Морыс Коэн: амерыканскі філосаф з Мінска і Нясвіжа

hu_logo-small.jpg

У амерыканскай гісторыі вядомыя два Морысы Коэны.

Першы – народжаны ў Нью-Ёрку ў сям’і ўцекачоў з царскай Расіі (бацька з-пад Кіева, маці з Вільні) Морыс (Генрыхавіч) Коэн, памерлы ў Маскве савецкі шпіён, Герой Расійскай Федэрацыі (1910–1995).


01-MorrisCohen1900SM.jpg


Другі Морыс Коэн прарабіў адваротны шлях: нарадзіўся ў Мінску, а пахаваны ў Нью-Ёрку. Па словах Бертрана Расэла, гэта найбольш значны філосаф Амерыкі. Прынамсі, лічыўся такім да сваёй смерці, што забрала яго ў 1947 годзе. А ў 1949-м выйшла з друку кніга “A dreamer’s journey: The autobiography of Morris Raphael Cohen”(“Шлях летуценніка: аўтабіяграфія Морыса Рафаэля Коэна”), і сталі вядомыя некаторыя неэнцыклапедычныя факты з жыцця нашага земляка.

Бацька Мэйшэле (так на ідыш гучала ягонае імя) Аўраам нарадзіўся ў Клецку, маці – у суседнім Нясвіжы. Калі яны ў 1867 годзе пабраліся шлюбам, бацька пераехаў у дом матчыных бацькоў, у прымы: па традыцыі тыя меліся цягам аднаго года ўтрымліваць маладых, каб даць ім час стаць на ногі. Але ўжо праз некалькі тыдняў дзед усвядоміў, што не агорае пракарміць усіх, і Аўраам Коэн пачаў спрабаваць сябе ў гандлі, толькі няўдала. Затое ягоная маладая жонка знайшла сабе працу швачкі ў мястэчку Мір, куды яны ўсе і перабраліся. А неўзабаве туды пачалі даходзіць чуткі з Мінска, што ў горадзе патрабуюцца цесляры, і было вырашана паспрабаваць шукаць удачы там.

Аўраам выправіўся адзін, не маючы ні капейкі ў кішэні, нікога не ведаючы ў горадзе. Дайшоўшы да места, ён проста скіраваўся да цэнтра, без аніякай ідэі, куды ідзе. Нарэшце, знясілены, нічога не еўшы за ўсё падарожжа, апусціўся проста на прыдарожны камень. Праз нейкі час да яго падышоў мінак і пацікавіўся, чаго той сядзіць проста на вуліцы. Яны разгаварыліся, і незнаёмец запрасіў Аўраама да сябе на абед. Пазней высветлілася, што новага знаёмца клічуць Элайя, і ён ачольвае невялічкі хаўрус цесляроў. Так, займеўшы працу, Аўраам неўзабаве заашчадзіў дастаткова грошаў, каб перавезці сям’ю ў Менск, дзе 25 ліпеня 1880 году і нарадзіўся Мэйшэле – Морыс Коэн.

Дзяцінства, апісанае ім ў аўтабіяграфіі “Вандроўка летуценніка”, вельмі нагадвае маленства Змітрака Бядулі з “У дрымучых лясах”:

Яна заве мяне не па імені, а “нядоляй”:

Нядоля мая, ідзі есці!

Нядоля мая, ідзі спаць!

Нядоля мая, не хадзі да рэчкі!

Я прывык да гэтага слова і зусім спакойна на яго адклікаюся”.

Коэн згадвае, што ён таксама быў вельмі хваравітым хлопчыкам і ў сваім спісе меў усе дзіцячыя хваробы таго часу, часам на мяжы з смерцю. І ў яго была свая мянушка: kalyeleh – недарэка, якую ён успрымаў ужо як уласнае імя і ахвотна адгукаўся, калі яго так клікалі. І толькі маці не стамлялася паўтараць: “Чакайце, прыйдзе час, і ўсе яшчэ будуць ганарыцца, што калісьці размаўлялі з маім Мэйшэле!”.

Набраўшы гадкоў, хлопчык пайшоў у хедар. І зноў ягоныя ўспаміны – рыхтык згадкі Бядулі: “У цесным пакоі пры адным стале сядзела каля дзесяці хлопчыкаў. Сядзелі мы не выходзячы па дванаццаць гадзін. З дому нам прыносілі есці. Дзень быў падзелены на чытанне малітваў, Бібліі і Талмуда. Прыблізна гадзіна часу аддавалася на чыстапісанне па-старагабрэйску і на вывучэнне першых чатырох правіл арыфметыкі. Вольнымі ад хедара мы бывалі паўдня ў пятніцу і паўдня ў суботу. Два разы на год вучні хедара мелі канікулы – месяц вясною і месяц увосень. Усе дзесяць вучняў маліліся і чыталі разам уголас. У хедары стаяў незвычайны шум, нібы гуло некалькі раёў пчол”.

