Леанід Галяк. Стэмфардскі самотнік

“Я, Леанід Галяк, сын Яна і Аўгеньні, нарадзіўся 18 кастрычніка (ст.ст.), а 31 кастрычніка ў пералічэньні на новы (грэгарыянскі) стыль у 1910 годзе ў сталічным горадзе Вільні, на Зарэччы — частцы гораду за ракой Вілейкай, у частцы Зарэчча называнай Папоўшчынай, на Папоўскай вуліцы ў доме Буйкі. Частка гораду называлася Папоўшчынай дзеля таго, што ўся зямля ў гэтай ваколіцы належала да Сьв. Духавага манастыра, паходзячы з розных магнацкіх запісаў-падарункаў. Папоўшчына пачыналася больш-менш ад зарэчнага рынку і ляжала ў вілах агранічаная з правага боку Полацкай вуліцай, а тады Полацкім трактам (тракт Батора за польскіх часоў), а зь левага боку Папоўскай вуліцай, што ляжала насупроць Бэрнардынскага саду, уздоўж Вілейкі, і далей жыдоўскім могільнікам, і даходзіла да Роўнага Поля (такі быў назоў вуліцы і ваколіцы).

Дзеля мешаніны стыляў у адных дакумантах я фігураваў, як народжаны 18 кастрычніка, а ў іншых 31. У ўнівэрсытэцкім дыплёме дата нараджэньня была 18 кастрычніка”.

Так пачынаюцца ўспаміны актыўнага ў першы паваенны час, у лагерах для перамешчаных асобаў і па прыездзе ў Амерыку, дзейнага, а што больш істотна (і не сінанімічна, на жаль, асабліва ў эміграцыйных варунках) плённага дзеяча Леаніда Галяка.


01-Haliak-malady.jpg


Безаблічнае дзеяч у дачыненні да гэтага чалавека ўбірае ў сябе неверагодна шмат: пісьменніка, аўтара цудоўных па змесце і мове ўспамінаў, даволі нехарактэрных для эміграцыйнай мемуарыстыкі ды блізкіх па духу да “Майго мястэчка” Васіля Сініцы-Стомы[1]; прафесійнага юрыста, стваральніка першага беларускага юрыдычнага слоўніка[2]; перакладчыка сярэднявечных легендаў[3] і кніг Бібліі, гісторыка[4]. Таксама журналіста: аднаго з заснавальнікаў Саюза беларускіх журналістаў на эміграцыі і першага рэдактара нью-ёркскай газеты “Беларус”, стваральніка і рэдактара “Летапісу беларускай эміграцыі”. А яшчэ і палітыка: сябры Рады БНР (аўтара праекту Канстытуцыі БНР, не менш!) і Беларуска-Амерыканскага задзіночання… каб у сярэдзіне 1950-х пакінуць тыя арганізацыі і зачыніцца ў сваім доме ў Стэмфардзе, штат Канектыкут.

Гэта быў далёка не першы выпадак, калі нехта рваў сувязь з грамадою. У пераважнай большасці выпадкаў тое быў разрыў адначасна і з беларускай справаю — у высокім значэнні выразу, і з уласнай творчасцю (згадайма, напрыклад, колішняга дырэктара БІНіМа Янку Ліманоўскага). Галяк жа быў цалкам самадастатковай асобаю, якой непатрэбныя знешнія мыліцы, каб заставацца беларусам. Нават болей: менавіта адышоўшы ад згаданых арганізацый, ад усіх тых закалотаў, сварак, інтрыгаў, ён займеў час для стварэння сваіх найгалоўнейшых рэчаў.

Леанід Галяк працаваў шмат, але выдаваць не спяшаўся: пераважная частка яго спадчыны пабачыла свет па смерці аўтара ў 1980 г., дзякуючы намаганням жонкі Раісы і сяброў-паплечнікаў, найперш Васіля Шчэцькі, а таксама Міколы Панькова.

