Марына Золатава атрымала ўзнагароду Reporter:innen-Preis 2021

Палітзняволеная журналістка, галоўны рэдактар T*TВY Марына Золатава атрымала ўзнагароду Reporter:innen-Preis 2021, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Гэтую ўзнагароду штогод уручае Форум рэпарцёраў Нямеччыны. З прамовай пра Марыну Золатаву выступіла Каця Глогер, сустаршыня праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».

«Гэтая ўзнагарода з’яўляецца знакам нашай глыбокай павагі да працы выбітнага журналіста. Яна ўручаецца за неўтаймоўную мужнасць Марыны і перакананасць у тым, што незалежная журналісцкая праца можа змяніць нешта да лепшага, за яе ўклад у дэмакратыю, якая немагчымая без свабоды прэсы», — сказала Глогер.

Нагадаем, Марына Золатава знаходзіцца пад вартай з траўня 2021 года. Яе затрымалі ў рамках крымінальнай справы, распачатай супраць T*TВY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

budzma.org паводле baj.by