Марына Адамовіч: «Да юбілею перадала мужу свае фотаздымкі…»

Учора палітык Мікалай Статкевіч, якога гэтымі днямі судзяць, сустрэў за кратамі 65-годдзе.

Нагадаем, што М.Статкевіча затрымалі 31 мая. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам, а пазней перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачанні паводле крымінальнага артыкула 342 «Масавыя беспарадкі».

З 23 чэрвеня гэтага года Мікалая Статкевіча судзяць у гомельскім СІЗА-3 разам з Сяргеем ЦіханоўскімІгарам ЛосікамДзмітрыем ПаповымАрцёмам Сакавым і Уладзімірам Цыгановічам. Палітык адмовіўся браць удзел у працэсе, таму суд адбываецца без яго.

– Натуральна, я пастаралася павіншаваць Мікалая і перадаць яму невялікі прэзент, – распавяла «Народнай Волі» жонка палітыка Марына АДАМОВІЧ. – Хаця ў плане перадач нашы магчымасці значна абмежаваны, бо ёсць пералік таго, што дазваляецца перадаць, а што забаронена. Але я, напрыклад, мужу адправіла калаж сваіх фотаздымкаў…

Увогуле, усе дні нараджэння мы любілі адзначаць разам. Была нагода пасядзець, пагаварыць, добра правесці час. Але відавочна, што гэтым разам пра юбілей як пра нейкае свята казаць не даводзіцца.

– Ці ёсць нейкія навіны пра тое, як праходзіць судовы працэс?

– Нічога не чуваць, бо Мікалай не ўдзельнічае ў судзе, а адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Лісты ад Міколы перасталі прыходзіць, не выключана, што яму спецыяльна зрабілі такі «падарунак» да юбілею. А можа быць, былі і іншыя прычыны.

Дарэчы, з’явілася інфармацыя, што працэс распісаны да канца месяца і, магчыма, прысуд будзе вынесены толькі ў верасні. Там жа сабралі больш за 170 тамоў справы, таму, толькі каб прачытаць іх, патрэбны працяглы час. Мне наогул складана зразумець, як можна было столькі тамоў назбіраць літаральна на пустым месцы. Тым больш калі фігуранты справы, якіх сёння судзяць у СІЗА, нават і блізка не былі паміж сабой знаёмы.

Алесь Святланіч, «Народная Воля»