Ягоныя працы застаюцца быццам дасягальнымі, але разам з тым бадай невядомымі, успаміны — не перавыдадзенымі, а імя — проста хіба яшчэ адным у шэрагу іншых на эміграцыі, за якім не стаіць здзейсненае, урэчаісненае. Таму наважымся парушыць спакой стэмфардскага пустэльніка, такі любімы і даражоны ім, і нагадаць пра існаванне ў айчыннай гісторыі яшчэ аднаго дзеяча, вартага памяці на яе скрыжалях.


02-HaliakDakument1948.jpg


Леанід Галяк. З успамінаў пра Беларускую гімназію ў Вільні

Навука ў гімназіі, як і ўва ўсіх школах падобнага тыпу, была ня гэтулькі цяжкая, колькі нудная. Кожны дзень прыгатаўленьне лекцыяў на заўтра, шэсьць лекцыяў амаль кожны дзень, так што вольнага часу было мала. Ужо будучы на ўнівэрсытэце часамі здаралася сьніць кашмарныя сны аб прыгатаўляньні лекцыяў на заўтра ды ўсё зь нейкімі перашкодамі, і ўздыхаць з аблягчэньнем усьведаміўшы, што гэта толькі сон і нічога на заўтра прыгатаўляць ня трэба.

Апрача лекцыяў, у гімназіі было даволі ажыўленае пазалекцыйнае жыцьцё. Быў вучнёўскі хор пад кіраўніцтвам Бэера, Шнаркевіча (таксама настаўнік гімназіі ў малодшых клясах) і Р. Шырмы. Была струнная аркестра пад кіраўніцтвам Дзежкіна, потым зарганізавалася духавая аркестра пад кіраўніцтвам таго-ж Дзежкіна, — пазьней Тэльмашэўскага. Пасьля зарганізаваньня духавой аркестры, усе струнныя інструманты былі перасланыя ў Клецкую гімназію. Адбываліся рэфэраты на літаратурныя і грамадзкія тэмы, суды — літаратурныя і грамадзкія. З судоў прыпамінаю вучнёўскі суд над Соняй Асаевіч і Ірай Кавэрдай, якія дэманстрацыйна ўжывалі расейскую мову. Цікавы выпадак зыходжаньня скрайнасьцяў. С.Асаевіч была камсамолкай, а І.Кавэрда, як выясьнілася потым, расейскай манархісткай. І ў адным, і ў другім выпадку дамінуючым быў момант расейскасьці. Быў суд над літаратурнай постацей — Марцінам Ідэнам, Джэка Лёндана. Разбор Дзёньніка К.Рабцова. Быў вечар пісаньня вершаў на заданую тэму на час. Звычайна вечарыны, што як правіла адбываліся ў суботы, пачыналіся канцэртам ці спэктаклем, — закончваліся-ж танцамі пачынаючы ад Лявоніхі ды так цеснай, што ня было дзе павярнуцца. Найпрыемнейшым днём у цэлым тыдні была субота, калі наперадзе быў яшчэ адзін вольны дзень — нядзеля. Звычайна ў суботы вучні хадзілі вечарам спацыраваць па галоўных вуліцах Вільні. Калі была коўзанка, дык заўсёды ў суботы вечарам, а часамі ў нядзелю, праводзіў час там. Быў нейкі час, пасьля таго як Пятніцкая царква была пераданая ў карыстаньне гімназіі, што пачалі вымагаць абавязковую прысутнасьць на Багаслужбах у суботы ад 6 да 8 і ў нядзелі ад 10 да 12 гадзіны. Нейкі час гэта патрывала, але пазьней спынілася, не памятаю нават чаму. Раз у год усіх прымусова вадзілі да споведзі. […] Скончыў я гімназію ў канцы чэрвеня 1930 года.

