На помнік нацыянальнаму герою Беларусі і ЗША скінулася амаль 700 чалавек, а сабраць 12 тысяч долараў удалося за два месяцы.
Тадэвуш Касцюшка вярнуўся на радзіму ў… бронзе. Помнік славутаму беларусу ўсталявалі на яго малой радзіме, ва ўрочышчы Мерачоўшчына ў Косаве, 12 траўня. Цяпер генерал “пазірае” на тутэйшыя абшары, трымаючы ў руцэ капялюш, праваруч ад яго адрэстаўраваная сядзіба-музей, леваруч – знакаміты палац Пуслоўскіх.
“Мы з вамі паставілі помнік, віншую вас са святам. У апошнія гады вырасла цікавасць нашых людзей да гісторыі. Сёння адбываецца гістарычная падзея – усталяванне першага помніка Касцюшку. Грошы ўдалося сабраць за рэкордна кароткі тэрмін. Да мяне нават прыйшоў чалавек у спецвопратцы з назвай будаўнічага трэста і з флікерам, сказаў, што не ўмее ахвяраваць праз інтэрнэт, і прынёс 5 рублёў. І гэтыя 5 рублёў дорага каштуюць. Помнік гэта сапраўды народны, бо яго паставілі мы – удзячныя суайчыннікі Касцюшкі”, – гаворыць на адкрыцці ініцыятар усталявання помніка, журналіст Глеб Лабадзенка.
Неабходныя 12 тысяч долараў на помнік сабралі праз краўдфандынг усяго за 2 месяцы. Цяпер імёны 690 ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў мясцовым музеі. На адкрыццё з розных гарадоў Беларусі прыехала паўтысячы чалавек. Бел-чырвона-белыя сцягі вакол бронзавага Касцюшкі суседнічаюць з чырвона-зялёнымі: генерал аб’яднаў.
“Асоба Касцюшкі – гэта прыклад адданасці сваёй радзіме і святой любові да роднай зямлі”, – кажа на адкрыцці старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук.
Чыноўнікі ў афіцыйных касцюмах перад сядзібай Касцюшкі як ніколі арганічна глядзяцца разам з прадстаўнікамі грамадскасці і апазіцыйнымі палітыкамі. Рознасць сімволікі нікога абсалютна не засмучае. Тут вам і прадстаўнікі Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады, і Рыгор Кастусёў з Аляксеем Янукевічам і Паўлам Севярынцам. Апроч сцягоў над іх галовамі гербы Гродна і Брэста.
Аўтар помніка скульптар Генадзь Лойка адзначае што цяпер “неабходна ўжываць беларускую мову”.
“А хто не дае? Як хочаш, так і гаворыш”, – адказвае ў натоўпе мясцовая жыхарка. Мясцовыя на адкрыцці помніка трымаюцца асобна і больш абмяркоўваюць сваё. Для іх натоўп у 500 чалавек – рэдкасць. Хоць турысты тут бываюць часта.
“Адкрылі – і добра. Вунь яшчэ яму помнік паставіць трэба”, – жартуе мясцовы пенсіянер, паказваючы на свайго сябра.
Мясцовыя з цікаўнасцю назіраюць за рэканструктарамі ў вайсковых строях, слухаюць песні часоў Касцюшкі, якія гучаць са сцэны. У гэты час “панаехаўшыя” з Мінска фатаграфуюцца з бронзавым генералам і пускаюць дроны, якія ніхто не ўганяе.
Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў Мерачоўшчыне ў 1746 годзе. Ён паспеў паўдзельнічаць у вайне ЗША за незалежнасць, узначаліць нацыянальна-вызваленчае паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, заслужыць тытул ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы. Помнікі гэтаму ўраджэнцу Беларусі стаяць у ЗША, Швейцарыі, Польшчы.
Да апошняга часу, апроч некалькіх бюстаў, у Беларусі не было помніка Тадэвушу Касцюшку. Цяпер зрабіць сэлфі з бронзавым генералам, наведаць музей-сядзібу і паглядзець на радзіму Касцюшкі можна ў Косавн. Для гэтага трэба ад’ехаць ад Мінска амаль на 250 кіламетраў. Поруч з сядзібай можна таксама паглядзець палац Пуслоўскіх.
Васіль Драбяза, “Будзьма беларусамі!”