Самая вялікая колькасць была ў чацвер, калі быў вернуты 101 мігрант.
Латвійскія памежнікі не пусцілі ў краіну 395 мігрантаў. Пра гэта ў эфіры мясцовага радыё заявіў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуяц.
«Да поўначы 15 жніўня мы разгарнулі назад 395 парушальнікаў, праца працягваецца. Былі ідэнтыфікаваныя яшчэ групы, якія хацелі патрапіць у Латвію, таму гэты працэс непарыўны. Самая вялікая колькасць была ў чацвер, калі быў вернуты 101 мігрант. Кожны дзень больш за 50 чалавек памежахова не прапускае ў краіну або вяртае назад», — сказаў ён.
Ён таксама растлумачыў, як дзейнічаюць пагранічнікі. Калі мігрантаў спыняюць у момант перасячэння мяжы, ім тлумачаць, што яны парушаюць закон і просяць адмовіцца ад здзяйснення правапарушэння. У выпадку непадпарадкавання парушэнне мяжы спыняецца. Пуяц заявіў, што кожны выпадак ацэньваецца індывідуальна. Ён дадаў, што мігрантаў выцясняюць і з Беларусі.
«Яны кажуць, што хочуць як мага хутчэй вярнуцца назад дадому ў Ірак, што яны не хочуць у Латвію, але іх гоняць з боку Беларусі праз мяжу сілай. Але мы ім кажам, што гэта не Беларусь, і не Ірак і вяртаем іх назад», — сказаў кіраўнік ДПА.