Міністэрства юстыцыі абавязала грамадзкія аб’яднаньні і фонды публікаваць фінансавыя справаздачы

7 лістапада апублікаваная пастанова Міністэрства юстыцыі №153-1 “Аб інфармацыі аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў”. Гэты дакумэнт уступае ў сілу 20 лістапада і ўстанаўлівае, што грамадзкія аб’яднаньні, фонды будуць абавязаныя штогадова да 1 сакавіка публікаваць справаздачу аб сваёй дзейнасьці разам з фінансавай справаздачай. Новая форма справаздачнасьці не адмяняе ўжо існуючую справаздачнасьць аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, якую па-ранейшаму трэба падаваць ў органы юстыцыі таксама да 1 сакавіка.

Прадугледжана тры варыянты публікацыі новаўведзенай справаздачы: альбо у сродках масавай інфармацыі, альбо на ўласным сайце арганізацыі, альбо шляхам падачы справаздачы ў міністэрства юстыцыі і абласныя, мінскае гарадзкое ўпраўленні юстыцыі (пры такім варыянце органы юстыцыі будуць самастойна публікаваць атрыманыя ад арганізацыяў зьвесткі на сваіх рэсурсах). Датычна таго, у якіх менавіта СМІ могуць публікавацца справаздачы, абмежаваньняў не ўводзіцца – гэта могуць быць як друкаваныя выданьні, так і сеткавыя выданьні, калі яны зарэгістраваныя як СМІ.

Пералік зьвестак, якія падлягаюць публікацыі грамадзкімі аб’яднаньнямі ў новай справазадачы, складаецца з дзьвух блёкаў:

  • Справаздача аб дзейнасьці арганізацыі. Тут павінныя быць адлюстраваныя зьвесткі пра колькасны склад грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйных структураў, аб месцы знаходжаньня кіруючага органа і аб праведзеных цягам году мерапрыемствах.
  • Справаздача аб паступленьні і расходваньні грашовых сродкаў і маёмасьці. Тут павінныя быць адзначаныя зьвесткі аб агульнай суме грашовых сродкаў i iншай маёмасьцi; уступных і сяброўскіх унёсках (калі ўнёскі прадугледжаныя статутам); аб паступленьнях ад праведзеных у статутных мэтах лекцый, выставаў, спартовых ды іншых мерапрыемстваў; аб даходах ад прадпрымальніцкай дзейнасьці (ад заснаваных грамадзкім аб’яднаньнем прадпрыемстваў); аб дабраахвотных ахвяраваньнях; аб паступленьнях ад замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацыяў; аб паступленьнях з іншых крыніцаў. Датычна выдаткаў трэба будзе пазначыць агульную суму выдаткаў, колькасьць работнікаў арганізацыі, памер аплаты іх працы, выдаткі на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, выкарыстаньне грашовых сродкаў ды іншай маёмасьці.

Датычна фондаў пастанова таксама ўстанаўлівае новы парадак публікацыі справаздачы, які прыйдзе на зьмену цяперашняму парадку, што дзейнічае згодна са старой пастановай міністэрства юстыцыі ад 3 жніўня  2005 г. № 43, якая адмяняецца з 20 лістапада 2020 году.

Устанаўленьне абавязку публікаваць фінансавыя справаздачы для грамадзкіх аб’яднаньняў уводзіцца ў адпаведнасьці з новай рэдакцыяй закона аб барацьбе з фінансаваньнем тэрарызму і барацьбе з адмываньнем грошаў, што была прынятая 13 траўня.

Новы від справаздачнасьці для некамэрцыйных арганізацыяў камэнтуе юрыст Юрый Чавусаў:

– Для фондаў, якіх у Беларусі налічваецца больш за 250, новая пастанова мала што мяняе – проста зьмяняецца крыху зьмест і форма апублікаваньня фінансавай справазадачы. А вось для грамадзкіх аб’яднаньняў новаўведзены від справаздачнасьці будзе значна абцяжарваючым бюракратычным новаўвядзеньнем – гэта абсалютна новы від справаздачнасьці для грамадзкіх аб’яднаньняў. У краіне зарэгістравана больш за тры тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў – і большасьць з гэтых арганізацыяў не вядзе вялікай фінансавай дзейнасьці. Паводле аб’ёмаў грамадзкія аб’яднаньні з’яўляюцца тым, што ў бізнэсе называецца мікраарганізацыі – маюць меньш за 15 штатных супрацоўнікаў і нязначныя грашовыя абароты.

