Магдалена Радзівіл і яе дыяментавае калье

Жыццё і дзейнасць славутай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл можна смела параўнаць з каштоўным дыяментавым калье, якое яна ахвяравала на беларускую справу. У дзень яе нараджэння «Будзьма!» успамінае цікавыя падрабязнасці жыцця беларускай арыстакраткі.


Іспанскі гранд і мальтыйскі рыцар

Пэўна, Магдалена Радзівіл — самая адданая беларускай справе арыстакратка свайго часу. Яна нарадзілася ў 1861 годзе і належала да графскага роду Завішаў, прадстаўнікі якога займалі значныя пасады ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Яе бацька Ян Завіша быў буйным землеўласнікам, членам-карэспандэнтам Парыжскага антрапалагічнага таварыства, нават атрымаў ганаровы ордэн ад караля Партугаліі, але, што не менш важна, займаўся вывучэннем роднага краю, размаўляў па-беларуску і выхоўваў дачку на глебе беларускай культуры. У сваю чаргу, маці Магдалены наняла для дачкі англійскіх і французскіх гувернантак, дзякуючы якім тая добра вывучыла замежныя мовы і блізка пазнаёмілася з англійскай і французскай культурай.


02-8b8825d14915911e11c1c014198d2c00.jpg

Магдалена Радзівіл


Першым мужам Магдалены стаў граф Людвік Красінскі — іспанскі гранд, камергер аўстрыйскі, мальтыйскі рыцар і ўвогуле чалавек неардынарны, дастаткова заможны і добры гаспадар. Пасля смерці Красінскага яна неўзабаве выйшла замуж другі раз. Магдалена бывала ў шмат якіх краінах і падчас аднаго са сваіх падарожжаў пазнаёмілася ў Вялікабрытаніі з Мікалаем Радзівілам. Варта адзначыць, што і другі яе муж быў чалавекам надзвычай цікавым і меў насычаную біяграфію: на баку Вялікабрытаніі ўдзельнічаў у Другой англа-бурскай вайне, на баку Расмі — у расійска-японскай, на Балканах змагаўся ў балгарскім войску супраць туркаў, сербаў, грэкаў, а падчас Першай сусветнай ваяваў у Германіі.


03-0e6bba3654b29f4c3b15184378af1a04.jpg

Мікалай Радзівіл


Дыяментавае калье і Багдановіч

Пасля смерці бацькі, а потым і мужа Магдалена стала ўласніцай багатай спадчыны. Дзякуючы гэтаму яна мела магчымасць актыўна дапамагаць беларускай справе, займацца дабрачыннасцю і падтрымліваць рознага кшталту праекты. Так, Магдалена Радзівіл фінансавала шэраг беларускіх устаноў, сярод якіх — пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», агульны наклад выданняў якога налічвае больш за 100 тысяч асобнікаў (гэта і кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа, і першыя падручнікі беларускай мовы); віленскае «Беларускае выдавецкае таварыства», якое выдавала і прасоўвала беларускія творы і сакратаром якога быў Янка Купала; газеты «Biełarus» і «Наша Ніва».

Акрамя таго, дзякуючы фінансаванню Магдалены Радзівіл з’явіліся і многія кнігі нашых класікаў: Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш. і Максіма Багдановіча. Многія аўтары пазней пра гэта ніколі не згадвалі, бо нават не ведалі пра падтрымку. Але былі цікавыя адметнасці, якія сведчылі пра дапамогу мецэнаткі. Так, напрыклад, на славутым зборніку вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» Іван Луцкевіч і Вацлаў Іваноўскі размясцілі ў знак удзячнасці герб роду Завішаў «Лебедзь».


04-ee369c1c066a2235246047b6805e55d1.jpg


Таксама акрамя непасрэдна культурніцкіх праектаў Магдалена Радзівіл падтрымлівала студэнцкія стыпендыі, Віленскі ўніверсітэт, адкрыццё беларускіх школ, шпіталі, дзіцячыя прытулкі, дабрачынныя арганізацыі. Значную дапамогу яна аказвала і рэлігійным установам: дала грошы на будаўніцтва касцёлаў у Варшаве, Лондане, семінарыі ў Вільні. Прыгадваецца і цікавы выпадак, калі сваё вельмі дарагое дыяментавае калье яна ахвяравала на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме.


Швейцарыя

Безумоўна, дзейнасць Магдалены Радзівіл на беларускай ніве не абмяжоўвалася выключна матэрыяльнай падтрымкай. Варта адзначыць, што сярод усяго іншага ў яе ўладаннях, маёнтках карысталіся менавіта беларускай мовай (так бы мовіць, у якасці афіцыйнай). Яна і сама размаўляла па-беларуску і публічна, у тым ліку ў СМІ, заяўляла, што лічыць сябе менавіта беларускай.

Не дзіва, што яна падтрымала і стварэнне беларускай дзяржавы і аказвала дапамогу Беларускай Народнай Рэспубліцы. Але з прыходам бальшавікоў праз пагрозу арышту Магдалена Радзівіл была вымушаная эміграваць: спачатку ў Польшчу і Літву, потым у Германію. Пазней, з уздымам нацызму, яна пераехала ў Швейцарыю. Апошнія гады яна правяла ў дамініканскім манастыры, дзе і памерла ў 1945 годзе.


05-23411c8428c1070ef3f0e2d4e010fcfd.jpg

Адам Замойскі


Дзякуючы намаганням князя Мацея Радзівіла ў 2018 годзе Магдалену Радзівіл перапахавалі ў касцёле св. Роха ў Мінску. У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі роду Радзівілаў, а таксама яе праўнук Адам Замойскі — мальтыйскі кавалер, вядомы брытанскі гісторык.

Кірыл Стаселька, budzma.by