Увесь час майго побыту ў гімназіі мы жылі ў доме Тжэцяка, вуліца Крывое Кола № 13. Сям’я Курачкіных вярнулася з бежанства пара месяцаў перад намі. Старэйшы сын Нікадзім пачаў вучыцца ў Беларускай гімназіі, але пасьля другой клясы перайшоў у польскую пачатковую школу і пасьля яе паступіў у польскую гімназію імя А.Міцкевіча. Па гімназіі скончыў мэдыцыну. Другі сын Мікалай паступіў у польскую гімназію ў Вільні, але ня даў рады, пачаў вучыцца ў гімназіі ў Новай Вілейцы, але і там ня даў рады, паступіў на матуральныя курсы Дубіцкага, і там ня даў рады, тады паступіў у беларускую гімназію (перад гэтым я трохі падвучыў яго беларускай мовы), але і тут ня даў рады. У часе нямецкай акупацыі пайшоў партызаніць. Пасьля павароту Курачкіных у Вільню ў іх радзіўся яшчэ адзін сын — Анатоль. Быў няхрышчаны да тае пары пакуль ня трэба было ісьці ў школу. Бацькі ніяк не маглі дагаварыцца, дзе яго хрысьціць, у царкве ці касьцеле. Нарэшце быў ахрышчаны ў касьцеле. У тым памешканьні, дзе мы жылі перад вайною, пасялілася сям’я Ахрэм-Ахрэмовічаў. Сам Ахрэм Ахрэмовіч быў судовым абаронцаю ў Ракаве (каля Радашкавічаў) і меў там фальварак. Сям’я пераехала ў Вільню, каб вучыць дзяцей, а на лета езьдзіла ў свой фальварак. Сам Ахрэм Ахрэмовіч паказваўся ў Вільні вельмі рэдка, а ў доме Курачкіна жыла ягоная жонка і трое сыноў. Самы старшы — Грацыян пачаў вучыцца дзеля наляганьня бацькоў на мэдыцыне, але пасьля году кінуў і перайшоў на мастацкі факультэт які і скончыў. Быў вялікім бібліяфілам і ўсе грошы выдаваў на кнігі, сабраўшы такім чынам вялікую бібліятэку, з якой я старанна карыстаў. Перад вайною, на супалку зь іншым, залажыў на Татарскай вуліцы друкарню, што займалася прыгожымі, мастацкімі выданьнямі.

Другі сын Канрад вучыўся на матуральных курсах, бо быў ужо, дзеля вайны пераросткам, атрымаў матуру і паступіў на праўны факультэт у Вільні. Наймалодшы сын Лявон быў хіба на год старэйшы за мяне. Скончыў гімназію Жыгімонта Аўгуста і вучыўся на аграноміі. Курачкіны і Ахрэмовічы былі мае хатнія сябры, зь якімі я праводзіў вольны час: гулялі ў футбол, пікер і хадзілі купацца.


03-HaliakAutohraf.jpg


У канцы дваццатых гадоў правялі гэтак званую стратэгічную дарогу на зямлі Тжэцяка, дакладна па граніцы з Курачкіным, так што гэтыя два дамы аказаліся аддзеленымі глыбокім выкапам. Калі рабілі гэты выкап, дык дакладна супраць уваходу ў памешканьне Курачкіна знайшлі рэшткі нейкай старой будовы, зробленай з цэглы старога тыпу, вялікай, зазначанай трыма ўскоснымі палосамі. Здаецца архэолёгі гэтым не зацікавіліся і пазьней многа гэтых цэглаў валялася на панадворку Курачкіна.

А цяпер яшчэ агульна пра гімназію. Гімназія была гэтак званага гуманістычнага тыпу, гэта значыць з лацінаю. Іншыя беларускія гімназіі былі рэальнага тыпу, без лаціны. Апрача ўспомненых тыпаў, былі яшчэ ў Польшчы гімназіі клясычнага тыпу з лацінскай і грэцкай мовамі. Беларускіх гімназіяў такога тыпу ня было. Як я ўжо ўспамінаў, вучнёўскія шапкі былі вішнёвага колеру, а з фронту быў бел-чырвона-белы шнурок. За некалькі год, калі дырэктарам стаўся Р.Астроўскі, форма была зьмененая. Колер шапкі зрабіўся шэры і згінулі рагі. На фронце шапкі быў просты кут створаны двума бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. Гэты кут быў без абшыцьця ў першых чатырох клясах, зь серабраным абшыцьцём у пятай і шостай клясах, і з залатым абшыцьцём у сёмай і восьмай клясе. На прастакутніку былі ініцыялы гімназіі. На фронце, ад скроні да скроні ішоў шнурок адпаведнага колеру — белага ў першых чатырох клясах. Дзяўчаты мелі насіць бэрэты, але паволі перайшлі на хлапцоўскія шапкі. Усе польскія гімназіі і частка іншых насіла шапкі французкага тыпу.