На той час ягоны бацька з’ехаў на заробкі ў Амерыку – спачатку сам, а вярнуўшыся ў 1887 годзе нібы застацца, праз два тыдні паехаў наноў, узяўшы з сабой двух старэйшых сыноў. З маці засталіся толькі Мэйшэле і маленькая сястра, так што абараніць kalyeleh на дварэ або ў хедары не было каму. І невядома, як хутка зламаўся б маленькі Мэйшэле, ці не стаўся б усяго толькі чарговым местачковым шлімазл, кунэлэмл, персанажам з твораў Мэндэле Мойхера-Сфорыма, калі б у ягоным лёсе, як, дарэчы, і ў Бядулевым, не адыграў сваю ролю дзед. Дзед з Нясвіжа.

Аповед Коэна пра Нясвіж – выдатны матэрыял да гісторыі беларускіх мястэчак:

“Любы чалавек, прызвычаены да амерыканскага ўзроўню жыцця, які трапіў бы ў Нясвіж у той час (1887–1890 гг.) і прайшоўся па яго небрукаваных і неасветленых вуліцах, зазірнуў у маленькія, неправетраныя і часцяком перапоўненыя драўляныя хацінкі без водаправодаў, якія не змаглі б засцерагчы ад заразных хваробаў эпідэмічнага характару, сказаў бы, што мястэчка гэтае неймаверна беднае, бруднае, злачынна недасведчанае ў плане гігіены і ў цэлым быццам нежывое. Сапраўды, ён бы задаўся пытаннем, як увогуле 6-8 тысяч жыхароў гэтага мястэчка могуць тут жыць. Магчыма, вонкава ўсё здаецца менавіта такім, але ёсць яшчэ і ўнутранае жыццё і рэлігійная адданасць, якія надаюць высакароднасці радасцям і смуткам яго жыхароў, забяспечваюць іх сіламі і годнасцю, неабходнымі для выканання паўсядзённай працы і змагання з цяжкасцямі жыцця.

 Ва ўсялякім разе, у людзей сапраўды атрымлілася заставацца жывымі, выхоўваць шмат дзяцей, даваць ім добрую рэлігійную адукацыю, будаваць і перабудоўваць свае драўляныя хаты і сінагогі, а таксама даваць свету вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў і іншых выдатных людзей. Не трэба забывацца, што ў Нясвіжы нарадзіліся Саламон Майман, самы вялікі габрэйскі філосаф пасля Спінозы, Ісаак Элханон, адзін з найвялікшых рабінаў дзевятнаццатага стагоддзя, і Шомер (M. M. Шайкевіч) – Дзюма сучаснай літаратуры на ідыш.

 Так, забруджанасць і матэрыяльная галеча мястэчка не выклікалі аніякіх сумневаў. Да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі было некалькі міляў. Тут не было ніякіх фабрыкаў ці буйных прадпрыемстваў, што маглі б падтрымаць яго эканоміку. Мястэчка выжывала толькі дзякуючы гандлю з сялянамі, якія прывозілі на рынак драўляныя вырабы, бульбу і збожжа, і набывалі тут соль, цвікі, газу і часам ільняныя тавары, абутак і іншую “раскошу” – вось так здабываліся грошы, каб заплаціць падаткі. Таксама тут месціўся кавалерыйскі полк, што мусіла б ажывіць мясцовы гандаль, але ваенныя пастаўкі прыбывалі сюды ў фургонах, а ў афіцэраў і жаўнераў, як высветлілася, было не так шмат вольных грошай”[1].

Як піша ва ўспамінах унук, дзед належаў да старой школы, калі выказванне пачуццяў не ўхвалялася. Нягледзечы на сціплы свой выгляд і яшчэ сціплейшы эканамічны статус, ён лічыўся адным з лідараў мястэчка, і нават калі князь Радзівіл з жонкаю і малым сынам праязджаў у карэце міма ягонага дома, а дзед скідаў у вітанні капялюш, адказвалі грацыёзным кіўком галоваў.

Сам дзед быў непісьменным, але для хлапца наняў настаўніка. Тым не менш Морыс піша, што галоўнае ў сваёй адукацыі ён узяў менавіта ад дзеда. У хату часта заходзіў ваданос, стары, які адслужыў у войску цара Мікалая дваццаць пяць гадоў, і тады пачыналіся ўспаміны – пра Крымскую вайну, паўстанні 1830–1831 і 1863 гадоў, турэцкую вайну 1878-га. З іншымі дзед шчодра цытаваў не толькі Талмуд, але і прыказкі, якім навучыўся ў суседнім бернардынскім кляштары, куды час ад часу наведваўся па справах. Імёны Арыстоцеля, Напалеона Морыс упершыню пачуў менавіта ад яго. І калі праз тры гады гэтага своеасаблівага дзядзькавання хлопец мусіў вяртацца ў Мінск, ён быў ужо іншым чалавекам:

“Хоць пазней я быў вымушаны адмовіцца ад аскетычнай філасофіі майго дзядулі, бо яна не вытрымлівала аніякае крытыкі, я ніколі не адмаўляў яе выбітныя добрыя якасці – яна паўплывала на мой характар нават больш за маю ўласную філасофію. Таксама я не забыў яшчэ адну мудрасць – не прызвычайвацца да раскошы, бо лёс можа пазбавіць нас яе ў любы момант. А яшчэ я лічыў разумным нагадваць іншым мудрае выказванне майго дзядулі, які казаў, што слабая, але гнуткая трава перажыве шторм, які зломіць моцнае і непахіснае дрэва” [2].

