Мастаку Алесю Пушкіну інкрымінуюць «рэабілітацыю нацызма»

Па выніках расследавання Пушкіну прад’яўлена абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

«Устаноўлена, што Пушкін выконваў і размяшчаў у адкрытым доступе партрэты памагатых нацысцкіх злачынцаў у вобразе беларускіх патрыётаў і гераічных асоб. Абвінавачаны разлічваў на давер гледачоў да мастака, тым самым паставіў на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, а таксама падвергнуў сумневу рашэнні Міжнароднага ваеннага трыбунала, якія не маюць тэрміну даўнасці»піша Следчы камітэт пра справу мастака.

Нагодай для затрымання стала выстава ў Гродне, дзе публічна дэманстраваўся партрэт Аўгена Жыхара — дзеяча антысавецкага падпольнага руху. У часы нямецкай акупацыі Жыхар вучыўся ў Пастаўская настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у пачатку 1944 года. Быў чальцом «СБМ» і «БНП». Улетку 1944 года, у выніку мабілізацыі на акупаваных тэрыторыях, трапіў у выведкава-дыверсійнай падраздзяленне Абвера «Дальвіц», дзе прайшоў поўны курс навучання. Пасля Перамогі Жыхар уступіў у шэрагі Чырвонай арміі, пасля працаваў школьным настаўнікам у вёсцы.

Гарадзенскі гісторык на ўмовах ананімнасці пракаментаваў крымінальную справу ў адносінах да мастака:

«Справа ў тым, што Жыхар нідзе не фігуруе як нацыст. Ніводзін суд яго не прызнаў нацыстам. Рэабілітацыю нацызма ўгледзілі тут выкладчыкі ГрДУ ім. Я. Купалы — кандыдат філалагічных навук Сняжана Семярнік, прыхільніца «рускага свету», і Вадзім Хілюта, кандыдат юрыдычных навук, які нібы праўнік. Ніводзін чалавек не мае гістарычнай адукацыі.

Проста гродзенская пракуратура такім чынам вырашыла пасадзіць мастака і ліквідаваць галоўную незалежную пляцоўку Гродна — «Цэнтр гарадскога жыцця».

budzma.org