З падзеяў школьнага часу прыпамінаю забойства першага прэзыдэнта Польскай дзяржавы Габрыэля Нарутовіча, забітага дня 16 сьнежаня 1922 году мастаком Элігіюшам Невядомскім таму, што быў выбраны таксама і галасамі нацыянальных меншасьцяў на супольным паседжаньні польскага сойму і сэнату. Невядомскі быў зьвязаны з польскай нацыянал-дэмакратычнай партыяй.

У 1926 годзе, у травені месяцы адбыўся ў Варшаве крывавы пуч Язэпа Пілсудскага, які пад лёзунгам аздараўленьня польскага палітычнага жыцьця паклікаў спрыяючыя яму вайсковыя аддзелы супраць ураду тагачаснага прэзыдэнта Станіслава Вайцехоўскага і змусіў яго ад ураду адмовіцца. Пілсудскі быў выбраны прэзыдэнтам дзяржавы, але выбару ня прыняў, — заняў становішча міністра вайны, а фактычна ён кіраваў дзяржавай. Беларусы пачаткова аднесьліся з пэўнай прыхільнасьцю да Пілсудскага, маючы на ўвазе ягоныя некаторыя выказваньні ў 1919-1920 гадох і думаючы, што прыход яго да ўлады прычыніцца да лібэралізацыі польскай палітыкі адносна нацыянальных меншасьцяў. Аказалася аднак інакш, бо палітыка адносна меншасьцяў завастрылася, а пашана да права зьменшылася. Перад пачаткам вайны група пілсудчыкаў пры ўладзе мела толькі адну ідэю — утрымацца пры ўладзе.

У 1925 годзе шырока пачала разьвівацца Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, пад кіраўніцтвам паслоў польскага сойму, — Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, П.Валошына і П.Мятлы. У Вільні фактычнымі кіраўнікамі былі Р.Астроўскі і Антон Луцкевіч. У хуткім часе было 200 тысячаў сяброў Грамады. Палякі пабачылі ў гэтым для сябе небясьпеку і ў студзені 1927 году пачалі масавыя арышты вядучых сяброў Грамады, а 21 сакавіка 1927 году афіцыйна Грамаду забаранілі.

Згары акцыя ліквідацыі Грамады кіравалася міністрам юстыцыі Александрам Мэйштовічам, буйным абшарнікам, які перад Першай Сусьветнай вайною прымаў удзел у польскай дэлегацыі на высьвячэньні памятніка царыцы Кацярыны ў Вільні (відаць, у падзяку за падзел Польшчы). Гэтых удзельнікаў дэлегацыі на высьвячэньне памятніка Кацярыны, палякі насьмешліва называлі “катарыняжэ” (шарманшчыкі). У Вільні ліквідаваў Грамаду пракурор Юзэф Пшылускі.

У 1927 годзе вучань расейскае гімназіі ў Вільні забіў у Варшаве савецкага пасла (полпрэда) Пятра Войкава. Вучань называўся Барыс Кавэрда. Сям’я Кавэрдаў складалася з маці, якая нейкі час была загадчыцай дзіцячага прытулку (беларускага) і траіх дзяцей: успомненага Барыса, Іры — вучаніцы вышэйшай клясы і Людмілы, якая вучылася ў 6-ай клясе разам са мною.