Наступныя гады ў Мінску, 1890–1892, былі напоўненыя чытаннем: раманы славутага аўтара з Нясвіжа Шомера, пераклад “Нібелунгаў”, гісторыя грамадзянскай вайны ў Іспаніі і гісторыя Францыі XIX ст. Падзеяй у жыцці сталася адкрыццё яшчэ аднаго пісьменніка з Беларусі:

“Адна з самых вялікіх кніг, якія я прачытаў у тыя дні, была “Працоўная кляча” [The Dobbin], алегорыя на пакуты габрэйскага народа, напісаная Мэндэле Мохерам Сфорымам [Mendele Mocher Sforim]. Я прачытаў і дзве іншыя кнігі таго ж самага аўтара: “Die Takse” (“Падатак”) і “Fishke, der Kroomer” (“Кульгавы Фішке”). З літаратурнага пункта гледжання абедзве кнігі былі трохі вышэйшыя за тое, што я чытаў да гэтага. У іх не было аніякіх захапляльных прыгодаў, але іх сацыяльны ўрок змяніў маю свядомасць і значна паўплываў на маё стаўленне да габрэйскага пытання ў будучыні”[3].

Калі было прынятае рашэнне пакінуць Беларусь і ехаць у Амерыку да бацькі, Морыс апошні раз, разам з маці, наведаў Нясвіж і дзеда:

“Урэшце маці вырашыла ехаць у Амерыку з Мінска. Мы паехалі не ў Гарадзею, найбліжэйшую чыгуначную станцыю, а ў Стоўбцы, што былі крыху далей. І гэтак правялі больш часу з дзядулем, які праводзіў нас. Гэтая шматгадзінная паездка па прасёлкавых дарогах, па лесе была не вельмі захапляльнай, і хоць я быў вельмі ўзрушаны, калі мы перасеклі на пароме вядомую раку Нёман – а да гэтага я ніколі не бачыў паром, – я імгненна заснуў, як толькі мы засяліліся ў гатэль у Стоўбцах. Калі прыйшоў час сядаць на цягнік да Мінска, мяне пабудзіў дзядуля, пацалаваў на развітанне. Мяне ахапіла вострае пакутлівае пачуццё, што я ўжо ніколі не пабачу яго зноў. Слёзы каціліся па маіх шчоках, я не мог супакоіцца. У параўнанні з маці дзядуля выглядаў вельмі строгім, але ён быў цэнтрам майго жыцця тры гады, і я зразумеў нават тады, а потым толькі ўпэўніўся ў гэтай думцы, што ён паклаў пачатак не толькі майму інтэлектуальнаму развіццю, але і той унутранай перамозе над жыццёвымі нягодамі, што ёсць сутнасцю сапраўднай высакароднасці, духоўнасці, ці, як я называю гэта цяпер, па-сапраўднаму філасофскага жыцця” [4].

Праз некалькі дзён пасля смерці Морыса Коэна, 28 студзеня 1947 года, газета “The New York Times” у рэдакцыйным артыкуле назвала яго “амаль легендарнай постаццю ў амерыканскай філасофіі, адукацыі і ліберальных традыцыях”. Ягоная мудрасць, ягоныя навуковыя працы вядомыя не толькі калегам-філосафам, але і некалькім пакаленням студэнтаў Нью-ёркскага каледжа, дзе той спачатку вучыўся сам, а потым выкладаў ад 1912 года і запомніўся як сучасны Сакрат. Ён таксама выкладаў у Чыкагскім універсітэце, Гарвардзе і Елі, напісаў “Reason and Nature” (“Чыннік і Прырода”, 1931), “Law and the Social Order” (“Закон і грамадскі лад”, 1933), “An Introduction to Logic and Scientific Method” (“Уводзіны ў лагічны і навуковы метад”, 1933). Адчуваючы, што мае сказаць значна больш, ды не паспявае, Коэн звольніўся з выкладчыцкай працы і сеў за напісанне кніг. Да смерці ён выдаў яшчэ дзве: “A Preface to Logic” (“Прадмова да логікі”, 1944) і “The Faith of a Liberal” (“Вера ліберала”, 1946), пакінуўшы шэсць рукапісаў, у тым ліку аўтабіяграфіі, якія будуць апублікаваныя пазней сям’ёй і калегамі.

Бібліятэка Гарадскога каледжа Нью-Ёрка сёння носіць імя Морыса Рафаэля Коэна. Кожнага з наведнікаў – студэнта, прафесара –  сустракае ў холе бюст былога выкладчыка, амерыканскага Сакрата, мінскага хлопчыка, які спасцігаў першыя філасофскія таямніцы ў мястэчку Нясвіж.

[1] A dreamer’s journey: The autobiography of Morris Raphael Cohen. The Beacon Press. The Free Press. 1949. P. 25-26.

[2] Ibidem, с. 40.

[3] Ibidem, с. 47.

[4] Ibidem, с. 57.

Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.