Да таго, ж, кожная арганізацыя цяпер і так падае справаздачы ў падаткавы орган пра свае фінансы, і справзадачы ў органы юстыцыі пра сваю дзейнасьць – абавязак гэтыя справаздачы рыхтаваць нікуды не зьнікае. Арганізацыі, якія атрымліваюць замежную дапамогу ці спонсарскую дапамогу з унутраных крыніцаў – таксама павінныя даваць справаздачнасьць сваім донарам і кантралюючым органам.

Так што тут будзе падвойная ці нават патроеная справаздачнасьць, – справзадачнасьць, аб’ектыўнай патрэбы ў якой няма.

Патрэба ўкараненьня новай формы справаздачнасьці не закране арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, зарэгістраваныя ў форме ўстановаў (самая простая і найбольш распаўсюджаная на дадзены момант у Беларусі форма для рэгістрацыі новых НКА) і асацыяцыяў (саюзы юрыдычных асобаў і/альбо індывідуальных прадпрымальнікаў). Таксама не будуць публікаваць справаздачы дзяржаўна-грамадзкія аб’яднаньні. Цікава, што сярод зьвестак, якія падлягаюць публікацыі, асобна не вылучаецца дзяржаўнае фінансаваньне.

У цэлым увядзеньнем новай формы справаздачнасьці не адпавядае аб’ектыўнай адсутнасьцю сувязяў беларускага сэктара НКА з міжнародным тэрарызмам.

Укараненьне новай формы справаздачнасьці, па інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, будзе спрыяць збліжэньню заканадаўства нашай краіны з міжнароднымі стандартамі ў сфэры барацьбы з фінансаваньнем тэрарызму. Новаўвядзеньні супадаюць з падвядзеньнем вынікаў міжнароднай ацэнкі беларускай сыстэмы барацьбы з адмываньнем грошай і фінансаваньнем тэрарызму, якая адбывалася ў 2018-2020 гг.

У лютым 2020 году Эўразійская група па супрацьдзеяньні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаваньню тэрарызму (ЭАГ) апублікавала выніковую “Справаздачу ўзаемнай ацэнкі Рэспублікі Беларусь” аб мерах па барацьбе з адмываньнем грошаў і фінансаваньнем тэрарызму (дакумент  перакладзены і на рускую мову).

Урад Беларусі апублікаваў кароткі пераказ нацыянальнай ацэнкі рызыкаў легалізацыі (адмываньня) даходаў, якія атрыманыя злачынным шляхам, і фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці, што была праведзеная ў адпаведнасьці з мэтадалёгіяй і міжнароднымі стандартамі у межах падрыхтоўкі да ўзаемнай ацэнцы міжнароднымі экспэтамі ЭАГ. У прыватнасьці, адсутнасьць фактаў выкарыстаньня НКА для дзеяньняў, якія зьвязаныя з адмываньнем грошай, сьведчыць аб нізкай рызыцы іх уключэньня ў гэткую злачынную дзейнасьць. Дзейнасьць міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў, іх філіялаў або сябраў не была зарэгістраваная ў Рэспубліцы Беларусь. Не зафіксавана выпадкаў прысутнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фізічных або юрыдычных асобаў, уключаных у санкцыйны сьпіс ААН, а таксама не было выяўлена іх маёмасьці альбо іншых прыналежных ім актываў. Арганізацыі не прызнаваліся тэрарыстычнымі па рашэньнях беларускіх судоў. “Фактаў выкарыстаньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці для фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь не было” – гаворыцца ў дакумэнце.

Нягледзячы на гэткія абставіны, аўтары ацэнкі палічылі патрэбным рэкамэндаваць ўвесьці ў нацыянальнае заканадаўства дадатковыя захады па зьніжэньні патэнцыйных рызыкаў фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці органамі, якія кантралююць дзейнасьць такіх НКА.

Абгрунтоўваецца гэта парадаксальнай логікай: “У Беларусі НКА не выкарыстоўваюцца для адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарызму. Але ва ўсім сьвеце ў міжнароднай практыцы НКА маюць вялікую рызыку датычнасьці да фінансаваньня тэрарызму. Таму давайце ўвядзем для беларускіх НКА абавязковую справаздачнасьць па мерах у дачыненьні да прадухіленьня таго, чым яны і так не займаюцца”.

Менавіта такая спрэчная логіка была рэалізаваная заканадаўцам пры увядзеньні новага віду абавязковай справаздачнасьці для грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў.

Асамблея НДА Беларусі