Забойства Войкава нічога супольнага з Беларусамі ня мела, бо было інспіраванае расейскімі манархічнымі коламі, відаць, дзеля ўдзелу Войкава ў экзэкуцыі апошняга расейскага цара з сям’ёю. На наступны год Кавэрдаў у гімназіі ня стала, бо імі заапякаваліся расейскія эміграцыйныя чыньнікі ў Францыі, куды яны і выехалі. Барыс Кавэрда быў асуджаны на працэсе ў Варшаве і сядзеў у турме праўдападобна да вайны 1939 году.

У гімназіі існавала камсамольская арганізацыя, што мела быць публічным сакрэтам. Захоўвалася яна спакойна, прынамсі да часу.

Калі працэс арыштаваных правадыроў Грамады скончыўся прысудам для ўсіх паслоў сойму і многіх іншых, дык былі апраўданыя дырэктар гімназіі Р.Астроўскі, А.Луцкевіч і іншыя. Трэба сказаць, што працэс Грамады быў найвялікшым працэсам, які калі-небудзь адбываўся ў віленскім судзе, як за цара, так і пры польскай акупацыі.

Застаўшыся на волі Р.Астроўскі і А.Луцкевіч ўзьнялі акцыю скіраваную на перагляд справы Грамады і звальненьня ўсіх асуджаных.

Акцыя гэтая знайшла падтрыманьне ў больш лібэральных польскіх колах, што гуртаваліся каля польскай газэты “Кур’ер Віленьскі”. Палякам абяцалася, што пры ўмове зьмены іхняй палітыкі ў адносінах да Беларусаў, — Беларусы ня будуць вымагаць нейкіх прывілеяў, а толькі выконваньня справядлівых законаў канстытуцыі ўзамен за мінімальную дозу ляяльнасьці. Зразумела, што спынілася і тактычнае супрацоўніцтва з камуністамі. Спыненьне супрацоўніцтва адбілася на гімназіі. Калі кампартыя (Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, іншай партыі на тэрыторыі Зах. Беларусі ўключна зь Вільняю ня было), пераканалася, што гімназія ня будзе больш служыць апэрацыйнай базай для камсамолу, дык быў выданы па камуністычнай лініі загад справакаваць у гімназіі як найбольш непарадкаў, каб нахіліць палякаў да зачыненьня гімназіі. У другой палове 1927-28 школьнага году, калі я быў у шостай клясе, вытварылася такая атмасфера, якая прарочыла, што ўсё скончыцца скандалам. Правадыры камсамолу маёй клясы Якуб Міска і Іван Тарасюк зусім не хаваючыся гаварылі аб гэтым. Пэўныя спробы былі робленыя ўжо і тады. Аднойчы мяне запыніў на вуліцы Хведар Ільляшэвіч і сказаў, што пастаноўлена на сягоньня страйк школаў. Пазьней даведаўся, што была такая пастанова кампартыі, у знак пратэсту супроць нечага, а фактычна проба сілаў, проба ўплываў. Заняткі аднак адбыліся, бо прыхільнікаў камсамолу ня было многа. Агульна да канца году давучыліся адносна спакойна.

Прадбачучы, што гімназія можа быць зачыненая дзеля камуністычных скандалаў і ня хочучы цярпець за ідэю, якой я ніколі ня спрыяў, я пастанавіў адыйсьці пакуль час. Падаў я заяву аб прыняцьці мяне ў прыватную польскую гімназію імя Тадэвуша Чацкага, што мясьцілася на Пагулянцы на вуліцы Вівульскага. Здаў эгзамін з польскай мовы і быў прыняты ў сёмую клясу. Тое самае зрабіў і Аўген Быхавец.

Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч, “Будзьма беларусамі!”

[1] Стома, Васіль. Маё мястэчка. Мінск, 2014.

[2] Галяк, Л. Слоўнік юрыдычнай тэрміналёгіі: беларуска-расейска-польскі. Stamford, CT. 1994. 80 с.

[3] Парсіваль: сярэднявяковая лягенда. Ватэнштэт, 1947; Бэдзье, Жазэф. Трышчан ды Іжота. Запісы БІНІМ, №29, 2005. С. 44—132.

[4] Галяк, Л. Паходжаньне літоўскіх князёў. New York: Летапіс. 1983. 42 с.