Мінскі кінафестываль «Лістапад» страціў міжнародны статус

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасці, прадзюсар і музычны крытык Сяргей Будкін.

«Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадусараў (FIAPF) Луіс Скалела адказаў нам у лісце, што прынята рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі гэтага кінафестывалю, — напісаў Сяргей Будкін. — Людзі са свету кіно разумеюць, што немагчыма правядзенне маштабнага мерапрыемства ў краіне, дзе актывістаў дзясяткамі тысячаў кідаюць у турмы, звальняюць, забіваюць, што арганізатар фэсту (з гэтага года — Мінкульт) цэнзуруе ўсё жывое, а інфапартнёр фэсту (БТ) паказвае ў эфіры здзекі з палітвязняў».

Таксама Сяргей Будкін згадвае, што ў гэтым годзе «Лістапад» перадалі іншым арганізатарам:

«Спадар Скалела заўважае ў сваім лісце, што ідэйная і структурная трансфармацыя фэсту несумяшчальная з прынцыпамі і каштоўнасцямі FIAPF. Сёлета фэст адціснулі ў цудоўнай і крэатыўнай каманды з прыватнай арганізацыі ART CORPORATION і перадалі ідэолагам ды беспрынцыпным кар’ерыстам.

Фактычна гэтым самым перакрэсленая каласальная праца, якую зрабіла гэтая каманда за 11 год. Скасаваны нацыянальны конкурс, конкурс «Маладосць на маршы», конкурс нацыянальных кінашкол і наогул арыгінальная канцэпцыя, якая палягала ў асэнсаванні досведу посткамунічных краінаў. Фэст адкацілі да маргінальнага ўзроўню рускай правінцыі, чарговага ідэалагічнага мерапрыемства дзеля птушачкі».

«Лістапад» — штогадовы кінафестываль, які праводзіцца з 1994 года ў Мінску. Раней фестываль быў акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як спецыялізаваны конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, а таксама краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

novychas.info