ў іх з’явіцца свой свет.
«У Штатах часам казалі: Беларусь – гэта дзе, у Паўднёвай Азіі?»
– На ваш погляд, наколькі камфортныя ўмовы для стварэння і рэалізацыі стартапаў у Беларусі?
– Ведаеце, у 2010 годзе, калі ў Беларусі пачалі праводзіць стартап-уік-энды, гэта было вельмі цікава! Гэта было такое шоў з незразумелым фіналам. Ніводны стартап у IT-сферы не перамагаў. Перамагалі цагляныя заводы. За іх галасавалі інвестары і кансультанты. Калі я казаў, што патрэбныя інтэлектуальныя высокатэхналагічныя сістэмы – усё з усмешкай гэта ўспрымалі. А потым пайшоў айцішны бум. Асяроддзе саспела. Цяпер запусціць айцішны стартап у Менску ці ў Стакгольму – розніцы ніякай няма. Толькі ў нас уласных інвестараў менш.
– А вы сутыкаліся з тым, што замежныя інвестары баяцца інвеставаць у праект, які распрацоўваецца ў Беларусі? Маўляў, вы нам падабаецеся, але калі б вы працавалі не ў «апошняй дыктатуры Еўропы»…
– Што тычацца іміджу, што гэта мы тут думаем, што імідж Беларусі ў свеце вельмі кепскі. Насамрэч існуе іншая праблема – нас не ведаюць. У Штатах часам казалі: Беларусь – гэта дзе, у Паўднёвай Азіі? Яны не ведаюць. Імідж проста адсутнічае. А вось у інжынерна-вынаходніцкім асяроддзі імідж Беларусі вельмі высокі. Узяць тую ж «Motorola» – там усе распрацоўшчыкі карыстаюцца софтам, што быў створаны ў Менску.
– IT-сфера ў Беларусі дэманструе выдатныя вынікі, толькі за год гэтая галіна эканомікі вырасла на 40%. Але што будзе далей? Што трэба зрабіць, каб Беларусь сапраўды стала IT-супердзяржаваю?
– Пытанне стратэгічнае. Нам нельга спыняцца. Цяпер шмат скаргаў на адукацыю. Колькасць камп’ютараў расце хутка, а колькасць мазгоў – павольна. Попыт на таленты будзе толькі ўзмацняцца. Таму нам трэба інвеставаць у людзей. Калі проста памарыць, ідэальна было б, калі БДУ або БДУІР абвясціў: са Стэнфарду прыязджае прафесар і чытае курс лекцыяў. У нас няма гэтага абмену інтэлектуаламі, гэта нам вельмі патрэбна. Калі з’яўляецца новая плынь, то лідараў гэтай плыні трэба запрашаць да нас чытаць лекцыі. Адукацыя мусіць быць больш дынамічнай.
– Галоўная прэтэнзія, якая гучыць з боку бізнесу на адрас беларускіх уладаў – гэта адсутнасць незалежных судоў і выбарчае ўжыванне або неўжыванне закону. Наколькі гэтая праблема адчуваецца, на ваш погляд?
– Ну, гэта ёсць, натуральна. Хацелася б, каб гэтай праблемы не было. Хацелася, каб бізнес быў больш абаронены. Каб сістэма была ідэальная – падзел уладаў, суды і г.д. Але трэба разумець, што мы дагэтуль знаходзімся ў пераходным перыядзе ад абсалютна рабскай сістэмы, якая была ў савецкія часы. Усё ж мы цяпер можам купіць квіток у Вільню і ўляцець куды заўгодна…
– Існуе вечная спрэчка пра тое, наколькі развіццё эканомікі залежыць ад узроўню дэмакратычных свабодаў у дзяржаве. Адныя спасылаюцца на досвед дэмакратычных краінаў Захаду. Іншыя ў сваю чаргу спасылаюцца на Кітай або Сінгапур. А якая вам мадэль бліжэй?
– Мусіць быць свабода людзей, ідэяў і фінансаў. Я за гэта. Возьмем Фінляндыю. У часы Расейскай імперыі гэта была абсалютна бедная правінцыя. Цяпер у фінаў узровень адукацыі самы высокі ў свеце. Прыязджаеш і проста здзіўляешся: шыкоўная архітэктура, высокі ўзровень жыцця, развіццё hi-tech. Яны дасягнулі гэта за кошт таго, што ў свой час абралі тыпова заходнюю мадэль развіцця. Але Сінгапур дэманструе іншы прыклад. Атрымліваецца, што асвечаны аўтарытарны рэжым можа таксама дасягаць добрых мэтаў. Аднак асабіста я хацеў бы, каб было больш свабоды.
Валер Цурыкаў нарадзіўся ў 1952 годзе. Кандыдат тэхнічных навук. У 1987 годзе распрацаваў софт для складаных інжынерна-вынаходніцкіх заданняў пад назваю «Изобретающая машина» («Машына для вынаходстваў»). У 1991 годзе з’ехаў у Бостан, дзе заснаваў паспяховую кампанію Invention Machine Corp., кліентамі якой сталі «Boeing», «Sony», «Samsung», NASA ды інш. У пачатку 2000-х пакінуў кампанію, а тры гады таму вярнуўся ў Менск, каб тут працаваць над «True Machina» – сістэмай штучнага інтэлекту новага ўзроўню.